Дом, які стаў сваім. Год дзейнасці Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў пацвердзіў: чужыя людзі могуць замяніць сям’ю

Увага і падтрымка – тое, што неабходна і здаровым, і людзям  з абмежаванымі магчымасцямі

Чужыя людзі могуць замяніць сям’ю. Год дзейнасці Крывошынскага псіханеўралагічнага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў пацвердзіў гэта. Урачыстае адкрыццё ўстановы адбылося ў лістападзе мінулага года пры ўдзеле міністра сацыяльнай абароны Ірыны Касцевіч і іншых адказных асоб. Госці выказвалі шчырыя пажаданні, каб установа стала для пастаяльцаў сапраўдным домам.
Днямі карэспандэнты «ЛВ» пабывалі ў Крывошынскім доме-інтэрнаце разам з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Людмілай Жалнерчык і пераканаліся ў спраўджанні наказаў.

Адрас увагі – Рэпіхаўская, 3

Спыняемся па адрасе ўстановы на вуліцы Рэпіхаўскай, 3, і да нас адразу накіроўваецца вартаўнік. Заходзім у двор. Навокал добра-
ўпарадкаваная тэрыторыя, вымашчаныя пліткай дарожкі, кустоўе і кветкі – прыгожа і акуратна.
Абсталяванне як унутры, так і звонку прадумана да дробязяў і з боку эстэтычнага, і функцыянальнага.
З улікам эпідсітуацыі, карэспандэнтам «ЛВ» і гасцям прапаноўваюць выканаць санітарную працэдуру: апрацаваць рукі антысептыкам, апрануць спецадзенне і змераць тэмпературу цела.
Сёння ў доме-інтэрнаце заняты 59 ложка-месцаў са 110, прызначаных для людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Малодшаму пастаяльцу 22 гады, старэйшаму – 76. Сюды яны прыбылі з Гарадзішчанскага, Косаўскага, Жабінкаўскага і іншых дамоў-інтэрнатаў Брэстчыны, псіхіятрычных бальніц.

Як дома і нават лепш

У кожным пакоі, дзе суседнічаюць звычайна па чатыры чалавекі, па-дамашняму ўтульна і камфортна: зручныя ложкі з прыгожай бялізнай, дываны на падлозе, тумбачкі, шафы. Тэлеперадачы звычайна глядзяць калектыўна ў асобным памяшканні. Маецца і бібліятэка з наборам кніг і перыёдыкі.
У зале ЛФК падапечныя дома-інтэрната не толькі займаюцца на трэнажорах, але і гуляюць у шашкі-шахматы, майструюць і займаюцца рукадзеллем. На вуліцы для прагулак устаноўлены альтанкі і лаўкі.
Ладзяцца і мерапрыемствы. Дырэктар Крывошынскага сельскага Дома культуры і па сумяшчальніцтве культарганізатар дома-інтэрната Вольга Свянтэцкая дзеліцца, што з тутэйшымі жыльцамі працуе нядаўна, але разам ужо арганізавалі канцэртныя праграмы да Дня медработніка, Дня маці. З газеты робяць разнастайныя кошычкі, шкатулкі і г. д. Падабаецца ствараць падарункі з кардону і гафрыраванай паперы, іншыя прыгожыя рэчы.
– На занятках мы не толькі робім цудоўныя сувеніры, але і шмат размаўляем на розныя тэмы. Атрымліваюцца такія ўтульныя сяброўскія пасядзелкі. Прапаноўваю, што будзем рабіць, а мае сябры выказваюць свае пажаданні. Старанна выконваюць карпатлівую работу і вельмі радуюцца, калі адкрытка прыгожая, ваза з паперы, як сапраўдная. Праз рукадзелле, вырабы пастаяльцы праяўляюць сваю індывідуальнасць, – адзначае культарганізатар.
Кожны з пастаяльцаў можа знайсці сабе занятак па інтарэсах, дзякуючы якому не адчувае сябе адзінокім.
Адным з напрамкаў сацыяльнай рэабілітацыі састарэлых і людзей з інваліднасцю з’яўляецца працатэрапія. Пад кіраўніцтвам спецыяліста па ЛФК Алены Лазоўскай падапечныя задзейнічаны ў добраўпарадкаванні тэрыторыі і яе прыбіранні, праполцы кветкавых клумбаў і г. д.

Медагляд і сястрынскі клопат

Жыльцы дома-інтэрната пастаянна пад наглядам урача, фельчара і медсёстраў (сярод якіх маюцца і мужчыны), плюс дапамога санітараў. Медабслугоўванне ўключае сістэматычны агляд, аказанне першай дапамогі, накіраванне хворых на лячэнне ў бальніцу і г. д.
Кіраўніцтва дома-інтэрната не спыняецца на такім пераліку. Уведзена ў дзеянне аптэка з пакоем для захоўвання псіхатропных і наркатычных сродкаў (атрымалі на гэта ліцэнзію). Што гэта дае жыльцам? Зараз медперсанал мае права аказаць некаторыя медпаслугі без накіравання ў псіхіятрычную бальніцу. У планах –
і адкрыццё фізіятэрапеўтычнага пакоя. Старшая медыцынская сястра Вольга Вайшэвіч падкрэслівае, што ўжо набыты фізіятэрапеўтычныя апараты: магніта- і УВЧ-тэрапіі, інгалятары, ультрагуку.
Маецца ўласная пральня з дзвюма прафесійнымі машынкамі загрузкай на 25 кілаграмаў кожная. Плюс сушыльны апарат і прасавальны прэс.
Чысціня і парадак – асобны важкі штрых у раскладзе сацустановы, дзе гэтыя складнікі арганізаваны з медыцынскай стэрыльнасцю і гаспадарскім падыходам.
Раніца тут пачынаецца ў 7 гадзін. Часам да сняданка, які тут а палове дзявятай, кожны распараджаецца па ўласным жаданні.
Гатуюць для падапечных дома-інтэрната ў аблпсіхбальніцы, дзе зроблены капітальны рамонт харчаблока. Карэспандэнт вывучыў меню аднаго з дзён – стравы разнастайныя. Раніцай на стале была каша грэцкая з маслам, яйка варанае і какава з малаком. Абед складаўся з супу, галубцоў і кампоту з чарнасліву. Падвячорак такі: зефір, запяканка з тварагу, плюс яблык і сок. На вячэру давалі капусту тушаную, мінтай адварны, чай з малаком і ёгурт. «Камплект» на дзень збалансаваны і спажыўны.

Дзень заўтрашні


Дырэктар установы Алег Траццяк увесь час адказна сачыў за ходам капітальнага рамонту. Таму дакладна ўяўляе, што яшчэ патрабуецца, каб людзям з абмежаванымі магчымасцямі аказвалася належная дапамога і былі створаны неабходныя ўмовы.
– Сёлета заклалі сад, дзе пасадзілі вішні і слівы, будуць яшчэ яблыні з грушамі і іншымі культурамі. На наступны год разаб’ём грады. Усяляк набліжаем умовы да дамашніх. Плануем набыць электрапад’ёмнік, каб нашы жыльцы з другога паверха маглі бываць на прагулках. Наш дом-інтэрнат – дзяржаўная ўстанова сацыяльнага абслугоўвання, дзейнасць якой накіравана на арганізацыю і аказанне сацыяльных паслуг. У адпаведнасці са статусам і ажыццяўляем сваю дзейнасць, але ўмовы набліжаем да дамашніх, – адзначае Алег Траццяк.
З радасцю сустрэлі ў доме-інтэрнаце навіну пра тое, што ірландскі дабрачынны фонд выдаткаваў установе 5000 еўра.
Сродкі гэтыя будуць накіраваны на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, а таксама набыццё гульнявога і спартыўнага абсталявання, добраўпарадкаванне гульнявой і спартыўнай пляцовак.

Сямейны дух

Аснова ўсяму – кадры. Алег Траццяк падкрэслівае:
– У нас няма выпадковых лю-
дзей – вопытныя, надзейныя, адказныя. Вялікую ўвагу надаём прафесіянальнай падрыхтоўцы. Для гэтага, у тым ліку, вывучаем вопыт іншых падобных устаноў.
Атмасфера камфорту і клопату ў Крывошынскім доме-інтэрна-
це – заслуга ўсяго калектыву, у якім налічваецца на сёння 51 работнік. Пры павелічэнні колькасці пражываючых зменіцца і колькасць працуючых.
Кантынгент установы – людзі з асаблівым лёсам і дыягназам (дэменцыя, шызафрэнія і г. д.), клопат пра якіх узяла на сябе дзяржава. Фармальны падыход да абавязкаў тут непрымальны. Калектыў жыльцам замяняе родных і сяброў. У некаторых з пастаяльцаў сям’і няма, іншых часам наведваюць сястра ці брат. У кожнага быў свой шлях у сацыяльную ўстанову, дзе мужчыны і жанчыны з абмежаванымі магчымасцямі знайшлі дапамогу, разуменне і клопат.
…На вуліцы цішыня, недзе трэснула галінка, узмахнула крыламі птушка. Часта ў мітусні жыцця не заўважаем простых рэчаў, з якіх складваецца шчасце. І яно не ў багацці – у радасці жыць, мець магчымасць збірацца за вялікім сталом усёй сям’ёй, быць здаровым. І гэта найвялікшая каштоўнасць!

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.