Элегантная кампанія. ТАА «Кампазітная Кампанія» другі раз увайшло ў лік пераможцаў нацыянальнага конкурсу «Прадпрымальнік года»

Дырэктар прадпрыемства  Аляксей Клявец

«Упакаваная» ў дарожную плітку невялікая, як для сваіх, аўтапаркоўка, грунтоўныя, па-мастацку выкананыя, «разумныя» ўязныя вароты. За імі «хаваецца» тэрыторыя двух суб’ектаў гаспадарання прыватнай формы ўласнасці, адзін з якіх – таварыства з абмежаванай адказнасцю «Кампазітная Кампанія» – і з’яўляецца аб’ектам нашай пільнай увагі і здаровай цікаўнасці.

Ліцейшчыкі Алёна Каролік і Аляксандр Хмарук.

Паспяховы старт –  пераможны працяг
Народжаная ў 2013-м, фактычна з нічога за кароткі час кампанія здолела ўзяць удалы старт, раскруціцца ў сваіх вытворча-камерцыйных амбіцыях і паспяхова прадаўжае шлях у аднойчы абраным  напрамку. Спецыялізацыяй «Кампазітнай Кампаніі» з’яўляецца вытворчасць вырабаў з пластычных мас, у чым дасягнула нямалага. І ў плане развіцця-пашырэння асноўнага напрамку дзейнасці, і што тычыцца прызнання. У тым ліку сярод прафесіяналаў, на высокім рэспубліканскім узроўні. Ці не пра гэта сведчыць факт заваявання ляхавіцкім таварыствам з абмежаванай адказнасцю перамогі ў нацыянальным конкурсе «Прадпрымальнік года»?
Дыплом пераможцы конкурсу быў уручаны «Кампазітнай Кампаніі» яшчэ ў 2016-м у конкурснай намінацыі «паспяховы старт» па выніках работы ў папярэднім годзе. Гэта азначае, што праз пару гадоў з заснавання кампанію не проста заўважылі – прызналі адным з чэмпіёнаў рэспубліканскага прадпрымальніцкага алімпу.
Цяпер ужо 2020-ы. Той жа «Прадпрымальнік года», тая ж «Кампазітная Кампанія» і такі ж дыплом пераможцы. Адзінае, што загучала па-іншаму – намінацыя: «эфектыўны бізнес у сферы вытворчасці».

Адзін работнік, адзін станок, «паўтара»  наймення вырабаў

Такой элегантнай «Кампазітная Кампанія» стала, канешне ж, не адразу.
– Пачыналі, у літаральным сэнсе, з аднаго далёка не новага і ніколькі не сучасных патрабаванняў станка. Вучыліся самі, вучылі абслугоўванню і рабоце на ім сваіх работнікаў, якіх на самых першых этапах праекта было адзін-два чалавекі. Такімі ж лічбамі – адна-дзве пазіцыі – характарызаваўся пералік найменняў вырабляемай намі прадукцыі. Этап станаўлення працягваўся прыкладна пяць няпростых і неспакойных гадоў. Працаваць даводзілася цэлымі днямі, а нярэдка і па начах. І нават калі адпачываеш, думаеш пра работу, – узгадвае нядаўняе былое дырэктар і адзін з заснавальнікаў ТАА «Кампазітная Кампанія» Аляксей Клявец.
«КК» сёння – гэта іншыя стандарты і фармат вытворчасці, значна пашыраны, у параўнанні з тым, з чаго пачыналі, наменклатурны пералік вырабляемых тавараў, «свежы» станочны парк, новая культура працы, людзі.
– У аснове любой кампаніі стаяць людзі. Ніякія не асноўныя фонды разам з абаротнымі сродкамі, а працоўны калектыў, персанал – наш асноўны капітал. Зараз на прадпрыемстве працуе больш за два дзясяткі чалавек. Невялікая, але каманда, кожны з якой прафесіянал на сваім месцы, пра кожнага можна сказаць добрае слова – заслужылі. Калі ж з многіх выбіраць некаторых, то адзначу галоўнага бухгалтара Алену Юрлевіч, якая з самых першых дзён у нас пацвярджае свой высокі прафесіяналізм. Так што за «бухгалтарскія балансы» можна не хвалявацца – будуць складзены абсалютна дакладна, прадстаўлены дакладна па часе. Юрысконсульт кампаніі Данута Калацкая паспявае спраўляцца з шэрагам не сумежных работ. Так бы мовіць, у інтарэсах «Кампазітнай Кампаніі»: за ёй і ахова працы, і экалогія, і мытнае суправаджэнне ўсіх нашых замежных здзелак. Адзначу таксама Дзмітрыя Сліву. Характарыстыка «майстар залатыя рукі» – гэта, у тым ліку, і пра нашага майстра па рамонце і абслугоўванні будынкаў і збудаванняў. Можа ўсё, аднолькава выдатна працуе што з драўнінай, што з металамі, здатны на любыя будаўнічыя работы-падрады, – гаворыць у адрас свайго падначаленага дырэктар.

На адходах,  але без адходаў
Разгорнуты спіс наменклатуры вырабаў «Кампазітнай Кампаніі» змяшчае  27 пазіцый. Утулкі, заглушкі, апоры, скобы, накрыўкі, вугалкі і іншыя заглушкі з пласцінамі розных тыпаў, памераў і сфер выкарыстання складаюць вытворча-таварны арсенал кампаніі. Разнастайныя па сутнасці, агульным для ўсяго гэтага багацця тавараў з’яўляецца зыходны матэрыял, састаў з якога былі выраблены. «Кампазітная Кампанія» на 90 працэнтаў працуе з другаснай сыравінай – прадуктам перапрацоўкі пластмасавых адходаў. Апошнія адрозніваюцца ад аналагічных бытавога выкарыстання больш складанай хімічнай формулай. За месяц работы фірма «спажывае» больш за два дзясяткі тон перапрацаванай сыравіны, якая на выхадзе з цэхаў кампаніі набывае сваю фірменную форму, мае сваю ж камерцыйную вагу і сетку спажыўцоў як у Беларусі так і за межамі сінявокай.
– Палову сваёй гатовай прадукцыі прадпрыемства экспартуе ў Расійскую Федэрацыю, і столькі ж застаецца дома, у межах сваёй рэспублікі, – адзначае  Аляксей Клявец.
Пры гэтым – важны момант: працуючы ў 90-працэнтнай большасці на перапрацаваных адходах, сама «Кампазітная Кампанія» не дапускае ў сваёй вытворчасці ні кілаграма адходаў. Мае месца поўная рэкуперацыя: кожны гатовы выраб-неліквід, аблой пластмасы, утвораны ў працэсе ліцця, запускаецца на новае кола вытворчасці. Такім чынам, «Кампазітная Кампанія» – гэта яшчэ і безадходная вытворчасць.
Сваю сыравіну прадпрыемства пакуль набывае ў перапрацоўшчыкаў.  Часам не без праблем і па нятаннай цане. Але ключавым, у даным кантэксце рэчаў, з’яўляецца слова «пакуль». Кампанія рыхтуецца, імкнецца і збіраецца атрымаць ліцэнзію на перапрацоўку прамысловых другасных адходаў у патрэбную сабе сыравіну.
– З рэалізацыяй гэтага праекта прадпрыемства стане менш залежным ад пастаўшчыкоў. Па прычыне змяншэння сабекошту гатовай прадукцыі і, адпаведна, адпускной цаны стане больш канкурэнтаздольным. З’явяцца дадатковыя працоўныя месцы, што ў сацыяльным плане дастаткова важна, – разважае на перспектыву Аляксей Клявец.

Пад дахам  дома свайго
Лакацыя ў так званай прамысловай зоне Ляхавіч стала для «Кампазітнай Кампаніі» сваёй адносна нядаўна.
У 2018 годзе выкупілі стаўшы непатрэбным былым гаспадарам будынак, адрамантавалі пад сябе, абнавілі асобныя інжынерныя камунікацыі, устанавілі станкі-аўтаматы ў якасці асноўнага абсталявання – і пайшла работа. Што называецца, у новых, «элегант-
ных» сценах, дзе для работнікаў створаны ўсе неабходныя санітарна-бытавыя ўмовы, і ў такім жа элегантным перманентна абнаўляемым вытворчым фармаце.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.