Свяціць ярка. Валанцёры-ляхавічане ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Брэсцкай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа

З сябрамі і сонца ярчэй свеціць. Такімі «агеньчыкамі» ў жыццёвым кругазвароце для некаторых нашых землякоў з’яўляюцца валанцёры медыка-сацыяльнай службы «Дапамога», якая дзейнічае ў раёне з 2010 года. На іх папячэнні знаходзяцца 19 чалавек з цяжкімі захворваннямі.

У камандзе з валанцёрамі працуюць сёстры міласэрнасці раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа. У многіх сяброў Чырвонага Крыжа няма медыцынскай адукацыі. Але, каб набыць прадукты ці забраць з паліклінікі рэцэпт, а пасля набыць па ім лякарства, дыплом медсястры не патрабуецца. Неабходны суперажыванне, спагада і шчырае жаданне дапамагчы.
Валанцёры не першы год разам з іншымі калегамі працягваюць руку дапамогі тым, хто апынуўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі і без падтрымкі іншых ніяк не можа.
Асабліва іх вопыт і ўменні запатрабаваны падчас пандэміі каранавіруса. У Ляхавіцкай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа арганізавана тэлефонная лінія 6-67-97, на якую звяртаюцца адзінокія і адзінока пражываючыя грамадзяне.
– Акрамя дапамогі па доме, нашы валанцёры аказваюць і псіхасацыяльную падтрымку. Пажылым людзям часта важна, каб іх выслухалі і пацікавіліся справамі. Многія з нашых памочнікаў прайшлі навучанне па аказанні першай меддапамогі. А перад тым, як наведваць сваіх падапечных, усе абавязкова забяспечваюцца сродкамі санітарнай абароны. А яшчэ праводзяць інфармацыйную кампанію па прафілактыцы захворвання каранавіруснай інфекцыяй, – адзначае старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.
Добрыя справы Чырвонага Крыжа не адзінкавыя і добра вядомы, у тым ліку ў нашым раёне. Напрык-лад, ляхавіцкія валанцёры арганізоўвалі акцыю «Спякота-2021», калі ўлетку размясцілі на гарадскім пляжы стойку з халоднай пітной вадой. У сцюдзёную зіму сустракалі з чаем і кавай вадзіцеляў на аўтадарозе. Пачатак навучальнага года, Новы год і многія іншыя даты і падзеі валанцёры Чырвонага Крыжа імкнуцца ўпрыгожыць сваёй увагай.
Сярод нераўнадушных людзей і валанцёры Жанна Прывольнева і Наталля Усенка (на здымку), якія ў дабрачынным руху не першы год.


За значны ўклад у дасягненне мэтаў і рашэнняў задач Беларускай арганізацыі Чырвонага Крыжа, актыўную валанцёрскую дзейнасць старшыня пярвічкі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Жанна Прывольнева і старшыня пярвічкі ясляў-сада №1 Наталля Усенка ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі Брэсцкай абласной арганізацыі Чырвонага Крыжа.
Усяго на Ляхавіччыне валанцёрскі рух аб’яднаў 186 дарослых і дзяцей, якія працуюць у розных сферах, вучацца ў навучальных установах і паспяваюць сэрца аддаваць людзям.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

3 снежня для падапечных аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН дзень адметны, калі ў іх адрас гучаць пажаданні моцнага здароўя, калі ім дораць падарункі. Усё гэта было і падчас урачыстай сустрэчы «Напоўнім сэрцы дабрынёй», арганізаванай супрацоўнікамі аддзялення. Атрымалася вельмі цёпла і сардэчна.
Традыцыйна напярэдадні Дня інвалідаў праходзіць акцыя «Агонь душэўнага цяпла», у якой прымаюць удзел нераўнадушныя землякі. Сярод іх індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Касянкова. Яна ўручыла наведвальнікам аддзялення падарункі. Ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа віншавалі валанцёры Жанна Прывольнева і Наталля Усенка. Раённая арганізацыя грамадскага аб’яднання Беларус-кага таварыства інвалідаў таксама далучылася да святочнай падарункавай місіі.
Галоўны спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука ўручыла сябрам аддзялення дзённага знаходжання тэматычныя буклеты «Ляхавіцкі край запрашае», перадала сюды пашпарт турыста, усе разам з цікавасцю паглядзелі дакументальны фільм пра турыстычны патэнцыял Ляхавіцкага раёна.


Дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская падкрэсліла, што наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў – людзі вельмі таленавітыя і добразычлівыя. Дзякуючы вялікай сіле духу і волі, асабліваму ўнутранаму стрыжню яны вызначаюцца ў многіх сферах жыцця, становяцца прыкладам стойкасці. І ў нашых сілах аказаць ім падтрымку і працягнуць руку дапамогі, калі яна спатрэбіцца людзям з інваліднасцю.