Экскурсія за прафесіяналам. На экскурсію па гісторыі Ляхавіцкай фартэцыі запрашае прафесіянал-экскурсавод

На экскурсію па гісторыі Ляхавіцкай фартэцыі запрашае прафесіянал-экскурсавод Віталій Толкач

Ляхавіччына турыстычная з кожным днём становіцца ўсё прывабней і прывабней для гасцей горада і раёна. Асабліва радуе тое, што ляхавічане – і юныя і дарослыя – пра культурна-гістарычную спадчыну клапоцяцца і ашчадна збіраюць звестачкі пра наш маляўнічы куток Беларусі. А нам сапраўды пашанцавала жыць на такой унікальнай зямлі.

І вось днямі ў турыстычным жыцці Ляхавіччыны прагучала вельмі прыемная навіна. Настаўнік СШ № 2 Віталій Толкач атэставаны на кваліфікацыю «экскурсавод». У мінулы чацвер такая інфармацыя паступіла прама, як гаворыцца, з месца падзей, – з Нацыянальнага агенцтва па турызме. Віталій Толкач прадставіў на суд экзаменацыйнай камісіі экскурсійны маршрут па нашым горадзе. Дакладней, па гісторыі Ляхавіцкай фартэцыі –  «Ляхавічы. З глыбіні стагоддзяў».
Такая экскурсія працягласцю  2,5 кіламетра разлічана на паўтары гадзіны, калі ісці пешшу. Як адзначаецца ў тэхналагічнай карце (яе абавязкова неабходна рыхтаваць для зацвярджэння турмаршруту), пешаходная экскурсія прысвечана гісторыі былога Ляхавіцкага замка. І хоць сёння такую архітэктурную каштоўнасць з яе няпростым лёсам захаваць не было магчымасці, удзельнікі экскурсіі змогуць пазнаёміцца з тэрыторыяй, на якой некалі размяшчалася фартэцыя, рэшткамі замкавага падзямелля, рова, памятнымі аб’ектамі на тэрыторыі горада, узведзенымі ў гонар умацавання.
Як адзначае Віталій Толкач, сярод мэт экскурсійнага маршруту – садзейнічанне пашырэнню кругагляду і фармаванню грама-дзянскай пазіцыі. Менавіта праз такія ўнікальныя факты, падзеі, гістарычныя звесткі выхоўваецца пачуццё гонару за сваю краіну, за яе месца ў гісторыі, любоў да роднай краіны, свайго народа. Важна прыцягнуць увагу да гісторыі роднай краіны і выклікаць цікавасць да яе вывучэння.
З аўтарам турыстычнага маршруту нашы чытачы добра знаёмы –  гэта не проста патрыёт сваёй краіны, які з захапленнем і з зайздросным жаданнем паглыбляецца ў гісторыю Бацькаўшчыны, яшчэ і прывучае і далучае да сваёй працы вучняў. Як настаўнік гісторыі і грамадазнаўства, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, кіраўнік школьнага музея баявой і працоўнай славы Віталій Аляксандравіч з гонарам можа дадаць да гэтага багатага спісу і званне экскурсавода.
Як адзначае спецыяліст райвыканкама Таццяна Шчука, прафесійную атэстацыю Віталій Толкач вытрымаў годна. Прадставіў Ляхавіччыну ўласным праектам, здаў атэстацыйны экзамен, які ўключае камп’ютарнае тэсціраванне і вусную размову. Справа ў тым, што праводзіць экскурсію па раёне і канкрэтным маршруце можа толькі атэставаны экскурсавод. Цяпер у нашым раёне два спецыялісты такога профілю – Наталля Скрыпнік і Віталій Толкач.
– І хоць Ляхавіччына – гэта не месца, дзе я нарадзіўся, але адназначна магу сказаць, што гэты куток зямлі займае асаблівае месца ў маім сэрцы, другая радзіма. Сапраўды, для гісторыка Ляхавіччына каштоўная, мне пашанцавала працаваць і жыць тут. Я датыкаюся да гісторыі гэтага краю, вывучаю багатае мінулае. Мае вучні неаднойчы цікавіліся гісторыяй Ляхавіцкай фартэцыі на ўроках. Магчыма, менавіта яны і натхнілі мяне на стварэнне гэтага турыстычнага маршруту, – расказвае Віталій Толкач.
Адточаны турыстычны  маршрут і дапамог Віталію Аляксандравічу атрымаць званне экскурсавода. Сапраўды экскурсійны маршрут – гэта вялікая праца. Не толькі ў ідэальна  падрыхтаваным гістарычным матэрыяле. Экзаменацыйная камісія шмат увагі надавала тэмбру, гучнасці і тэмпу голасу, хуткасці размовы, акцэнт робіцца і на жэстыкуляцыю, нагляднасць падчас экскурсіі – неад’емны аб’ект. Асаблівы этап турмаршруту –  адказы на пытанні зацікаўленых турыстаў. І гэта ўсё па сілах цяпер ужо нашаму земляку Віталію Толкачу, які бязмерна любіць  Беларусь і даказвае гэта на  справе.

Маргарыта КУХТА.
Фота з архіва СШ № 2.