Зорка Генрыха Траццяка

Ён стаў героем у мірны час – Герой Сацыялістычнай Працы Генрых Траццяк. І, мусіць, ужо толькі гэтага факта дастаткова, каб сцвярджаць: лёгкіх шляхоў ніколі не шукаў, не эканоміў ні фізічных, ні душэўных сіл, меў ідэю і ёй прысвячаў пошук, які патрабаваў ведаў, вопыту, настойлівасці і многіх іншых якасцяў характару. Ідэя Траццяка – важкі колас на роднай ніве. І тады, многія дзесяцігоддзі назад, у яго, маладога старшыні калгаса імя Ламаносава, кандыдата сельскагаспадарчых навук атрымалася тое, што і сёння, пры сучасных тэхналогіях, не ўсім земляробам падуладнае.
Неспакойны, нераўнадушны чалавек Генрых Міхайлавіч. У сваім даволі паважаным узросце ён застаецца маладым душою,  са шматлікімі памкненнямі, жаданнямі і марамі. Стаў гаспадаром былой сядзібы паноў Бохвіцаў,  і ажывае гэта блаславеннае мястэчка. Сама гісторыя прапісана тут. Яе поўна і пад дахам велічнай пабудовы, яна шапоча моваю векавога дуба, што быў пасаджаны ў маёнтку вядомай пісьменніцай Элізай Ажэшка. Усё гучней чытаюцца гэтыя гістарычныя старонкі ў многім дзякуючы намаганням Генрыха Траццяка. А добраахвотнымі памочнікамі ў яго сталі і навучэнцы ЛДАКа, і ЗАТ «Гандлёвы Дом  «Фермент», і іншыя. Хаця першай у гэтым спісе па справядлівасці трэба назваць верную спадарожніцу жыцця Генрыха Міхайлавіча, яго натхняльніцу-жонку Ларысу Паўлаўну.
Наш герой гасцінна запрашае ў свае ўладанні землякоў. Летась, напрыклад, тут прайшлі першыя Флер’яноўскія літаратурныя чытанні, арганізаваныя бібліятэчнымі работнікамі раёна. Ён жа марыць стварыць тут музей, і работа гэта ідзе. А яшчэ Генрых Міхайлавіч абраны членам прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі, якую, дарэчы, узначальваў на працягу дзесяцігоддзя. Такі ён, наш шаноўны зямляк, вельмі заслужаны і паважаны чалавек з хранічна маладой душой.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Ганаровай граматай раённага выканаўчага камітэта за актыўную грамадскую дзейнасць, вялікі асабісты ўклад у развіццё ветэранскага руху, патрыятычнае выхаванне моладзі і ў сувязі з 80-годдзем узнагароджаны Герой Сацыялістычнай Працы, член прэзідыума раённай ветэранскай арганізацыі Генрых ТРАЦЦЯК. Узнагароду юбіляру ўручыў кіраўнік раёна Вячаслаў Сельмановіч.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *