Ану, дзяўчаты! Юныя ляхавічанкі маюць свой погляд на маладзёжнае лідарства

Лідарская жоўтая майка, граматы за актыўнасць, мноства  незабыўных  уражанняў і яркіх эмоцый – з такім багажом  вярнуліся з  “Зубраняці”  юныя ляхавічанкі Анастасія Богдан і Ульяна Гусакоўская, якія ўдзельнічалі ў рэспубліканскім форуме “Маладзёжнае лідарства: сучасны погляд”.
У Нацыянальным адукацыйным цэнтры “Зубраня” сабраліся больш за 350 пераможцаў творчых  конкурсаў і прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў, лаўрэаты спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь  па падтрымцы таленавітай моладзі з усёй краіны.

Сустрэчы з прадстаўнікамі ўлады і дэпутатамі парламента, абмен меркаваннямі, лекцыі і адукацыйныя праекты, прэс- і відэаканферэнцыі – гэта і многае іншае ўвайшло ў праграму першага  форума, мэта якога – дапамагчы раскрыцца юнакам і дзяўчатам у розных сферах жыцця.

– Колькі ўсяго цікавага было за тыдзень! Мне асабліва запомніўся адкрыты дыялог з міністрам адукацыі Ігарам Карпенкам. Таксама я ўдзельнічала ў рабоце тэматычнай  пляцоўкі  “Моладзь за якасную адукацыю”, – расказвае    Насця Богдан.

Дзевяцікласніца гімназіі, школьная актывістка, юнкор, піша ў гімназічную газету “Дзянніца”, удзельнічае ў бээрэсэмаўскіх акцыях, валанцёрскім руху. На ўсё, у тым ліку і вучобу (яна выдатніца) хапае часу, энергіі і жадання. У “Зубраняці” Насця чарговы раз абараняла сваю навукова-даследчую работу “Лінгвістычныя асаблівасці  англійскага гумару  і спосабы яго перакладу на рускую мову”, якую напісала з дапамогай  настаўніцы замежных моў гімназіі Вікторыі Салаўёвай.  За актыўны ўдзел у рабоце форума адзначана граматай.

– Спадабаліся майстар-класы па прыкладным мастацтве. Разам з іншымі прадстаўнікамі Брэстчыны цікава прэзентавалі нашу вобласць: складалі вершы, танцавалі. Наша пляцоўка называлася “Жыві для творчасці, стварай  для жыцця”. Упершыню пабывала ў “Зубраняці”, і мне спадабалася! – дзеліцца ўражаннямі  Ульяна Гусакоўская.

Дзяўчынка займаецца ў гуртку “Кветкавая фантазія” цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Пад кіраўніцтвам педагога Марыны Баргамон стварае прыгожыя кампазіцыі, якія не засталіся не заўважанымі на розных выставах. Работа Ульяны была адзначана спецыяльным прызам  у фінале рэспубліканскага конкурсу “Калядная зорка”. Таленавітая дзяўчынка –  пераможца абласнога этапу конкурсу “Прывітанне, мірнае лета!”.

Першы форум, галоўная мэта якога – стварэнне ўмоў для развіцця сацыяльнай актыўнасці, патрыятызму, лідарскага патэнцыялу моладзі, ляхавіцкім удзельніцам спадабаўся і запомніўся.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *