Брыкетны алгарытм. Жыхар Ляхавіцкага раёна паскардзіўся, што не можа прывезці брыкет

Кожны, хто звяртаецца за дапамогай да прадстаўнікоў органаў улады розных узроўняў, лічыць свой запыт важным. Таму да кожнага заяўніка неабходна ставіцца ўважліва, дасканала разбірацца ў пытанні і імкнуцца дапамагчы. Як паказвае практыка, многія праблемы, паднятыя землякамі ў зваротах у розныя інстанцыі, вырашаюцца без асаблівых намаганняў.

На адну з нядаўніх прамых тэлефонных ліній, што праводзіў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, патэлефанаваў жыхар вёскі Вялікае Гарадзішча. Пытанне ў земляка самае што ні ёсць сезоннае: вясковец паскардзіўся, што не можа прывезці брыкет. Прычына, па яго словах, у тым, што на ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» ўстаноўлены ліміт, і дастаўку брыкетаванага паліва яму абяцаюць толькі ў студзені 2022 года. А калі зіма акажацца сцюдзёнай, і рэшткаў мінулагодняга прывозу брыкету не хопіць, чым жа тады паліць печ?
Забягаючы наперад, адзначым: узнятае пытанне было вырашана аператыўна. Аднак «ЛВ» паспрабаваў разабрацца і нагадаць чытачам алгарытм дзеяння, калі такая сітуацыя напаткае кагосьці яшчэ.
– Адзін раз на працягу года кожны  вясковец і гараджанін мае права па льготным тарыфе атрымаць тры тоны брыкету або 4,9 кубаметра дроў пры ўмове, што ў яго пячное ацяпленне або кацёл на цвёрдых відах паліва. Прычым зрабіць прывоз можна як асабістым транспартам, так і транспартам КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Схема наступная: грамадзянін звяртаецца з заявай, можна і ў вуснай форме, у сельвыканкам, адкуль яна паступае ў жылкамунгас, – расказвае старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак. – Адзначу, што ў нашым сельсавеце сёлета амаль напалову павялічыўся попыт на брыкет. Напэўна, сваю ролю адыграла мінулагодняя халодная зіма, і вяскоўцы зрасходавалі больш пячнога паліва.
Так што ўсе брыкетныя шляхі вядуць у камунгас, які апошнім часам узяў на сябе функцыі райпалівазбыта.
– Мы фарміруем чаргу згодна з пададзенымі заяўкамі з сельсаветаў і з горада. І прыкладна на працягу тыдня пасля падачы заяўка вырашаецца станоўча, для гэтых мэт транспарту ў нашай арганізацыі дастаткова, – патлумачыла спецыяліст па рэалізацыі цвёрдых відаў паліва КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Вераніка Русіна.
– Наша прадпрыемства не працуе з фізічнымі асобамі, толькі з юрыдычнымі, продаж брыкету насельніцтву мы напрамую не вядзём. Штодня адгружаем Ляхавіцкаму камунгасу па 20 тон брыкету для далейшай рэалізацыі насельніцтву. Гэтага пакуль хапае. Калі будзе пільная неабходнасць, мы гатовы павялічыць адгрузку. На прахадной завода працуе прадстаўнік камунгаса, які і размяркоўвае паліва па чарзе згодна з атрыманымі заяўкамі, – гаворыць намеснік дырэктара ТБЗ «Ляхавіцкі» Аляксандр Радзянка.
А ўвогуле, як сцвярджаюць вопытныя гаспадары, гэта якраз той выпадак, калі сані трэба рыхтаваць летам. Зручней і спакойней паклапаціцца пра паліва для печы, калі няма чэргаў і ажыятажнага попыту і на дровы, і на брыкет.

Галіна КАНЬКО.