«ЛВ» провёл заочный «круглый стол» на тему сохранения здоровья летом

Лета — пара водпускаў і адпачынку. Яно дорыць сонечнае надвор’е, свежую садавіну і агародніну, ягады і грыбы. І актывізуе кішэчныя інфекцыі. Менавіта гэта «лыжка дзёгцю ў бочцы лета» можа не толькі сапсаваць настрой і адпачынак, але і нашкодзіць здароўю. Справа ў тым, што спякотнае надвор’е стварае спрыяльныя ўмовы для размнажэння ўзбуджальнікаў кішэчных інфекцый у навакольным асяроддзі, прадуктах харчавання, вадзе, прадметах хатняга ўжытку. Што рабіць, каб абараніць сябе і сваіх блізкіх ад такой напасці? Пра гэта падчас завочнага «круглага стала», ініцыяванага «ЛВ», разважаюць, дзеляцца думкамі і прафесійнымі саветамі загадчыцы інфекцыйнага і педыятрычнага аддзяленняў Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аліна КУРЛОВІЧ і Марына ВАРМАХОЎСКАЯ, урач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій СКАРАХОД.

— Ні для каго не сакрэт, што лета — раздолле для кішэчных інфекцый…
Аліна Курловіч: — Сапраўды, кішэчныя інфекцыі прывольна адчуваюць сябе ў цёплую пару года. Павялічваюцца шанцы падхапіць дызентэрыю, сальманелёз, іншыя харчовыя таксікаінфекцыі, нават халеру.
Васілій Скараход: — Крыху статыстыкі: за 6 месяцаў 2013 года ў раёне зарэгістравана 13 выпадкаў вострай кішэчнай інфекцыі ўстаноўленай этыялогіі, выкліканых у асноўным вірусамі. У раёне штогод рэгіструецца выпадак сальманелёзу.
— Лета — гэта не толькі сонца і адпачынак, але і садавіна-агародніна, марожанае , шашлыкі…
В. С.: — Летам высокая тэмпература паветра садзейнічае размнажэнню бактэрый, прадукты хутка псуюцца. Гарачыня — даволі частая прычына бед са здароўем. Напрыклад, яна прымушае чалавека адчуваць смагу, і іншы раз мы не задумваемся, што, з чаго і як п’ём. У справу ідуць бутэлькі, пакеты, шклянкі не першай чысціні. І сама вада пры няправільным захоўванні з’яўляецца крыніцай павышанай небяспекі.
А.К.: — На рынках многія імкнуцца прама з прылаўка пакаштаваць клубніцы, агуркі. Але, як бы ні хацелася, не каштуйце, папярэдне не памыўшы. Ну і, безумоўна, тое, чаму вучаць з дзяцінства, — мыйце рукі перад ядой.
В.С.: — Галоўныя летнія правілы — асабістая гігіена, пільнасць і ўважлівасць на рынку і ў магазінах. Калі вы харчуецеся ў кафэ ці сталовых, а кагосьці вечарам чакае банкет ва ўстановах грамадскага харчавання, паглядзіце, ці ёсць умывальнік, ці правільна захоўваюцца стравы, што прапаноўваюцца ў меню.
Марына Вармахоўская: — Менавіта летам дарослыя шмат падарож-нічаюць разам з дзецьмі, іншы раз і на грамадскім транспарце. Тыповая карціна: мама і дзіця едуць у аўтобусе. Малому не сядзіцца, ён устае на калені, паварочваецца тварам да акна, паклаўшы рукі на запыленае шкло. Мама дастае з сумкі яблык і дае сыну… Наўрад ці будуць карыснымі такія вітаміны ў сумесі з пылам. У такіх месцах лепш не есці.
— Адпачынак на вадаёмах гэтым часам надзвычай папулярны. Але і тут падсцерагае небяспека. Як яе пазбегнуць?
В.С.: — Так, купанне — карысна і здорава. Але ж вадаёмы часцяком становяцца адной з крыніц кішэчных інфекцый, і не сакрэт, што дызентэрыя, сальманелёз і нават брушны тыф распаўсюджваюцца менавіта праз ваду.
А.К.: — Адсюль і аксіёма: купайцеся толькі ў спецыяльна адведзеных для гэтага месцах — у тых вадаёмах, якія пастаянна правяраюцца супрацоўнікамі санэпіднагляду, і дзе не выяўлена кішэчная палачка.
— А калі «знаёмства» з кішэчнай інфекцыяй пазбегнуць усё ж не ўдалося?
А.К.: — Непрыемнасці, звязаныя з кішэчнай інфекцыяй, пачынаюцца з агульнай млявасці, слабасці, дрэннага апетыту, магчымы пачуццё цяжару ў страўніку, галаўны боль, стомленасць у вачах. Крыху пазней пачынаюцца рвота, дыярэя, боль у жываце, магчыма высокая тэмпература. У сярэднім, з моманту, калі мікробы трапілі ў арганізм, непрыемныя сімптомы з’яўляюцца праз 6-48 гадзін.
М.В.: — Трэба мець на ўвазе, што за гэтымі сімптомамі могуць хавацца іншыя хваробы (напрыклад, апендыцыт), якія патрабуюць неадкладнага звароту да ўрача. Найбольшую небяспеку для дзяцей ранняга ўзросту ўяўляе высокая тэмпература цела (для дзяцей першых месяцаў жыцця — вышэй 38 градусаў, у дзяцей, якім больш за год, — вышэй 38,5 градуса), бо яна выклікае сутаргі і парушэнні энергетычнага абмену на клетачным узроўні. Шматразовая рвота часта прыводзіць да абязводжвання, у выніку якога парушаецца водна-салявы баланс у арганізме, што, у сваю чаргу, правакуе збоі ў рабоце сэрца, нервовай і мышачнай сістэм. Пры цяжкай стадыі абязводжвання дзіця не ў стане піць самастойна і можа страціць прытомнасць. У такім выпадку патрабуюцца кропельніцы з салявымі растворамі ва ўмовах стацыянара. Вось чаму неабходна пры першых прыкметах хваробы звяртацца да ўрача, які прызначыць тэрапію.
Небяспека і ў тым, што на фоне кішэчных інфекцый аслабляецца імунітэт, і, як наступства, можа ўзнікнуць пнеўманія.
— Ці можна нешта зрабіць да прыходу ўрача ці прыезду «хуткай дапамогі»?
М.В.: — У першую чаргу, трэба ў дзіцяці збіць тэмпературу, калі яна вышэй азначаных паказчыкаў. Паіць дзіця неабходна кіпячонай вадой ці ”рэгідронам” маленькімі порцыямі з лыжачкі. Спыняць ірвоту (акрамя таго выпадку, калі яна становіцца няспыннай) і дыярэю нельга — гэта ахоўная рэакцыя арганізма, накіраваная на выдаленне ўзбуджальніка інфекцыі. Без прызначэння ўрача нельга даваць ніякія лякарствы, асабліва антыбіётыкі.
Некаторыя мамы лечаць кішэчныя расстройствы ў дзяцей народнымі метадамі. Я не супраць іх. Аднак, што датычыцца кішэчных інфекцый, то тут лячэнне прызначае толькі ўрач.
Колькасць ежы пры лячэнні падобных інфекцый неабходна зменшыць, аднак, голад не карысны. Трэба вы-ключыць з рацыёну малако, свежыя сокі, фрукты і агародніну. Кашы, кісламалочныя прадукты (тварог, ёгурты), мяса (у выглядзе паравых катлет, мяснога пюрэ) дазваляюцца толькі пасля спынення рвоты. Такой дыеты неабходна прытрымлівацца на працягу некалькіх тыдняў.
А.К.: — Кішэчныя інфекцыі небяспечныя і для дарослых. Безумоўна, парушэнне стула само па сабе непрыемна. Аднак, як зазначыла Марына Антонаўна, асноўная небяспека — у абязводжванні арганізма. Парушэнні воднага абмену прыво-дзяць да калапсу сардэчна-сасудзістай сістэмы, парушаецца работа нырак. І, што самае небяспечнае, кішэчная інфекцыя для малых і лю-дзей пажылога ўзросту можа закончыцца лятальна.
Што датычыцца лячэння, то яно праводзіцца ў наступных накірунках: нейтралізацыя таксінаў, аднаўленне воднага балансу, знішчэнне патагенных мікробаў. Для нейтралізацыі таксінаў і спынення дыярэі падыдуць, у першую чаргу, сарбенты. Гэта ўсім вядомы актываваны вугаль, «смекта», «поліфепан». Каб не правакаваць развіццё бактэрый, на час вострых сімптомаў інфекцыі лепш поўнасцю адмовіцца ад яды. Аднак, не пашко-дзяць аўсяная і рысавая кашы, яны аказваюць заспакаяльны эфект на кішэчнік. Каб папоўніць запас іонаў і аднавіць водны баланс, неабходна піць кіпячоную ваду з утрыманнем розных соляў. Выдатна падыдзе сумесь «рэгідрон», якую можна набыць у аптэцы без рэцэпта. Увогуле, піццё (частае, але невялікімі порцыямі) — аснова паспяховага выздараўлення. Падыдуць чай, кампот з сухафруктаў, травяны чай.
Абавязкова звяртайцеся за мед- дапамогай, калі рвота моцная, вельмі высокая тэмпература, у калавых масах прысутнічае кроў.
В.С.: — І памятайце, што кішэчныя інфекцыі заразныя. Мікробы перадаюцца з посудам, застаюцца на дзвярных ручках, ручніках, клавіятуры камп’ютара і г.д. Хвораму неабходна вы-дзеліць асобны посуд, а іншыя кухонныя прадметы пракіпяціць ці апрацаваць дэзынфіцыруючымі сродкамі. Нельга забываць мыць рукі пасля наведвання туалета — усім, не толькі хворым.
— Ці ёсць гарантаваны спосаб абараніцца ад інфекцыі?
А.К.: — Захоўвайце правілы асабістай гігіены, дзе б вы ні знаходзіліся: на дачы, пляжы, дома ці на рабоце. Купляючы прадукты, звярніце ўвагу не толькі на тэрміны іх прыгоднасці, але і на ўмовы захоўвання. Не набывайце прадукты сумніўнай якасці, не саромейцеся спытаць у прадаўца сертыфікат. Усе скорапсавальныя прадукты трымайце ў халадзільніку.
М.В.: — Прадукты, якія прызначаны дзецям, неабходна абавязкова тэрмічна апрацоўваць: добра прамываць кіпенем агародніну і садавіну, кіпяціць малако і ваду. Захоўваць прыгатаваныя прадукты неабходна ў халадзільніку і не больш за 2 сутак. У гарачыню лепш не гатаваць яду «на потым», як мы гэта любім рабіць. Свежапрыгатаваныя стравы бясшкодныя, а вось праз некалькі гадзін такая ежа можа стаць віноўніцай кішэчных інфекцый. Напрыклад, у адным граме мяснога фаршу праз 2 гадзіны пасля яго прыгатавання ўтрымліваецца больш як 2 мільёны розных бактэрый, а праз суткі — больш як 100 мільёнаў.
В.С.: — І яшчэ некалькі парад. Пры купанні нельга заглынаць ваду. Узбуджальнік дызентэрыі жыве ў вадзе да 50 сутак.
Хутка пачнецца сезон кавуноў і дынь. Не купляйце іх у разрэзаным выглядзе.
На жаль, ёсць у нас і непрыемныя суседзі — мышы і пацукі, якія з’яўляюцца актыўнымі пераносчыкамі іерсініёзу. Мухі таксама пераносяць інфекцыі. Ад такога суседства трэба пазбаўляцца.
Калі збіраецеся ў паездку, захапіце з сабой запас вады, сурвэткі з антыбактэрыяльнай прапіткай, любы спіртавы раствор, напрыклад, адэкалон. У летні перыяд лепш адмовіцца ад ужывання кандытарскіх вырабаў з крэмам, асабліва бялковым. У халадзільніку захоўвайце сырое мяса і рыбу асобна ад гатовых страў. Перавозіць прадукты неабходна ў спецыяльных сумках-халадзільніках.
Прытрымліванне вышэйзгаданых простых правілаў амаль гарантуе абарону ад кішэчных інфекцый. Чаму амаль? Таму што, на жаль, не выключаецца рызыка развіцця інфекцыі па віне іншых, напрыклад, работнікаў гандлю і грамадскага харчавання. Сёлета за 6 месяцаў спецыялістамі райЦГіЭ праведзена 131 абследаванне аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, на 70 выяўлены парушэнні ўмоў захоўвання, рэалізацыі прадуктаў харчавання, нездавальняючы санітарны стан гандлёвых і складскіх памяшканняў. Вынесены 4 прадпісанні аб зняцці з рэалізацыі прадуктаў.
Матэрыялы «круглага стала»
падрыхтавала Галіна КАНЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *