Меркаванне пра будучыню

Тамара ПРАКАП’ЮК, старшыня Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў:
– Як прафсаюзны лідар падтрымліваю сацыяльна арыентаваную палітыку дзяржавы, у аснове якой – клопат пра чалавека, стабільнае сёння і перспектыўнае заўтра. У тым, што сёння Беларусь –
незалежная, моцная, міралюбівая краіна, у многім заслуга і асабіста Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі,  якога падтрымлівае большасць жыхароў краіны. Як і ініцыятывы Кіраўніка дзяржавы па захаванні суверэнітэту і сацыяльных гарантый.
Таксама лічу неабходным унясенне пэўных змяненняў і ўвогуле абнаўленне Асноўнага Закона Беларусі, бо час уносіць карэктывы ў многія працэсы, якія адбываюцца навокал. Абавязкова прыму ўдзел у рэферэндуме і заклікаю гэта зрабіць усіх, каму неабыякава будучыня сваёй краіны.

Ніна ПРЫХАЧ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі  райвыканкама:
– Даныя сацыялагічнага даследавання пацвердзілі правільнасць курсу, якім ідзе наша дзяржава. Беларусы падтрымліваюць ініцыятывы Прэзідэнта па захаванні суверэнітэту і незалежнасці краіны, добра разумеюць, што незалежнасць забяспечвае самастойнасць прыняцця рашэнняў па ўсіх пытаннях знешняй і ўнутранай палітыкі. Гэта стабільнасць і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Дзякуючы выверанай і ўзважанай палітыцы нашага Прэзідэнта, Беларусь не паддаецца на знешнія правакацыі. Галоўнае, развіваецца эканоміка, працуюць прадпрыемствы, забяспечваецца харчовая і энергетычная бяспека краіны. Правільнасць выбранага накірунку пацверджана многімі прыкладамі. Прэзідэнт агучвае дакладныя і зразумелыя для нас падыходы, а таксама тое, што сёння патрабуецца адкрытая размова з людзьмі. Неабходна растлумачваць рэальную сітуацыю, якая складваецца ў краіне, гаварыць пра фэйкі і жаданне некаторых добраахвотнікаў раз’яднаць нас.
Наша Радзіма – гэта вялікая каштоўнасць усіх нас, і мы павінны быць разам. За гэтым – будучыня нашай краіны, будучыня нашых дзяцей. А наш Кіраўнік дзяржавы выступае за цэласнасць Беларусі, за мір і бяспеку.

Людміла МАТЧЭНЯ, начальнік аддзела эканомікі райвыканкама:
– Па даных сацыялагічнага даследавання, больш за 70 працэнтаў беларусаў негатыўна ставяцца да ўвядзення супраць Беларусі санкцый. Калі б удзельнічала ў апытанні, мой голас быў бы сярод гэтых лічбаў.
Паміж беларускімі і замежнымі прадпрыемствамі трывалыя эканамічныя сувязі ўстаноўлены не сёння. Супрацоўніцтву гэтаму шмат гадоў. Але замежныя палітыкі ім выстаўляюць чырвонае святло. Як правіла, губляюць ад гэтага буйныя кампаніі – асноўныя падаткаплацельшчыкі, за чый кошт папаўняецца бюд-
жэт, а значыць – плацяцца зарплаты бюджэтнікам, утрымліваюцца ўстановы адукацыі, аховы здароўя і г. д.
Ляхавіцкія вытворцы працуюць у штатным рэжыме.
ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» пастаўляе сваю прадукцыю ў Літву, Кітай і Расію. Брыкеты ААТ «Ляхавіцкі торфабрыкетны завод» вядомы ў Латвіі, Літве, Славакіі, Эстоніі, Украіне, Расіі і іншых краінах. Якасць і цана прадукцыі задавальняюць замежных пакупнікоў. Наўрад ці яны зацікаўлены ў санкцыях. Яны згодны супрацоўнічаць і таксама, як і працаўнікі нашых прадпрыемстваў, хочуць забяспечыць сваіх дзяцей, свае сем’і.

Галіна ДЫДЫШКА, пенсіянерка:
– Заўжды прытрымліваюся наступнай пазіцыі: ад дабра дабра не шукаюць. Беларусь вылучалася і вылучаецца міралюбівай палітыкай, як жа зайздросцілі нам суседзі з іншых краін, маўляў, як у вас спакойна. Дык навошта ж было парушаць гэты спакой. У краіны быў і ёсць моцны лідар – наш законна абраны Прэзідэнт
Аляксандр Лукашэнка, сапраўдны Бацька. Нездарма яго падтрымлівае пераважная большасць беларусаў,  я – сярод іх. Як грамадзянін, якому неабыякава ўсё, што адбываецца ў краіне і вакол яе, пераканана: змяненні ў Канстытуцыю рэспублікі неабходныя, таму абавязкова прыму ўдзел у маючым адбыцца рэферэндуме.
А любыя перамены трэба пачынаць з сябе. Неабходна задаць пытанне, а ці дастаткова я зрабіў, каб лепш жылося мне і маёй сям’і. Вось мы з мужам даўно на заслужаным адпачынку, але прадаўжаем займацца любімай справай – шыем і прадаём рэчы, няхай даход і невялікі, але ёсць.