Вальс для юных патрыётаў. Сярод удастоеных гонару пабываць на Рэспубліканскім навагоднім балі для моладзі – і ляхавічанка Таццяна Маслоўская

Грацыёзна кружацца пары ў вальсе, паланэз змяняе мазурку, на падыходзе кадрыля – Палац Незалежнасці чацвёрты раз пераўтвараецца ў чароўнае дзейства, і гэта – Рэспубліканскі навагодні баль для моладзі. Традыцыйна ў мерапрыемстве прымае ўдзел Прэзідэнт краіны.

Уваходным білетам на баль для больш як трох сотняў паспяховых юнакоў і дзяўчат сталі дасягненні ў вучобе і творчасці, грамадскім жыцці і спорце. Удастоены гонару пабываць на пераднавагодняй урачыстасці стыпендыяты фонда па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, пераможцы конкурсаў, алімпіяд, прадстаўнікі валанцёрскага і студэнцкага руху, іншыя. Сярод
іх – і ляхавічанка Таццяна Маслоўская – трэццякурсніца Віцебскай дзяржаўнай акадэміі ветэрынарнай медыцыны. Ва ўстанове адукацыі наша зямлячка стала студэнтам года ў намінацыі «стараста года», акрамя выдатнай вучобы, прымае ўдзел у шматлікіх алімпіядах і канферэнцыях, мае публікацыі ў тэматычным часопісе.
Таццяна Маслоўская падзялілася сваімі ўражаннямі ад удзелу ў Рэспубліканскім навагоднім балі:
– Гэта было вельмі відовішчна, урачыста і хвалююча. Да нас, маладога пакалення, звярнуўся Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Яго выступленне стала своеасаблівым наказам юнакам і дзяўчатам, калі сказаў, што ў руках моладзі лёс нашай роднай Беларусі. Пасля такіх слоў хочацца стаць яшчэ лепшымі, дасягаць вышыні і імкнуцца наперад. Запалі ў душу словы, што ўсе сённяшнія ўмовы стварылі нам бацькі, настаўнікі, выкладчыкі. Яны развіваюць нашы здольнасці, навучылі дабівацца пастаўленых мэт, выхоўваюць патрыётаў сваёй Айчыны. І мы, канешне, не павінны зазнавацца, а быць удзячнымі ім.
На балі, упэўнена, кожная дзяўчына адчувала сябе прынцэсай. Здавалася, што апынулася ў казцы. Так гэта было нерэальна і вельмі прыгожа. Іграў аркестр, усе былі настолькі шчаслівыя, усміхаліся і з задавальненнем кружыліся ў танцы. Хацелася, каб чароўныя імгненні не заканчваліся. Цудоўна, што ў гісторыі нашай маладой незалежнай краіны маецца такая прыгожая навагодняя традыцыя.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.