У эпіцэнтры дабрыні і радасці. У мінулую пятніцу эпіцэнтрам дабрыні і радасці стаў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі

У мінулую пятніцу эпіцэнтрам дабрыні і радасці стаў цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, дзе прайшоў ранішнік «Казка навагодняя стукаецца ў госці да нас». Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак з чароўнымі святамі завіталі шматлікія шэфы і нераўнадушныя землякі. Кіраўніцтва і прадстаўнікі райвыканкама, РАУС, райаддзела Следчага камітэта, Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння, Беларусбанка, прадпрымальнік Наталля Лойка – кожны з іх пажадаў парадаваць прыемнымі сюрпрызамі падапечных ЦКРНіР, каб рабяты адчулі не проста ўвагу і клопат дарослых, а цудоўную атмасферу навагодняга свята. Шмат яркіх і пазітыўных эмоцый падарылі гульні, танцы, песні разам з Дзедам Марозам і Снягуркай.

Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса падкрэсліў, што ў нашай дзяржаве дзецям надаецца самая пільная ўвага. І гэта пацвярджае акцыя «Нашы дзеці», стараннямі якой запальваюцца шчасцем вочы хлопчыкаў і дзяўчынак. Леанід Калбаса пажадаў рабятам моцнага здароўя і цудоўных эмоцый –  не толькі ў святы, а штодзённа.
Намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч заўважыла, што вялікае шчасце бачыць радасных дзяцей, назіраць, як яны гуляюць, расказваюць вершы і шчыра вітаюць Дзеда Мароза са Снягуркай. Добрых спраў многа не бывае. У сілах дарослых напярэдадні Новага года спраўдзіць дзіцячыя жаданні.
Аддзел ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама са сродкаў раённага бюджэту сфарміраваў для дзяцей з інваліднасцю салодкія падарункі.
Начальнікі РАУС Аляксей Трафімаў, райаддзела СК Аляксандр Траяноўскі, дырэктар цэнтра банкаўскіх паслуг № 117 ААТ «ААБ Беларусбанк» Сяргей Саковіч, начальнік Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння Руслан Капанька, гаспадыня кафэ «Калі ласка» Наталля Лойка ад сябе і сваіх калектываў павіншавалі рабят цэнтра і ўручылі ім разнастайныя гульні і цацкі, наборы цукерак, фрукты, крэслы-трансформеры для рэабілітацыйных мерапрыемстваў.
Наталля Лойка выступіла спонсарам цудоўнага навагодняга прадстаўлення.
Кіраўнік ЦКРНіР Наталля Маслоўская шчыра дзякавала ўсім за ўвагу, нераўнадушнасць да сваіх выхаванцаў. Сёння ў цэнтры займаюцца 75 дзяцей з асаблівасцямі развіцця, з іх 22 маюць інваліднасць. Для хлопчыкаў і дзяўчынак створаны ўсе ўмовы для навучання і выхавання, аказваецца псіхалагічная, рэабілітацыйная і медыцынская дапамога.
А 21 снежня ў Брэсце адбылося навагодняе дабрачыннае свята і фінал абласной выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці дзяцей з інваліднасцю і з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця «Сябруюць дзеці на планеце». Па выніках выставы-конкурсу выхаванец ЦКРНіР Арцём Новік узнагароджаны дыпломам I ступені галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама. Перамогу васьмігадоваму Арцёму прынесла работа «Дзеці сонца, дзеці дажджу», якую ён зрабіў разам з мамай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.