Прапановы прымаюцца! У Ляхавіцкім райвыканкаме запрацавала грамадская прыёмная

Як толькі праект абноўленай Канстытуцыі быў апублікаваны, ён адразу стаў бадай самай абмяркоўваемай тэмай у грамадстве. Многія імкнуцца скарыстацца яшчэ адной магчымасцю паўплываць на змест Асноўнага Закона краіны.


30 снежня ў малой зале райвыканкама працавала грамадская прыёмная. Кожны жадаючы мог задаць пытанні і выказаць меркаванне па праекце змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю начальніку аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, члену раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Ніне Прыхач.
Першы зварот – калектыўны, ад супрацоўнікаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, якіх зацікавілі змяненні ў артыкул 18 Канстытуцыі.
–Дапаўненне наступнае: Беларусь выключае ваенную агрэсію са сваёй тэрыторыі ў адносінах да іншых дзяржаў. Знешняя палітыка нашай краіны заўжды прадугледжвала неўмяшанне ў справы іншых дзяржаў. Беларусь выступае за мірнае ўрэгуляванне міжнародных спрэчак, прытрымліваецца прынцыпаў і нормаў міжнароднага права. Аднак, пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, некаторыя краіны павялі сябе не як добрыя суседзі, хутчэй наадварот – варожа ў адносінах нашай краіны. Пра які нейтралітэт можа ісці размова? Акрамя таго, апошнім часам яўна дыскрэдытавалі сябе інстытуты міжнароднага права, якія па сваёй сутнасці абавязаны былі абараняць права і праўду. Будуць умацоўвацца сувязі з тымі дзяржавамі, якія на справе пацвердзілі сваю дружалюбную палітыку адносна Беларусі, – патлумачыла Ніна Прыхач.
Яшчэ адну важную тэму ўзняла галоўны спецыяліст аддзела па адукацыі Іна Зубік. Пытанне тычыцца змянення ў артыкул 54: праяўленне патрыятызму, захаванне гістарычнай памяці пра гераічнае мінулае беларускага народа з’яўляецца абавязкам кожнага грамадзяніна Беларусі.
–Сапраўды гэта пазіцыя важная. Па-рознаму можна ставіцца да тых ці іншых падзей мінулага, палітычных лідараў, аднак нельга перапісваць гісторыю – мы не маем на гэта права. Мы можам толькі ствараць гісторыю, а не выпраўляць яе, – растлумачыла Іна Зубік.
–Грамадскія прыёмныя – гэта прадаўжэнне той работы, якая праводзілася на працягу года на дыялогавых пляцоўках, падчас сустрэч у працоўных калектывах, дзе абмяркоўваліся прапановы па ўнясенні змяненняў у Асноўны Закон краіны. І такія формы работы прадоўжацца і ў бліжэйшы час. Прадстаўнікі ўлады, грамадскіх арганізацый і палітычных партый пабываюць у большасці працоўных калектываў раёна. Усе прапановы, заўвагі, пажаданні беларусаў збяруцца ў агульнае цэлае, сістэматызуюцца і будуць перададзены ў Канстытуцыйную камісію на разгляд экспертаў. Але пры ўсіх навацыях асновы беларускай Канстытуцыі застануцца ранейшымі: вышэйшая каштоўнасць грамадства і дзяржавы – чалавек, яго правы, свабоды і гарантыі іх рэалізацыі, – падкрэсліла Ніна Прыхач.
Грамадская прыёмная “Белай Русі” будзе працаваць двойчы на тыдзень: у панядзелак з 13 да 14 гадзін, у сераду – з 17 да 18 гадзін. Можна звярнуцца як асабіста,так і па тэлефоне – 6-06-65.
Беларусь – наша краіна, і толькі мы, беларусы, будзем вырашаць яе лёс. У тым ліку, прымаючы ўдзел у рэферэндуме. Вызначыць, якой будзе наша Канстытуцыя – справа агульнадзяржаўнай важнасці для ўсіх і кожнага.

Галіна КАНЬКО.