17 ліпеня ў аздараўленчым лагеры «Чайка» Ляхавіцкага раёна пачалася чарговая змена

Пазітыўныя эмоцыі, яскравыя ўражанні і новыя знаёмствы —     вось што чакаюць дзеці ад летняга адпачынку. Аздараўленчы лагер «Чайка», дзе 17 ліпеня пачалася новая змена, дае такую магчымасць.

Некалі для мяне было вялікім шчасцем адпачыць у лагеры. «Чайка» —  гэта час адкрыццяў, прыгод і гульняў, а таксама час падмацаваць і загартаваць здароўе. Яшчэ пад’язджаючы да варот, адчула, як задрыжала сэрца: успомніла заезд на пачатку змены, калі дзеці з бацькамі ішлі рэгістравацца, затым развітанне, якое так не хацелася каб наступала.

— Прывітанне! Рады бачыць вас у нашым лагеры! — Так сустрэлі  дзяжурныя на КПП Таццяна Праўлоцкая і Алена Сасса з другога атрада. На гадзінніку хутка 8, а яны ўжо не спяць: сустракаюць гасцей і пазначаюць кожнае наведванне.

Раніца… Лагер прачынаецца. Разам з інструктарам па фізкультурна-аздараўленчай рабоце Яўгеніяй Мажэйка дзеці з задавальненнем ідуць на незвычайную зарадку: удала падабраны комплекс практыкаванняў з элементамі аэробікі і рытмікі на свежым паветры, спецыяльнае музычнае афармленне — і дзеці ніколі не прапускаюць гімнастыку.

Пасля ранішніх рэжымных момантаў лагер збіраецца на сняданак: кожны атрад выходзіць строем з корпуса і да сталовай ідзе са сваёй «крычалкай». Стравы ў сталовай заўсёды свежыя і смачныя, а галоўнае — разнастайныя. Толькі і чуваць словы падзякі ў адрас повараў, якія ў гатаванне ўкладваюць душу. Пасля уборкі карпусоў і тэрыторыі, «чайкаўцы» займаюцца атраднай дзейнасцю.

Кожны ведае, што дзеці не любяць сядзець на месцы, таму ў іх распараджэнні добра абсталяваная фізкультурна-аздараўленчая зона: міні-футбольнае поле, валейбольная, баскетбольная, гімнастычная і гульнявая (для дзяцей 6-10 гадоў) пляцоўкі, а таксама крытая ценявая пляцоўка. Нельга забыць і пра гульнявы атракцыён «Пнеўмагорка», дзе так любяць бавіць час дзеці. Для аматараў спяваць ці танцаваць заўсёды знойдзецца занятак у лагеры. Разам з музычным кіраўніком Аляксандрам Жукоўскім дзеці ствараюць самыя яскравыя выступленні.

«Тэрыторыя гульні» — так    называецца трэцяя змена ў  «Чайцы». Адпачынак уяўляе     сабой вандраванне па гульнявых пляцоўках: стартавая, зда           ровая, ініцыятыўная, паспяховая, творчая, фінішная. У кожным атрадзе ёсць камандзір,    адказны за арганізацыю жыццядзейнасці,  выкананне рэжыму.  Ёсць група ігратэхнікаў — тыя, хто  адказвае за арганізацыю і правядзенне вольнага часу, а таксама спорткаманда, у абавязкі якой уваходзіць правядзенне ранішняй зарадкі, трэніроўкі і размінкі да спаборніцтваў і гульняў.

Сёння ў лагеры пляцоўка  «Здаровая», і дзень пачаўся    з  інтэлектуальна-аздараўленчага комплексу «Вельмі разумная зарадка». Пасля таго, як дзеці падсілкаваліся вітамінамі, іх чакаў спартыўны конкурс «Супердзеткі супраць супервыхавальнікаў». 4 каманды  (3 дзіцячыя і каманда выхавальнікаў) спаборнічалі паміж сабой. Ігры з мячом, бег з абручом і скакалкай — якіх толькі конкурсаў ні было! У выніку пераможцай стала каманда выхавальнікаў «Гусі і Марусі».

Пасля смачнага абеду дзеці адправіліся на ціхі час. Паколькі першая палова дня была ўся ў руху, для рабят гэта час набрацца сіл і энергіі, бо вечарам іх чакае гульнявы практыкум «Ідзём па следзе», дзе хлопчыкі і дзяўчынкі могуць паспрабаваць сябе ў ролі следапытаў: трэба і па карце арыентавацца, і на мясцовасці. Але і гэта па сілах «чайкаўцам». У гэтым спаборніцтве перамог  5-ы атрад «Red Bull».

Вечарам на агульналагернай лінейцы падводзіцца вынік дня, дзе ўзнагароджваюцца пераможцы, якія атрымліваюць «чайкі» — «лагерную валюту», затым па агульнай іх колькасці         вызначаецца атрад-пераможца.  Падзяліцца ўражаннямі       ад пражытага дня можна ў цёплай, амаль дамашняй абстаноўцы вячэрняга агеньчыку, дзе кожны адчувае сябе часткай цэлага.

Дыскатэка ў лагеры — адно з самых цікавых для дзяцей мерапрыемстваў. Сёння іх чакае тэматычная дыскатэка «Музыка і наркотыкі несумяшчальныя».  Як адзначаюць дзеці, танцаваць і гуляць адначасова — вельмі  весела і карысна. За парадкам сочаць выхавальнікі і супрацоўнікі РАУС.  Сёння ў змену заступіў малодшы сяржант  Аляксандр Высоцкі.

Добры адпачынак дзяцей — гэта якасная праца педагагічнага калектыву. Старшы выхавальнік Вольга Прыхач адзначае:

— На змене працуюць людзі, правераныя часам, гэта сапраўды згуртаваны калектыў, які можа стварыць для дзіцяці цуд, зрабіць летні адпачынак незабыўным.

Вольга Мікалаеўна мае вялікі вопыт работы з дзецьмі, таму трапіць на яе змену жадае кожны.

За тым, каб рабяты заўсёды былі здаровыя, сочаць урач Вольга Грыцкевіч і медсястра Хрысціна Лойка.

Дырэктар аздараўленчага лагера Надзея Патапчык упэўнена: — Самае галоўнае, каб дзеткі прыехалі са змены здаровыя і адпачнуўшыя. Таму заўсёды  хочацца зрабіць што-небудзь      новенькае, цікавае. Для мяне             гэта другі дом, вельмі хочацца зрабіць так, каб хлопчыкі і дзяўчынкі  адчувалі сябе тут утульна. Паглядзіце, колькі на тэрыторыі кветнікаў! Сёлета зрабілі капітальны рамонт варачнага цэха і абедзеннай залы, часткова замянілі пешаходныя дарожкі.

Са шчырай усмешкай расказвала Надзея Пятроўна, як яна чакала лета, каб сустрэць дзяцей, як вясною рыхтавалася да сустрэчы. Глядзіш на чалавека і разумееш, што гэта сапраўды тая справа, якой ён павінен займацца. А ў адказ на клопат і нераўнадушша Надзея Пятроўна чуе словы падзякі ад бацькоў і рабят.

А якая тут прырода, якое свежае гаючае паветра! Таму, аднойчы пабыўшы тут, хочацца вяртацца сюды зноў і зноў.

Маргарыта КУХТА,

студэнтка Інстытута

журналістыкі БДУ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *