Задача для кожнага. Жыхары Ляхавіцкага раёна абмяркоўваюць праект змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь

Для пачатку лічу патрэбным сказаць добрае слова ў адрас дзеючага варыянта Асноўнага Закона краіны. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 года з карэкціроўкамі, праект змяненняў і дапаўненняў у якую зараз абмяркоўваецца, з’яўлялася, у цэлым, добрым, грунтоўным і цалкам дэмакратычным дакументам. Пачыналася словамі «Мы, народ Рэспублікі Беларусь», ім жа – народам – і для яго ж стваралася. З ёй мы пражылі больш за чвэрць стагоддзя, пабудавалі незалежнасць і сваю эканоміку. Дастаткова моцную, асабліва на фоне некаторых іншых краін былога  саюза, разам з якімі пачыналі, і з улікам таго факта, што Беларусі не пашанцавала з карыснымі выкапнямі. Галоўным драйверам, лічу, выступіў працавіты беларускі народ на чале з кіраўніцтвам краіны.
Але відавочна і тое, што карэкціроўкі Асноўнага  Закона краіны наспелі. У многім іх падштурхнулі падзеі апошняга часу.
З унесеных у праект змяненняў і дапаўненняў выдзеліў для сябе некалькі, на мой погляд, ключавых. Радкі «дзяржава забяспечвае захаванне гістарычнай праўды і памяці аб гераічным подзвігу беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны» гучаць не проста суперправільна – вельмі кранальна ўспрымаюцца, думаю, усімі, хто лічыць сябе нашчадкам той Вялікай Перамогі. Белае такім і павінна заставацца, нягледзячы на час і штучна створаныя «новыя» акалічнасці.
Замацаванне ў праекце Кастытуцыі артыкула аб тым, што шлюб з’яўляецца саюзам жанчыны і мужчыны, яшчэ дастаткова нядаўна магло б паказацца вельмі іранічным. Аднак яно лагічна на фоне шматлікіх «вясёлкавых» падзей, выступленняў і іншага падобнага роду акцый. Яны, як правіла, «імпартныя»,  але ж надзвычай ужо навязлівыя.
Як і старая Канстытуцыя, прапанаваны да абмеркавання праект гарантуе грамадзянам права на ахову здароўя. У тым ліку – бясплатнае лячэнне за кошт сродкаў дзяржаўнага бюджэту – гэта наша ўсё. Папраўку, якая гучыць як «грамадзяне абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя», лічу вельмі слушнай. Шкодныя звычкі павінны стаць не нашай тэмай, дазіраваная па ступені падрыхтаванасці фізічная культура, наадварот, – нормай жыцця ўсіх і кожнага. І «высокія» залы тут не абавязковы, на пачатку галоўным матыватарам з’яўляецца жаданне, за якім прыйдуць прывычка, пачуццё неабходнасці, вырысуецца падцягнутасць, спартыўнасць, якая апошнім часам вельмі і вельмі ў трэндзе.
Асабліва важным, на маю думку, з’яўляецца тое, каб у абмеркаванні прыняла ўдзел найбольшая колькасць жыхароў краіны. Каб людзі выказалі свае заўвагі ці моманты падтрымкі. А пасля ўсім народам прыйшлі і сказалі сваё слова на рэферэндуме. Тады наша Канстытуцыя для народа будзе сапраўды народнай.
Андрэй КОКТЫШ, дырэктар ААТ «Шлях новы».