І прайсціся, і праехаць. Аб’ект «Уладкаванне пешаходнай і веласіпеднай дарожак з іх асвятленнем па вуліцы Міхаіла Пташука ў горадзе Ляхавічы» здадзены ў эксплуатацыю

Прадстаўнікі ўлады пастаянна працуюць са зваротамі грамадзян, вырашаюць задачы не толькі агульнадзяржаўнай важнасці, а і праблемы, што тычацца асобнага населенага пункта, вуліцы ці канкрэтнага чалавека.

Гісторыя вырашэння чарговага дарожна-ўпарадкавальнага пытання пачалася яшчэ ў верасні 2019 года. Менавіта тады ў райвыканкам з пісьмовым зваротам звярнуліся гараджане – жыхары індывідуальнай забудовы паміж вуліцамі 60 гадоў Кастрычніка і Пташука. Яны прасілі ўладкаваць пешаходную дарожку па вуліцы Пташука. Сапраўды сітуацыя склалася такім чынам, што хадзіць па гэтай вуліцы райцэнтра было не толькі нязручна, асабліва пасля дажджоў ці зімой, але і небяспечна – можна атрымаць траўму, стаць ахвярай дарожна-транспартнага здарэння.
Праблема была вывучана і ўзята на кантроль. Аднак, усё залежала ад фінансавання, і вырашэнне пытання на пэўны час нібы завісла ў паветры. Неаднойчы гэта тэма ўздымалася ў тым ліку і на пасяджэннях райвыканкама, падчас работы сесіі раённага Савета дэпутатаў. У прыватнасці, указвалася на недастатковую работу па вырашэнні пытання з боку генеральнага падрадчыка аб’екта – КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ».
21 снежня мінулага года гарадскі аб’ект «Уладкаванне пешаходнай і веласіпеднай дарожак з іх асвятленнем па вуліцы Міхаіла Пташука ў горадзе Ляхавічы» здадзены ў эксплуатацыю: завершаны будаўніча-мантажныя работы, атрымана станоўчае заключэнне экспертызы. Галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Наталля Маслоўская расказала, што гэты аб’ект абышоўся бюджэту амаль у 346 тысяч рублёў. З работамі справілася ДРБУ-200.
Дарэчы, матэрыял – борт дарожны  і тратуарны, плітку тратуарную – выкарысталі ўласнай вытворчасці, што вырабляецца ў гэтай дарожнай арганізацыі.

Галіна КАНЬКО.