Станоўчая дынаміка і нерэалізаваныя магчымасці. Што змяшчае праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіцкага раёна на 2022 год?
Напрыканцы снежня адбылося сумеснае пасяджэнне чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў і раённага выканаўчага камітэта. Прадстаўнікі органаў заканадаўчай і выканаўчай улад абмеркавалі надзённыя для Ляхавіччыны пытанні. Адно з іх – праект прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2022 год.
Што ў заліку?
Падводзячы вынікі года мінулага, намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран падкрэсліў, што і ў 2021 годзе дзейнасць улады, прадпрыемстваў і арганізацый накіроўвалася на вырашэнне галоўнай задачы – павышэнне ўзроўню жыцця насельніцтва. Па словах дакладчыка, па некаторых паказчыках відавочна станоўчая дынаміка: павялічыліся аб’ёмы вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі ў дзеючых цэнах і валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі, вырас экспарт паслуг, склалася станоўчае сальда знешняга гандлю таварамі, забяспечаны рост намінальнай налічанай і рэальнай заработнай платы. Разам з тым, некаторыя паказчыкі, што характарызуюць развіццё эканомікі Ляхавіччыны, па выніках года будуць мець адмоўную дынаміку. У прыватнасці, Андрэй Навагран патлумачыў, што чакаецца выкананне шасці паказчыкаў і заданняў з 11 даведзеных. Знак «плюс» можна паставіць па трох ключавых паказчыках эфектыўнасці работы: інвестыцыі ў асноўны капітал, намінальная налічаная сярэднямесячная зарплата, сукупныя паступленні даходаў кансалідаванага бюджэту раёна. Станоўчая дынаміка і па трох заданнях: увод жылля, энергазберажэнне, удзельная вага стратных арганізацый.
Дакладчык прааналізаваў прычыны невыканання даведзеных паказчыкаў. Напрыклад, індэкс фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці за 11 месяцаў склаў 87,5 працэнта пры заданні 102 працэнты за год. Невыкананне азначанага паказчыка адбылося па прычыне зніжэння аб’ёмаў вытворчасці ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы», СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» у сувязі з недахопам сыравіны.
Старшыня райвыканкама Мікалай Мароз зазначыў, што неабходна кіраўнікам усіх падраздзяленняў і арганізацый правесці, у першую чаргу, работу над памылкамі па годзе мінулым, каб не дапусціць іх сёлета. А таксама мінімізаваць усе магчымыя рызыкі, якія могуць негатыўна паўплываць на выкананне даведзеных паказчыкаў.
Перспектывы пяцігодкі
На разгляд прысутных была прадстаўлена і Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця Ляхавіччыны на 2021–2025 гады, вызначаны асноўныя мэты, задачы і прыярытэтныя накірункі, асноўныя меры па іх рэалізацыі, агучаны чаканыя вынікі і мэтавыя індыкатары развіцця галін і сфер эканомікі, сацыяльнай сферы. Асноўнай мэтай Андрэй Навагран назваў паляпшэнне ўмоў жыцця насельніцтва на аснове росту канкурэнтаздольнасці эканомікі, эфектыўнага выкарыстання чалавечага патэнцыялу, прыцягнення інвестыцый (толькі замежных інвестыцый на чыстай аснове плануецца прыцягнуць не менш за мільён долараў) і інавацыйнага развіцця. Рэалізацыя запланаваных мерапрыемстваў у галіне эканомікі дазволіць істотна павялічыць аб’ёмы вытворчасці і забяспечыць больш камфортныя ўмовы для жыцця насельніцтва і развіцця сацыяльнай сферы.
Пра прагнозы, планы і перспектывы ў сваіх галінах расказалі першы намеснік старшыні райвыканкама – начальнік райсельгасхарчу Мікалай Пыжык і намеснік старшыні райвыканкама Аляксей Галяк.
Дэпутаты прадэманстравалі высокую актыўнасць у абмеркаванні палажэнняў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця. У прыватнасці, іх цікавілі тэмы будаўніцтва жылля ў сельскай мясцовасці, развіццё гандлю, стан дарог і прыдарожных палос, будаўніцтва басейна, якасць пітной вады і іншае.
Праект раённага бюджэту агучыла начальнік фінансавага аддзела райвыканкама Ірына Страмавус.
Змяненні, якія тычацца ўсіх
Сумеснае пасяджэнне стала своеасаблівай дыялогавай пляцоўкай па абмеркаванні праекта змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач спынілася на асноўных момантах, што тычацца Асноўнага Закона краіны. У прыватнасці, яна падкрэсліла, што згодна з праектам у Канстытуцыі плануецца 77 змяненняў і 11 новых артыкулаў. Прапаноўваемыя змяненні – сацыяльна арыентаваныя, Беларусь застаецца сацыяльнай дзяржавай, тыя гарантыі, якія зараз акрэслены Канстытуцыяй для грамадзян краіны, захаваны, некаторыя і ўвогуле пашыраны.
Наступны важны блок тычыцца дзяржаўнага і палітычнага ўладкавання. Абарона каштоўнасцей, захаванне аб’ектыўнай гістарычнай памяці, умацаванне суверэнітэту. Згодна з праектам з’явяцца і новыя артыкулы. Так, прапануецца замацаваць канстытуцыйна статус Усебеларускага народнага сходу, такім чынам прадстаўнікі народа змогуць яшчэ больш важка ўплываць на ўладу. Змяняюцца і паўнамоцтвы Прэзідэнта, і ўмовы яго выбрання. Як адзначыў кіраўнік раёна Мікалай Мароз, кожны неабыякавы грамадзянін павінен азнаёміцца з праектам Канстытуцыі і абавязкова прыняць удзел у рэферэндуме, незалежна ад палітычных поглядаў, неабходна пачуць адзін аднаго, бо ад голасу кожнага залежаць яго будучыня і будучыня ўсёй Беларусі.
Галіна КАНЬКО.