Па класіцы аграмайстэрства. Навучэнка Ляхавіцкага аграрнага каледжа на рэспубліканскім конкурсе заваявала першае месца

Навучэнка Ляхавіцкага аграрнага каледжа Алена Сцяблова на рэспубліканскім конкурсе «Аграмайстэрства» заваявала першае месца сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі  па накірунку «сельская гаспадарка» ў намінацыі «агранамія».

Чацвёртакурсніца агракаледжа Алена Сцяблова абышла сваіх калег (а іх было больш за 20) у асабістым заліку па дысцыпліне «раслінаводства». Прадстаўнікі васьмі аграрных каледжаў на базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта прэзентавалі свае веды і ў камандным заліку. У ляхавічан – трэцяе месца, на якое, акрамя Алены, працавалі і яе аднакурснікі Андрэй Рудовіч і Вольга Ігошына.


Выкладчык агранамічных дысцыплін Кацярына Юрчык, якая рыхтавала пераможцу рэспубліканскага спаборніцтва па раслінаводстве, вельмі задаволена яе поспехамі. Алена Сцяблова выдатна адказала на пытанні тэарэтычнага блоку, дзе расказала пра тэхналогію апрацоўкі льну-даўгунцу, і майстарскі справілася з практычнай часткай – разлічыла біялагічную ўраджайнасць бульбы.
– Мэтанакіраваная і добрасумленная, карыстаецца аўтарытэтам у аднакурснікаў. Актыўна цікавіцца літаратурай па агранаміі і па-за межамі праграмы. І гэта не перашкаджае ёй зачытвацца гістарычнымі творамі і класікай, – адзначае дырэктар каледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Рознабакова развітая асоба, якая да ўсяго захапляецца і рукадзеллем, яшчэ і мама дваіх дзетак. На пытанне, ці цяжка сумяшчаць вучобу з сямейнымі клопатамі, без роздуму адказвае адмоўна.
– Зусім не. Было б жаданне, а яно вельмі вялікае – працаваць вынікова і прыносіць карысць сельгаспрадпрыемству. А яшчэ ў планах прадоўжыць адукацыю, – падкрэслівае Алена Сцяблова.
Вось-вось яна здасць выпускныя экзамены і дыпламаваным аграномам прыйдзе ў ААТ «Нача». І тэорыя паспяхова пацвердзіцца практыкай.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.