Жанчыны за мір і стабільнасць. У Ляхавічах працуе грамадская прыёмная

Грамадская прыёмная, куды можна звяртацца з прапановамі па праекце змяненняў і дапаўненняў Асноўнага Закона, працуе па зацверджаным графіку. У сераду, 12 снежня, прыём праводзіла старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга Бурак. Магчымасцю выказаць свае меркаванні па абноўленым дакуменце скарысталіся некалькі чалавек, сярод якіх намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх  райвыканкама Наталля Мацкевіч.

Па словах Наталлі Мацкевіч, першае, на што яна звярнула ўвагу ў праекце Канстытуцыі, – захаванне нацыянальнай самабытнасці і суверэнітэту, культурных і духоўных традыцый, міру і згоды, сацыяльная арыентаванасць нашай дзяржавы:
– Для мяне, як жанчыны і маці, гэта вельмі важна. Гэтым каштоўнасцям у дакуменце нададзена самая вялікая ўвага.
Вольга Бурак адзначыла, што з некалькіх прапаноў па змяненні Канстытуцыі, якія падала раённая арганізацыя БСЖ падчас іх збору, дзве знайшлі адлюстраванне ў праекце Асноўнага Закона.
– Нашы дапаўненні датычылі сацыяльнай адказнасці насельніцтва і ўкладу, які павінен кожны ўносіць у развіццё грамадства і дзяржавы. І яны ўключаны ў артыкул 21. А ў артыкуле 32 прапісана адказнасць бацькоў па выхаванні дзяцей, падтрымка дзяржавай сем’яў з дзецьмі, – падкрэслівае Вольга Бурак.
Раённая арганізацыя БСЖ сваёй актыўнасцю, нераўнадушнасцю і ўдзелам у шматлікіх дабрачынных акцыях паказвае прыклад сацыяльнай адказнасці і любві да Айчыны.
Падчас працы грамадскай прыёмнай абмяркоўваліся і іншыя артыкулы  праекта Канстытуцыі. І вельмі важна, што дакумент агульнадаступны, вынесены на грамадскае абмеркаванне і знаходзіць жывы водгук у грамадзян, у тым ліку нашых землякоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.