У энергетыкаў актыўная пазіцыя. У Ляхавіцкім раёне электрасетак абмеркавалі змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон

Тое, што будучыня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а, значыць, і далейшае развіццё нашай краіны неабыякава жыхарам рэспублікі, сведчыць па-сапраўднаму народнае абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў у Асноўны Закон. Не змяншаецца колькасць дыялогавых пляцовак, усё актыўней дэбаты падчас сустрэч і ў працоўных калектывах раёна. Адна з сустрэч напрыканцы мінулага тыдня адбылася ў Ляхавіцкім раёне электрасетак.

Начальнік юрыдычнага аддзела райвыканкама Наталля Жураўская расказала, што ў праект дакумента ўключаны шэраг накірункаў развіцця дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі, інавацыйнай сферы, пытанні інфармацыйнай бяспекі, захаванне нацыянальнай самасвядомасці, гістарычнай памяці і суверэнітэту краіны, выхаванне традыцыйных сямейных каштоўнасцей, забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці і далейшага паспяховага развіцця дзяржавы. Акцэнтавала ўвагу і на актуальным для энергетыкаў пытанні – развіцці атамнай энергетыкі. У артыкуле 46 праекта Канстытуцыі пазначана: Беларусь развівае атамную энергетыку ў мірных мэтах.
Нямала ўвагі нададзена абмеркаванню новых артыкулаў, напрыклад, пра Усебеларускі народны сход – яго функцыі, паўнамоцтвы, прынцыпы дзеяння. У працяг тэмы – унясенні змяненняў і дапаўненняў у V раздзел – мясцовае кіраванне і самакіраванне. Так, згодна з дапаўненнямі ў артыкул 118, мясцовыя Саветы дэпутатаў выбіраюцца тэрмінам на пяць гадоў, а таксама ўводзіцца адзіны дзень галасавання.
Пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей Дзяжко звярнуў увагу на наступную акалічнасць: кожны грамадзянін сваёй краіны павінен ведаць і шанаваць яе гісторыю. Ён падкрэсліў, што Беларусь апошнім часам сутыкнулася са спробай перапісвання гісторыі. Прапанаваныя змяненні ў Канстытуцыю, у прыватнасці, арты-
кул 15 – захаванне гістарычнай праўды і памяці, – гэта спроба, жаданне абараніць нашу краіну, гераічную гісторыю беларускага народа.
Сяргей Дзяжко расказаў, што не ўсе старонкі ваеннага ліхалецця на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна вядомы землякам. Пракуратура раёна разам з краязнаўцамі і неабыякавымі землякамі праводзіць выніковую работу і знаходзіць чарговыя трагічныя факты, якія пацвярджаюць генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Акрамя таго, Сяргей Дзяжко патлумачыў, што на аснове Канстытуцыі будуць прымацца іншыя нарматыўныя акты, якія будуць развіваць асноўныя пастулаты Канстытуцыі.
Прысутныя прадэманстравалі высокую актыўнасць і неабыякавасць пры абмеркаванні дапаўненняў і змяненняў у Канстытуцыю.
Так, начальнік РЭС Віктар Станкевіч папрасіў растлумачыць падрабязней дапаўненне ў артыкул 45, у прыватнасці наконт таго, што грамадзянам Беларусі гарантуецца права на ахову здароўя за кошт дзяржаўных сродкаў і пра тое, што грамадзяне самі абавязаны прымаць меры па захаванні і ўмацаванні ўласнага здароўя. Намеснік дырэктара філіяла «Баранавіцкія электрычныя сеткі» Аляксандр Кандыбовіч адзначыў, што Беларусь была і застаецца сацыяльна арыентаванай дзяржавай, дзе ў аснове – клопат пра чалавека. І, як пазначана ў Канстытуцыі, дзяржава стварае ўмовы даступнага для ўсіх грамадзян медыцынскага абслугоўвання. Але і самі жыхары краіны павінны клапаціцца пра сябе і сваё здароўе. Старшыня прафсаюзнага камітэта філіяла Вадзім Вашчылка нагадаў: летась работнікі Баранавіцкіх электрасетак атрымалі полісы медыцынскага страхавання, але пакуль не надта спяшаюцца імі скарыстацца. А разам з тым, прайсці медыцынскае абследаванне – рэальны шанц прафілактыкі хвароб і атрымання своечасовага лячэння пры іх выяўленні. А калі чалавек здаровы – гэта плюс непасрэдна яму, яго сям’і, калектыву, дзе працуе, і ўсёй краіне. На Брэстчыне дзейнічае і профільны санаторый, дзе ўмацаваць здароўе могуць і работнікі РЭС. Яшчэ адна здаровая прэферэнцыя ад дзяржавы – магчымасць бясплатна вакцынавацца ад каранавіруса, дарэчы, ёй скарысталіся прыблізна 70 працэнтаў работнікаў Баранавіцкіх электрасетак.
Энергетыкі ўздымалі пытанні, звязаныя з функцыямі і паўнамоцтвамі Усебеларускага народнага сходу, парадкам унясення змяненняў у Канстытуцыю, знешняй палітыкай дзяржавы і іншым.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.