Выбар павінен быць асэнсаваным

Апошнім часам давялося пабываць у многіх калектывах Ляхавіцкага раёна, дзе падчас сустрэч абмярковаліся змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю. Адзначу, што моладзь не застаецца ў баку ад абмеркавання. У пацвярджэнне – канструктыўныя размовы, дыялогі ў КСУП «Ліпнянка», ААТ «Шлях новы», Навасёлкаўскай СШ.

Праект змяненняў Канстытуцыі закранае розныя бакі жыцця. Адно з дапаўненняў – у артыкуле 32: дзяржава садзейнічае духоўнаму, інтэлектуальнаму і фізічнаму развіццю моладзі, стварае неабходныя ўмовы для яе свабоднага і эфектыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, рэалізацыі патэнцыялу моладзі ў інтарэсах усяго грамадства.
І гэта цудоўна, што ў нашай краіне моладзі давяраюць, на яе спадзяюцца. І мы, сённяшняе пакаленне юнакоў і дзяўчат, імкнёмся не падвесці, апраўдаць аказаны давер. Нашы маладыя землякі не выключэнне. Дастаткова азірнуцца на нядаўняе ўчора, каб убачыць, колькі ўсяго зроблена.
Байцы будатрадаў – агракаляджане прынялі ўдзел у закрыцці працоўнага семестра падчас марафону «Маладосць. Праца. Адзінства» (летась у нашым раёне 14 студ-атрадаў аб’ядналі больш за 120 юнакоў і дзяўчат). Паспяхова прадставілі свае праекты навучэнка СШ № 1 Арына Страмавус і СШ № 2 Яна Маліхтаровіч на абласным этапе рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага праекта БРСМ «100 ідэй для Беларусі». А колькі непаўторных эмоцый, радасці, шчасця, веры ў цуды і ў тое, што мары абавязкова збываюцца, падарылі актывісты БРСМ падчас дабрачыннай навагодняй акцыі «Нашы дзеці».
Увогуле, ні адна падзея агульнай важнасці, што летась адбылася на Ляхавіччыне, не абышлася без удзелу творчых, ініцыятыўных, неабыякавых юнакоў і дзяўчат, у тым ліку і актывістаў самай масавай маладзёжнай арганізацыі – БРСМ. Дарэчы, артыкул 36 Канстытуцыі дапоўнены наступным: для ажыццяўлення і задавальнення палітычных, сацыяльных, эканамічных, культурных і іншых інтарэсаў грамадзяне маюць права на стварэнне палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў і ўдзел у іх дзейнасці.
Абмеркаванне праекта Асноўнага  Закона завяршаецца, і цяпер кожны з нас, незалежна ад узросту, прафесіі, сацыяльнага статусу, месца пражывання, павінен выказаць сваю пазіцыю і выканаць канстытуцыйны і грамадзянскі абавязак: прыйсці на рэферэндум і зрабіць асэнсаваны  выбар, ад якога залежаць заўтра краіны, наш лёс, жыццё нашых дзяцей і ўнукаў.

Дар’я МАРОЗАВА,  першы сакратар райкама ГА БРСМ.
Фота з архіва БРСМ.