У строй! Плануецца, што на тэрміновую ваенную службу з Ляхавіччыны будуць прызваны каля 50 чалавек

Указ Прэзідэнта Беларусі аб звальненні ў запас і прызыве на тэрміновую ваенную службу, падпісаны 12 жніўня, для адных стаў фінішнай прамой, якая адлічвае апошнія армейскія дні, а для іншых – стартам новага шляху.

У адасобленай групе Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў прызыўныя мерапрыемствы пачнуцца ў верасні і фінішуюць у лістападзе.

Восеньскі прызыў па традыцыі самы масавы. І на гэты раз плануецца, што на тэрміновую ваенную службу з Ляхавіччыны будуць прызваны каля 50 чалавек. Служыць яны будуць ва ўнутраных і пагранічных войсках, падраздзяленнях сіл спецыяльных аперацый і іншых у Брэсце, Баранавічах, Мінску, Слоніме і Гродне, – расказаў начальнік адасобленай групы Ляхавіцкага раёна Арцём Кірута.

У першыя дні верасня юнакі з’явяцца ў адасоб-леную групу для праходжання медыцынскага агляду і вызначэння катэгорыі годнасці да ваеннай службы. А далей нашых землякоў размяркуюць па родах войскаў для выканання канстытуцыйнага абавязку ва Узброеных Сілах Беларусі. Усё больш прызыўнікоў выбірае тэрміновую службу па кантракце. Важна ведаць, што ва Узброеных Сілах першы кантракт заключаеццана два гады, а, напрыклад, у МНС, МУС ці Следчым камітэце – на пяць гадоў. Арцём Кірута падкрэслівае, што важна, каб кожны мужчына атрымаў ваенна-ўліковую спецыяльнасць і ў выпадку неабходнасці мог абараніць сваю сям’ю, родных і нашу Бацькаўшчыну.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.