Грамадзянская планёрка. У мінулы чацвер Альхоўскі сельсавет і яго жыхары прымалі сходу па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння
Час паказаў, што сходы па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння сталі грамадскай неабходнасцю. І сёлетнія сустрэчы кіраўніцтва раёна і розных жыццёва важных службаў з жыхарамі сельсаветаў трансфармаваліся ў новы фармат – з боку гэта больш нагадвае планёрку, дзе ў цэнтры ўвагі пытанне, як зрабіць населеныя пункты лепшымі. Гэта не месца эмоцый і скаргаў, хутчэй пляцоўка для важных прапаноў, рашэнняў, меркаванняў. Менавіта такая характарыстыка склалася для сходу па вырашэнні пытанняў мясцовага значэння, які ў мінулы чацвер прымалі Альхоўскі сельсавет і яго жыхары.

Падтрымка ініцыятыў
Пры звыклым сцэнарным раскладзе старшыня сельвыканкама Вячаслаў Кулак спыніўся на важных момантах, якімі поўніўся год. Для гэтага сельсавета 2025-ы запоўніўся рэалізацыяй шматлікіх грамадзянскіх ініцыятыў. Адна з якіх – узвядзенне памятнага знака спаленым вёскам у Марынове – стала яркай старонкай нашай памяці пакаленню пераможцаў, ахвярам фашызму. Ініцыятыва атрымала шырокі грамадскі інтарэс – сюды з працоўнымі марафонамі імкнуліся землякі з усіх куткоў раёна, прадстаўнікі розных грамадскіх аб’яднанняў – кожны хацеў унесці свой уклад у такую вялікую справу.
Не менш важнае і тое, што землякі становяцца ініцыятарамі неабходных жыццёвых зручнасцяў. Напрыклад, жыхары Альхоўцаў самастойна сабралі сродкі на агароджу могілак, а камунгас дапамог ажыццявіць ініцыятыву. Жыхары Вялікага Гарадзішча таксама праявілі ініцыятыву – самастойна арганізаваліся і высеклі старое кустоўе на могілках.
Абразалася і выдалялася аварыйная расліннасць, наводзіліся парадкі на тэрыторыі помнікаў і воінскіх пахаванняў, ладзіліся суботнікі, праводзілася замена старых агароджаў. Ідзе наладжаная
работа ў вырашэнні пытанняў з пустуючымі квадратнымі метрамі, будынкамі, якія псуюць агульны выгляд населенага пункта. Як адзначыў старшыня Альхоўскага сельвыканкама Вячаслаў Кулак, шэсць дамоў былі знесены летась, у 2026 годзе плануецца знесці восем дамоў (два ў Малым Гарадзішчы). На тэрыторыі сельсавета – чатыры сельгаспрадпрыемствы: ЗАТ «Фораланд», ТАА «Яблыневы Пасад», СУП «Белазем’е», ільнозавод. Ільвіная доля работ
па добраўпарадкаванні – справа рук і матэрыяльная падтрымка
гэтых сельскагаспадарчых арганізацый.
Зноў пра бяспеку
Пра вядомае і, здаецца, зразумелае – бяспеку жыцця – заўжды гаворыцца шмат. Акцэнт на дарожную бяспеку ў сваім выступленні зрабіў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Ляхавіцкага РАУС Аляксандр Анікевіч. Акрамя важных момантаў (наяўнасць у цёмны час сутак святлоадбівальных элементаў, неабходнасць прышпільвацца ў аўтамабілі рамянямі бяспекі, кіраванне транспартным сродкам толькі з пасведчаннем) спыніўся на яшчэ адным важным нюансе. У сельскай мясцовасці жыхары часта грэбуюць правіламі язды на веласіпедзе. Маўляў, колькі тут ехаць. Аднак, калі на вуліцы галалёдзіца, снег – гэта не толькі парушэнне ПДР, а і прамая дарога да траўмаў. Таму такі транспарт на зіму лепш адкласці: на гэты транспартны сродак зімовыя шыны не прадугледжаны.
Акцэнт на пажарную бяспеку зрабіў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч. На жаль, статыстыка сумная: у раёне за 2026-ы зарэгістравана 10 пажараў. На тэрыторыі сельсавета адбыўся адзін пажар, загінулі два чалавекі. Сёння аглядныя камісіі імкнуцца зайсці па кожным вясковым адрасе, аднак кантраляваць усіх немагчыма, а вось самакантроль і клопат пра сябе і родных ніхто не адмяняў.

Пытанні і прапановы
Па сцэнарыі блок «пытанняў і прапаноў». Сярод агучаных, напрыклад, просьба да кіраўніка прадпрыемства
СУП «Белазем’е» Анатолія Ракаўца. Вяскоўцы хацелі б бачыць больш дапамогі і ўвагі тым, хто не працуе на прадпрыемстве. Пачута і прынята да ведама, адзначыў кіраўнік мясцовай гаспадаркі.
Жыхар Малога Гарадзішча прапанаваў выдаліць расліннасць каля будынка «Белазем’я» па вуліцы Новай. Справа ў тым, што дарога ідзе і на мясцовую школу, паварот небяспечны, бо бачнасць не самая лепшая.
Яшчэ адно пытанне было адрасавана дырэктару ЗАТ «Фораланд» Андрэю Панчкоўскаму. Ці сапраўды рапсавы алей такі каштоўны, цікава меркаванне чалавека, пад кіраўніцтвам якога гэта культура паказвае рэкордныя вынікі для раёна.
– Усё больш трывалыя пазіцыі займае рапсавы алей і на знешнім, і на ўнутраным рынку. Кіраўнік дзяржавы разумее патэнцыял гэтай культуры, таму ставіў задачы нарасціць аб’ёмы вытворчасці. Пад азімы рапс у 2025 годзе было адведзена 950 гектараў, атрымалі вынік – 38 цэнтнераў з гектара. Рапсавы алей па сваіх смакавых характарыстыках і пажыўнай каштоўнасці не саступае аліўкаваму і сланечнікаваму алеям. Я і мая сям’я спажываем толькі рапсавы алей, – расказвае Андрэй Панчкоўскі.
Далей пытанні і прапановы паляцелі ў бок камунальнай службы. Жыхарка кватэры ў доме па вуліцы Камсамольскай у Малым Гарадзішчы запрасіла ў чарговы раз камунальнікаў дапамагчы з рамонтам даху. І хоць пытанне з пэўнай адтэрміноўкай, намеснік дырэктара камунгаса Ігар Шырэй паабяцаў выехаць і праінспектаваць сітуацыю. Тым больш вяскоўка набыла будаўнічыя матэрыялы. Пакуль надвор’е не дазваляе прыступіць да дахавых работ, таму чакаем пацяплення. Але ж спачатку варта паглядзець сітуацыю на месцы.
Таксама жыхарка Малога Гара-дзішча папрасіла паспрыяць у вырашэнні важнага для ўсіх жыхароў пытання. У мясцовым ФАПе «падцякае сцяна». Будынак медустанова арандуе ў сельвыканкама. Таму пытанні да яго кіраўніка. Вячаслаў Кулак пытанне ўзяў на аловак.
Чакае ямачнага рамонту вуліца Новая ў Малым Гарадзішчы. Дырэктар ДРБУ-200 Максім Муха адзначыў: у планах значыцца – даедзем. Аднак ёсць нюанс – толькі пасля таго, як завершаць сваю работу камунальнікі па пракладцы водаправода. Таму варта набрацца цярпення.
У адрас работы мясцовага магазіна райпо «Родны кут» гучалі толькі станоўчыя водгукі: усяго хапае, асартымент багаты, абслугоўванне на ўзроўні!
На сходзе жыхары падзякавалі прадстаўнікам усіх службаў за працу – і гэта быў важны шчымлівы момант! «Дзякуй, што заўжды з намі вырашаеце нашы праблемы – службы адзінкавыя, а вось нас, жыхароў, шмат».
Адукацыя, медыцына, культурнае асяроддзе, сацыяльнае абслугоўванне – пагаварылі пра кожны напрамак работы.
– Сёння ў нашай школе навучаецца больш за 70 дзетак. Маем стапрацэнтны кадравы складнік, кожны ў нашым калектыве працуе дзеля нашай будучай змены. Мы імкнёмся выхаваць патрыётаў, а для гэтага ў нас усе ўмовы – вопытныя педагогі і маладыя кадры, якія толькі пачынаюць свой прафесійны шлях, але засвяціліся сваімі напрацоўкамі, сучаснае абсталяванне. Немалаважны аспект – і харчаванне. Упэўнена, і дзецям, і бацькам наша меню даспадобы. Дзякуй нашым шэфам, арганізацыям, якія нас падтрымліваюць. Мы гэта цэнім! – адзначыла дырэктар Малагарадзішчанскай СШ Анжэла Яварчук.
– Мы ведаем, што вы чакаеце сходы, рыхтуеце пытанні і прапановы. Раённае кіраўніцтва заўжды адкрыта да дыялогу – шматлікія прамыя лініі, прыёмы грамадзян… Сёння важна ўцягваць у работу сваіх раённых дэпутатаў – ім давалі наказы, таму павінны разам з вамі актыўнічаць у вырашэнні пытанняў. Дзякуй за сённяшнюю сустрэчу, шчыры дыялог і шмат планаў, як зрабіць сваю малую радзіму лепш, – падзякаваў удзельнікам сходу старшыня
раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч.
За мір і за будучыню
Завяршылася сустрэча пытаннем дзяржаўнай бяспекі, што адбываецца вакол нашых межаў, ці можам мы, беларусы, спаць спакойна.
– Сёння Кіраўнік дзяржавы прымае ўсе меры, каб наш народ не ведаў жахаў вайны. Міралюбівая палітыка Аляксандра Лукашэнкі – гэта прыклад заўсёднага клопату пра нас з вамі, пра беларусаў. Маштабная праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл краіны – гэта наш гарант бяспекі, гэта наша ўпэўненасць. Мы трывала стаім на сваёй зямлі, мы ведаем, што гэта зямля наша! І калі хто замахнецца на наша, на святое, упэўнены, адказ будзе моцны. Дзеля гэтага і адбываецца тое, што адбываецца. А наша задача – змагацца на сваіх працоўных месцах: у полі, мехмайстэрнях, у вучэбных класах, лабараторыях і кабінетах… Змагацца за вынік, за ўраджай, за адзнаку, за медаль – змагацца за будучыню! – адзначыў кіраўнік раёна Мікалай Мароз.
Маргарыта
КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота аўтара.

