За жыццёвай дыстанцыяй – вечнасць. У Ляхавічах прайшоў мемарыял спартсмена, трэнера-выкладчыка, чалавека з вялікай жыццёвай літары Андрэя Іванюценкі

Яшчэ зусім нядаўна, нязменна і больш за тры дзясяткі гадоў ён знаходзіўся ў эпіцэнтры спартыўнага жыцця нашага раёна. У прыватнасці, яго каралеўскага віду – лёгкай атлетыкі. Выхадзец з самых глыбінных, сельскіх і далёка не гаравых бегавых дарожак навуку перамагаць і выхоўваць пераможцаў Андрэй Аркадзьевіч удасканальваў у сценах Гомельскага вучылішча алімпійскага рэзерву пад кіраўніцтвам вопытных настаўнікаў. Сваю жыццёвую і спартыўна-выхаваўчую дыстанцыю на Ляхавіччыне пачынаў у сакавіку 1993 года з пасады трэнера-выкладчыка па лёгкай атлетыцы мясцовай ДЮСШ. Яна ж стала і апошняй у жыцці спартыўнага настаўніка, чыя зямная дыстанцыя закончылася 21 чэрвеня мінулага года.


Але жыве памяць, цёплыя, трапяткія ўспаміны шматлікіх выхаванцаў, сяброў, канешне ж, родных.
Напярэдадні старту 19 лютага адкрытага першынства ДЮСШ Ляхавіцкага раёна па лёгкай атлетыцы памяці трэнера-выкладчыка Андрэя Іванюценкі сярод юнакоў і дзяўчат 2012 года нараджэння і маладзейшых прадставілася магчымасць пагутарыць з адной з удзельніц спаборніцтваў. У сваім яшчэ далікатным узросце Дар’я Кузняцова ўжо некалькі гадоў у спорце. Вучаніца гім-назіі спецыялізуецца на бегу на спрынтарскія дыстанцыі.
– У спорт прыйшла за кампанію ці па прыкладзе старэйшага брата. Той спробны для мяне занятак праводзіў Андрэй Аркадзьевіч. Трэніроўка спадабалася: прыемная атмасфера, новыя для мяне практыкаванні. Закранула і тое, што сваёй настаўніцкай увагай трэнер не мінаў нікога з групы. Тлумачыў, тое ці іншае практыкаванне паказваў уласным прыкладам. Дасціпна і даступна, з улікам трэніровачнага «стажу» асобных удзельнікаў групы. Асабіста мяне падбадзёрыў, матываваў тым, што пры належных адносінах да трэніровак з мяне можа атрымацца нядрэнны бягун. А калі і не чэмпіён, то бег – гэта і здароўе, і прыгажосць, і сіла, і розум. Пра
Андрэя Аркадзьевіча ў мяне выключна цёплыя ўспаміны, – паразважала па просьбе карэс-пандэнта Дар’я.
У працяг слоў спартсменкі дарэчы будзе адзначыць, што па выніку мемарыялу свайго першага трэнера дзяўчына прымерала да сябе некалькі прызавых медалёў.
Цырымонія адкрыцця першага турніру памяці трэнера была непрацяглай, аднак кранаюча трапяткой. Дачка Андрэя Іванюценкі Лізавета Замацеўская сардэчна падзякавала ўсім за памяць пра бацьку, спартсменам пажадала абысціся без фальстартаў, а яшчэ – максімальна хуткіх секунд-мінут на фінішы, доўгіх скачкоў майстрам гэтай лёгкаатлетычнай дысцыпліны. Лізавета, канешне ж,
ведае, што пажадаць і як падбадзёрыць калег свайго школьнага юнацтва. За плячамі дзяўчыны не адна сотня кіламетраў па бегавых дарожках ДЮСШ Ляхавіцкага раёна, у чым ёй і прафесійна, і па-бацькоўску дапамагаў і падтрымліваў Андрэй Іванюценка. Лізавета кандыдат у майстры спорту, з’яўляецца выпускніцай Брэсцкага абласнога вучылішча алімпійскага рэзерву. Як прызнаецца, да гэтага часу не ўяўляе сябе без бегу, на аматарскім узроўні працягвае ўдзельнічаць у шматлікіх бегавых форумах.
На дэбютны адкрыты мемарыял ляхавіцкага трэнера-выкладчыка заявіліся каманды з пяці рэгіёнаў Брэстчыны: Баранавіцкага, Ганцавіцкага, Столінскага, Пінскага раёнаў. За Ляхавіччыну бегалі, скакалі ў даўжыню, спаборнічалі ў спартыўнай хадзьбе і эстафетным бегу выхаванцы раённай ДЮСШ. Нашу каманду да стартаў рыхтавалі трэнеры-выкладчыкі Алена Ульянава і Раман Станчык, на якіх была ўскладзена і асноўная судзейская нагрузка – адказнасць за дакладнасць вынікаў і занятых месцаў на прызавым п’едэстале. У спорце гэта выключна важна, асабліва – спорце юных.
Спаборніцтвы прайшлі, што называецца, на адным кароткім і яркім, як узмах стартавага флажка, дыханні, завяршыліся за два дні і пад дружныя апладысменты.
Пачатак турніру, безумоўна ж, атрымаўся. А працяг абавязкова будзе, праз год, як і сёлета, прык-ладна на мяжы святкавання Дня абаронцаў Айчыны.
Іван КАВАЛЕНКА.

Дзякуй за памяць!
Вялікі дзякуй усім, хто помніць і шануе нашага любімага і роднага чалавека Андрэя Аркадзьевіча Іванюценку. Мы ўдзячны за вашу падтрымку і вашу любоў. Для нас вельмі важна, што прайшоў першы турнір памяці, і выдатна, што ён атрымаўся такім яркім і запамінальным. Мы крануты ўвагай, цёплымі словамі і ўсім тым, што было арганізавана ў памяць пра нашага дарагога чалавека. Наш любімы муж, бацька, брат, дзядзька быў вельмі шчырым і добрым, любіў жыццё і ўмеў радавацца кожнаму дню. Ён па-бацькоўску клапаціўся пра сваіх выхаванцаў, вырасціў нямала чэмпіёнаў, але, галоўнае, ён любіў справу, якой аддаў не адно дзесяцігоддзе, і сваіх вучняў, радаваўся поспехам калег.
Настаўнік жыве ў сваіх вучнях. Упэўнены, што Андрэй Аркадзьевіч ганарыўся б дасягненнямі яго выхаванцаў. Дзякуй калектыву ДЮСШ за памяць.
Сям’я Андрэя Іванюценкі.