Масленічны наказ: нікому не сумаваць! Ляхавічане зіму праводзілі і вясну зазывал
●Весела – з песнямі і карагодамі, гульнямі і конкурсамі, блінамі
і іншымі пачастункамі – ляхавічане зіму праводзілі і вясну зазывалі

І гэта было супервесела і цікава! Узрушаныя і станоўчыя водгукі выказвалі многія, хто ў мінулую нядзелю ўдзельнічаў у народным гулянні «Масленіца» ў Ляхавічах. Сёлета месцам сустрэчы вясны зноў абрана плошча Леніна. І, магчыма, гэтая акалічнасць паўплывала на колькасць жадаючых паўдзельнічаць у сапраўдным сямейным свяце – людзей сабралася шмат.

Самадзейныя артысты з устаноў культуры раёна пастараліся: што ні выступленне – свая адметнасць. А касцюмы чаго вартыя! Кожны жадаючы мог зазірнуць у імправізаванае фотаатэлье і сфатаграфавацца. Сумаваць не даводзілася ні малому, ні сталаму: навокал песні, жарты, гульні, конкурсы. Наказ быў
аднолькавы для ўсіх: адпачываць, весяліцца і ні ў якім разе не сумаваць!
Дэфіле самаробных роставых лялек – удзельніц конкурсу «Вясновыя прыгажуні» здзівіла і пакарыла гледачоў. Кожная з «прэтэндэнтак» дастойная перамогі. А ў ролях майстроў – работнікі Дамоў культуры, пазашкольных устаноў. Каралевай «Масленіцы» па рашэнні журы стала лялька аўтарства работнікаў Крывошынскага сельскага Дома культуры.
А колькі жадаючых было «пакарыць» драўляны слуп, каб стаць уладальнікам прызоў. Большасць сюрпрызаў была паспяхова знята са слупа.
Жыхары раёна з азартам адгукнуліся на прапанову арганізатараў паўдзельнічаць у конкурсе на незвычайны масленічны блін, які неабходна было спячы дома загадзя і ў нядзелю
прадставіць на суд і спробу журы. Лепшымі блінапёкамі прызнаны работнікі Свяціцкага СДК, якія не толькі адмысловыя тэатралы, спевакі і жартаўнікі, але, як высветлілася, і добрыя кулінары.
Хлебасольна, музычна, з гумарам сустракалі гасцей на выставе-продажы страў беларускай кухні.
Што ж за Масленіца без спальвання пудзіла зімы і гукання вясны!
Падчас выстаўкі-продажу сувенірнай прадукцыі чарговы раз парадавалі разнастайнасцю тавараў мясцовыя ўмельцы і заезджыя
рамеснікі. «Смачнае» суправаджэнне з гарачымі аладкамі, шашлыкамі, юшкай, салодкай выпечкай арганізавалі райпо і прыватнікі. Чарга стаяла за бясплатнымі духмянымі прапановамі ад камунгаса – блінамі і юшкай.
Сярод дзятвы папулярнасцю карысталіся атракцыёны. Да месца былі і акцыі, арганізаваныя раённым аддзелам па надзвычайных сітуацыях і райбальніцай у межах акцыі «За бяспеку разам». Загадчык сектара культуры райвыканкама Вольга Цімашок
не хавала эмоцый:
– Вельмі прыемна, што свята атрымалася. Стараліся стварыць настрой усім, хто зазірнуў на народнае гулянне. Рады, бо ўдалося спалучыць народныя традыцыі з сучаснымі запытамі і забавамі.
Па традыцыі Масленічны тыдзень завяршыўся Даравальнай нядзеляй. У праваслаўных вернікаў у панядзелак пачаўся сямітыднёвы пост перад Вялікаднем.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

