Свята для сапраўдных мужчын. У Ляхавічах ушаноўвалі абаронцаў Айчыны. Асаблівыя словы ўдзячнасці – ваеннаслужачым і ветэранам Узброеных Сіл

Радзіма, Айчына – святыя, важныя словы для кожнага чалавека, грамадзяніна, патрыёта. Быць абаронцам заўсёды лічылася вялікім гонарам і адказнейшым абавязкам. Гэта і пра сівых ветэранаў, якія прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, выстаялі ў барацьбе з фашызмам і перамаглі, заваявалі такую доўгачаканую Перамогу ў маі 1945 года, і тых, каго інтэрнацыянальны абавязак паклікаў у Афганістан, тых, хто калісьці абараняў рубяжы сваёй краіны, а сёння ў запасе ці адстаўцы, і пра цяперашніх салдатаў і афіцэраў, якія выбралі мужную прафесію – абараняць Радзіму, і дзякуючы каму Беларусь жыве пад мірным небам. Яны былі, ёсць і будуць прыкладам мужнасці для наступных пакаленняў. 23 лютага мы адзначаем Дзень абаронцаў Айчыны – свята кожнага прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва, незалежна ад узросту. І не толькі. Святкуюць яго і жанчыны, чыя біяграфія звязана з Узброенымі Сіламі.
І на Ляхавіччыне ў мінулы панядзелак ушаноўвалі дарагіх і паважаных мужчын. З раніцы ў працоўных калектывах у цэнтры ўвагі былі прадстаўнікі моцнай паловы. Не адставалі і дашкаляты, школьнікі, каляджане. Сацыяльныя сеткі запоўніліся віншавальнымі старонкамі.
На плошчы Перамогі ў райцэнтры з удзелам прадстаўнікоў улады, працоўных калектываў, ветэранаў і сённяшніх салдатаў
і афіцэраў Узброеных Сіл Беларусі, прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў, навучэнцаў ваенна-патрыятычных клубаў адбыўся мітынг-ушанаванне. Да помніка воінам-вызваліцелям у знак памяці, як падзяка за мір, суверэнітэт краіны – кветкі і вянкі.
Урачыстасці прадоўжыліся ў гарадскім Доме культуры. З прывітальным словам да герояў свята з пажаданнямі здароўя, шчасця і дабрабыту звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўручыў Граматы і Падзячныя пісьмы райвыканкама і райсавета абаронцам Айчыны.


З самым мужным святам павіншаваў і начальнік адасобленай групы ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў Арцём Кірута. І, канешне ж, у свята было мноства падарункаў – музычных, песенных, танцавальных – шчырых, ветлівых і надзвычай прыемных.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.


Землякі мірных прафесій – настаўнікі Ляхавіцкай ДШМ –
з гонарам і пашанай – пра беларускую армію і абаронцаў Айчыны.



Уладзімір ПІВАВАРЧУК:
– Я служыў у Савецкай Арміі з 1990 па 1992 год. Неаднаразова, калі нёс каравульную службу, лавіў сябе на думцы, што на мяне ўскладзена важная місія: пакуль увесь горад спіць, я – на варце, ахоўваю спакой людзей. Служба ў арміі пакінула незабыўны след і гонар: у тым, што ў краіне мір, ёсць і мая заслуга.

Ірына ТУЛЕЙКА:
– Мы жывём у няпросты час – напружаная сітуацыя каля межаў Беларусі, санкцыі, імкненне да дэманстрацыі сілы. Вось чаму важна яшчэ больш падымаць прэстыж арміі, служба ў якой становіцца ўсё больш матываванай. Пажадаю ўсім ваенным –
ад салдата да генерала – вытрымкі, сілы, верных сяброў, надзейнага тылу і мірнай службы пад чыстым небам Беларусі. А мы, маці, жонкі, сёстры, сяброўкі, будзем маліцца за ваш дабрабыт і за нашу шчаслівую будучыню.

Мікалай ШКЛЯНІК:
– Праз музыку, культуру, творчасць мы таксама выхоўваем патрыётаў. Многія выпускнікі нашай школы мастацтваў праходзяць службу ва Узброеных Сілах Беларусі. Армія – гэта дысцыпліна, узаемавыручка, высокі маральны дух. Таму армейская школа – значны этап у станаўленні сапраўднага мужчыны.