Чый вобраз самы навагодні? У Ляхавічах падвялі вынікі раённага конкурсу

Як жа хораша выглядаў наш райцэнтр у навагоднія святы: іскрыўся і і зіхацеў. Яркае аздабленне спрыяе не толькі цудоўнаму настрою, але і паляпшае працаздольнасць. Узмацніў навагодні вобраз і традыцыйны штогадовы агляд-конкурс на лепшае афармленне будынкаў і прылеглых да іх тэрыторый, аб’яўлены райвыканкамам. У ім, акрамя прадпрыемстваў і арганізацый, індывідуальных прадпрымальнікаў, прынялі ўдзел і гаспадары прыватных домаўладанняў. Камісія, якая ўважліва ацэньвала кожнага канкурсанта, улічвала ўнікальнасць ідэі святочнай «знешнасці», выкарыстанне светлавога афармлення і тэхнічных сродкаў, якасць выканання і г. д.

Пераможцам сярод прамысловых, будаўнічых, транспартных прадпрыемстваў, прадпрыемстваў лясной і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, банкаўскіх арганізацый, арганізацый сувязі прызнана ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». Яму будуць уручаны дыплом I ступені і грашовая прэмія. На другім месцы ў гэтай намінацыі Ляхавіцкі раён электрасетак. «Бронза» ў Ляхавіцкага раёна газазабеспячэння.
Сярод сельгасарганізацый лідарства належыць ААТ «Жарабковічы», на другой ступені п’едэстала – СВК «Ляхавіцкі». Замкнула тройку лепшых навагодніх дызайнераў ААТ «Нача».
У намінацыі «гандлёвыя аб’екты юрыдычных асоб і ІП» перамога прысуджана райпо, ТАА «Трансэлектракамплект» заваявала дыплом II ступені, трэцяе месца ў магазіна «Усходні».
Лепшае навагодняе афармленне сярод устаноў адукацыі, культуры, аховы здароўя, сацыяльнай абароны, спорту і турызму, па меркаванні журы, у дзіцячай школы мастацтваў. «Серабро» ў райбальніцы, на трэцім месцы – цэнтральная  раённая бібліятэка імя Я. Купалы.
Пастараліся ўпрыгожыць свае дамы ў святочнай тэматыцы землякі. Першае навагодняе месца – у ляхавічанкі Святланы Баўтрукевіч, другое – у жыхаркі райцэнтра Антаніны Касцюковай, дыплом III ступені ў жыхаркі Ліпска Алены Пастарнакевіч. Усім ім будуць уручаны дыпломы і грашовыя прэміі падчас раённага пасяджэння гаспадарчага актыву.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.