«Заводскі» падарунак. Яшчэ адзін фірменны магазін адкрыты ў Ляхавічах

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ

На мінулым тыдні ляхавічане атрымалі гатовы пераднавагодні падарунак, які яшчэ больш павысіць узровень іх гандлёвага абслугоўвання. У райцэнтры па адрасе Южакова, 16 адкрыўся фірменны магазін ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» з сімвалічнай назвай «Заводскі». Чырвоную стужку перарэзалі старшыня райвыканкама Аляксандр Камінскі, яго намеснік Андрэй Навагран, дырэктар завода Аляксандр Вашчук.


– Ляхавіцкі кансервавы завод упэўнена трымае марку аднаго з лепшых прадпрыемстваў раёна. Яго прадукцыя – брэнд, візітоўка Ляхавіччыны. І ёсць усе падставы спадзявацца, што магазін стане папулярным не толькі сярод гараджан, але і нашых гасцей, – падкрэсліў кіраўнік раёна Аляксандр Камінскі і пажадаў прадпрыемству прыбытку, магазі- ну – добрай выручкі і задаволеных пакупнікоў.
– Гэты магазін – першая кропка на карце нашага фірменнага гандлю. Ана-лагічныя крамы будзем адкрываць не толькі ў гарадах Беларусі, але плануем заваяваць і замежныя рынкі, у прыватнасці, расійскія. Попыт на ляхавіцкую кансерваваную прадукцыю, якая вызначаецца якасцю, натуральнасцю, выдатным смакам і яшчэ адным бясспрэчным плюсам – прымальным коштам, устойлівы і ў нашай краіне, і за яе межа- мі, – адзначае Аляксандр Вашчук і дадае: – Мы зацікаўлены, каб спажыўцы нашай прадукцыі дзяліліся меркаваннямі пра яе якасць, выказвалі свае прапановы па афармленні этыкетак. Давайце разам будзем рабіць плодаагароднінныя кансервы больш смачнымі.
Цяпер у продажы – сокі, салаты, соусы, павідла, варэнне, салянкі, абедзенныя стравы ў слоіках рознага памеру. Цэны тут ніжэйшыя, чым у іншых гандлёвых кропках, выбар – куды багацейшы. Таксама ў продажы – сувеніры з сімволікай завода, ільняныя вырабы, цукеркі і іншая прадукцыя.
– Больш за 30 гадоў працавала на заводзе, з гонарам магу сказаць: нашы кансервы смачныя, бо робяцца з любоўю. Абавязкова параю і таматны соус, і бярозавы сок, – гаворыць Валянціна Вінель.
– Нарэшце адкрыўся фірмен-ны магазін нашага кансервавага завода. Абавязкова што-небудзь куплю! Хваляць сокі, салянку. Я, напрыклад, соус купляю толькі ляхавіцкі, – далучаецца да размовы Ала Бурвель.
– На адкрыццё магазіна трапіла выпадкова: прыехалі ў Ляхавічы па справах. А вось смак вашых плодаагароднінных кансерваў ведаем добра, часта купляем, нават вазілі знаёмым у Санкт-Пецярбург. Спадабалася, казалі, не адрозніш ад дамашніх нарыхтовак. Такая гандлёвая кропка нялішняй была б і ў Баранавічах, – расказвае Таццяна Васілевіч.
Сёння прадпрыемства выпускае больш за сотню найменняў прадукцыі. Пераважная яе частка прадстаўлена на паліцах «Заводскага». Як адзначыў Аляксандр Вашчук, асартымент будзе пашырацца і далей. Прадаўцы-кансультанты дапамогуць з выбарам, параяць, раскажуць пра тавар.
Дарэчы, у планах «Заводскага» продаж яшчэ большай колькасці вырабаў рамеснікаў раёна, у пераліку тавараў з’явяцца хлебабулачныя вырабы і шмат чаго іншага, што задаволіць пакупніцкі попыт.
Падчас дэгустацыі можна было пакаштаваць разнастайныя сокі, а калі нешта спадабалася – адразу і купіць.
Магазін працуе па зручным графіку: у аўторак, сераду, чацвер – з 7 да 21 гадзіны, пятніцу, суботу, нядзелю – з 7 да 23 гадзін, перапынак на абед – з 14 да 16 гадзін, выхадны – панядзелак.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

БОЛЬШ ФОТА Ў ФОТАРЭПАРТАЖЫ