Наступны прыпынак – «Лясная». Звароты: вырашана станоўча

Жыхары раёна – гараджане і вяскоўцы – звяртаюцца ў органы мясцовай улады, тэлефануюць на прамыя лініі з пытаннямі, што тычацца не толькі будаўніцтва новых аб’ектаў, добраўпарадкавання, вырашэння спрэчных момантаў, але і для аднаўлення работы тых аб’ектаў, якія калісьці былі запатрабаваны ў насельніцтва, але па нейкіх прычынах іх зачынілі, і яны спынілі сваю дзейнасць.

У ліпені мінулага года калектыўнае пісьмо-запыт прыйшло ад жыхароў дома  № 144 па вуліцы Кастрычніцкай у Ляхавічах. Праблема, узнятая неабыякавымі грамадзянамі, наступная: раней у раёне завода «Металапластмас» быў прыпыначны пункт «Лясная», на якім спыняліся рэйсавыя прыгарадныя аўтобусы. Было зручна: няма патрэбы ехаць на аўтастанцыю ў Ляхавічы, каб потым перасаджвацца на маршрут, напрыклад, Ляхавічы – Свяціца. Аўтобусы спыняліся тут, бралі-высаджвалі пасажы-раў, але вось сам прыпынак ніяк не абсталяваны. Ды і не значыўся ў апошнія гады на афіцыйнай карце маршрутаў прыгарадных аўтобусаў.
– Праз «Лясную» за дзень праязджае каля дзясятка рэйсаў у бок Задвор’я, Свяціцы, Ліпска, Тухавічаў і іншых кропак, прычым не толькі Ляхавіцкага, але і Баранавіцкага раёна. Акрамя таго, летам і восенню нямала грыбнікоў і ягаднікаў, якія высаджваюцца менавіта на гэтым прыпыначным пункце – побач лес. Адназначна, прыпынак тут неабходны, важна ўлічваць і запатрабаванні грамадзян, якім патрабуецца ўладкаваны прыпынак, – адзначае інжынер-тэхнолаг аўтаатрада «прыгарадныя, міжгароднія і міжнародныя пасажыраперавозкі»  ААТ «Аўтапарк г. Баранавічы» Андрэй Масцілоўскі.
Праз паўгода пасля звароту ў райвыканкам абноўлены прыпыначны пункт зноў сустракае пасажыраў. Рамонтна-аднаўленчыя работы праводзіла ДРБУ-200.
– Памянялі поўнасцю два аб’екты, устанавілі лаўкі, сметніцы. На гэта з бюджэту выдаткавана больш за 12 тысяч рублёў. Сродкі асвоены поўнасцю, – расказвае начальнік ДРБУ-200 Ігар Пілінога.

Галіна КАНЬКО.