Перспектывы актыўнага даўгалецця

19 студзеня ў аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых грамадзян ТЦСАН абмяркоўвалі змяненні і дапаўненні Асноўнага Закона. Падчас дыялогавай пляцоўкі «Старэйшае пакаленне – за актыўнае даўгалецце: пытанні і перспектывы» арганізаванай упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, можна было ўнесці свае прапановы, задаць хвалюючыя пытанні. Размова атрымалася канструктыўнай, ажыўленай і цікавай.


Начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Дзіяна Трысцень падкрэсліла, што ў праект Асноўнага Закона ўключаны шэраг напрамкаў развіцця сацыяльнай палітыкі, пытанняў інфармацыйнай бяспекі і інавацыйнай сферы, захавання нацыянальнай самабытнасці, гістарычнай памяці і суверэнітэту краіны, выхавання традыцыйных сямейных каштоўнасцяў, забеспячэння сацыяльнай справядлівасці і іншыя. Важна тое, што сацыяльная накіраванасць захоўваецца з улікам сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Дзіяна Трысцень падрабязна спынілася на тых лічбах і фактах, якія складаюць дзяржаўны клопат
на прыкладзе насельніцтва Ляхавіччыны. Так, у нашым раёне амаль восем тысяч атрымальнікаў пенсіі, летась яна назначана 338 чалавекам. Сярэдні яе памер складае 504 рублі. У 2021 годзе выплачана 418 тысяч рублёў дзяржаўнай адраснай дапамогі тым землякам, у каго даход не перавышаў бюджэт прыжытачнага мінімуму, і хто звярнуўся ў ТЦСАН за гэтым відам грашовай падтрымкі. І прыклады клопату пра пенсіянераў, дзяцей і сем’і, людзей з інваліднасцю і далей можна працягваць.
Дырэктар ТЦСАН Таццяна Равінская расказала пра асноўныя палажэнні Нацыянальнай стратэгіі Рэспублікі Беларусь «Актыўнае даўгалецце-2030», мэта якой – фарміраванне грамадства для людзей усіх узростаў. Сярод задач – і стварэнне ўмоў для здаровага і бяспечнага жыцця, актыўнага даўгалецця і г. д. І гэта адна з нормаў, адлюстраваных у праекце Канстытуцыі. У прыватнасці, у артыкуле 45 пазначана, што грамадзянам Рэспублікі Беларусь гарантуецца права на ахову здароўя, уключаючы бясплатнае лячэнне за кошт дзяржаўных сродкаў у парадку, устаноўленым законам. Для пажылых людзей здароўе – галоўная каштоўнасць, і вельмі  важна забяспечыць даступнасць асноўных відаў медыка-санітарнай дапамогі. У ТЦСАН дзейнічае школа актыўнага даўгалецця, а ў райбальніцы маецца геранталагічны кабінет, дзе «працуюць» над здароўезберажэннем пажылых землякоў. Дырэктар ТЦСАН пазнаёміла прысутных і з пералікам паслуг, якія аказвае цэнтр.
Юрысконсульт ТЦСАН Марына Касаковіч удакладніла, што абноўлены дакумент змяшчае 11 абсалютна новых артыкулаў і адзін раздзел, прысвечаны паўнамоцтвам Усебеларускага народнага сходу, а таксама 77 дзеючых артыкулаў, якія зменяцца. 
Напрыклад, з’явіўся новы раздзел «Усебеларускі народны сход», дзе прапісаны функцыі і паўнамоцтвы гэтага органа народаўладдзя. У праекце Канстытуцыі замацавана, што рэспубліка выключае ваенную агрэсію ў бок іншых дзяржаў – гэта палажэнне замяняе вызначэнне Беларусі як бяз’ядзернай і нейтральнай краіны. Дадаецца, што рэспубліка будзе развіваць атамную энергетыку ў мірных мэтах.
Асаблівую цікавасць ва ўдзельнікаў сустрэчы выклікаў артыкул 47, дзе гарантуецца права на сацыяльнае забеспячэнне па ўзросце, у выпадку хваробы, інваліднасці і іншых выпадках. Працягваецца клопат дзяржавы пра ветэранаў вайны і працы, асоб, якія страцілі здароўе пры абароне дзяржаўных і грамадскіх інтарэсаў, а таксама пра інвалідаў і пажылых людзей.
Дыялог атрымаўся сапраўды адкрытым і зацікаўленым. Члены клуба «Залаты ўзрост» праявілі актыўную грамадзянскую пазіцыю, а таксама выкарысталі магчымасць адрасаваць свае пытанні і атрымаць на іх адказы.
Старшыня раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Мікалай Юрлевіч выказаў сваё меркаванне па праекце Асноўнага Закона і агучыў прапановы землякоў па ўнясенні дапаўненняў і змяненняў Канстытуцыі Беларусі.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.