Беларусы самі пішуць гісторыю краіны. У грамадскай прыёмнай працавала старшыня Ляхавіцкага раённага аб’яднання прафсаюзаў

Мінулая серада стала апошнім днём, калі можна было падаць свае прапановы па змяненнях у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь. А вось абмеркаванне змяненняў і дапаўненняў у нашым грамадстве прадаўжаецца. Прычым, актыўнасць не змяншаецца. І такая пазіцыя зразумелая: мы вырашаем, як будзе развівацца наша дзяржава ў далейшым, і як будуць жыць беларусы. Адна з формаў адкрытага дыялогу з грамадзянамі – работа грамадскіх прыёмных, якія ў нашым раёне працуюць па панядзелках і серадах. Так, 19 студзеня прыём праводзіла старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк.

У грамадскую прыёмную ГА «Белая Русь» звярнулася начальнік абаненцкага аддзела КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», старшыня прафсаюзнай пярвічкі камунгаса Іна Смаршчок. Яна адзначыла, што даволі падрабязна вывучыла ўсе прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў Асноўны Закон краіны. Адным з важных лічыць дапаўненне ў артыкул 70, якім забараняецца фінансаванне расходаў на падрыхтоўку і правядзенне выбараў замежнымі дзяржавамі і арганізацыямі, замежнымі грамадзянамі, а таксама ў іншых выпадках, прадугледжаных законам. Тамара Пракап’юк падкрэсліла, што такі новы аспект гэтага артыкула асабліва вызначальны для нашай краіны пасля падзей жніўня 2020 года, калі за беспарадкамі, якія былі ў некаторых рэгіёнах рэспублікі, стаялі замежныя сілы, яны фінансавалі і, адпаведна, кіравалі працэсам падрыву суверэнітэту нашай краіны, дабрабыту беларускага народа. Ды і сёння прыклад падзей, што адбываюцца ў Казахстане, паказвае наколькі небяспечны знешні ціск, фінансаванне так званых каляровых рэвалюцый з боку іншых дзяржаў.
– Гэта ўмяшанне ў справы іншай дзяржавы, і такім уздзеяннем не грэбуюць многія краіны Захаду. А разнастайныя санкцыі, што раз за разам уводзяцца супраць Беларусі, яе грамадзян, прадпрыемстваў і арганізацый, – яшчэ адно пацвярджэнне далёка не дружалюбнай палітыкі адносна нашай рэспублікі. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступала і выступае супраць любога замежнага ціску на нашу дзяржаву. Тычыцца гэта і канстытуцыйнага працэсу – ён таксама ўнутраная справа беларусаў. Вызначаць змест будучых паправак у Асноўны Закон могуць толькі грамадзяне рэспублікі, як і па якой Канстытуцыі будзе жыць Беларусь – вызначае толькі наш народ, без
падказак з замежжа, – гаворыць  Тамара Пракап’юк.
Яшчэ адно важкае дапаўненне закрануў юрысконсульт Ляхавіцкай райветстанцыі Аляксандр Шпак. Тычыцца яно Усебеларускага народнага сходу. Раённы прафсаюзны лідар падкрэсліла: калі паўнамоцтвы Усебеларускага народнага сходу будуць замацаваны ў Канстытуцыі, гэта дасць яшчэ адну магчымасць прамога ўдзелу розных грамадскіх арганізацый, а, значыць, прадстаўнікоў працоўных калектываў, моладзі, ветэранаў удзельнічаць у распрацоўцы законаў і прыняцці рашэнняў дзяржаўнай важнасці.
– Лічу, надзвычай важна, што праект Асноўнага Закона вынесены на ўсеагульнае абмеркаванне. У кожнага з нас, беларусаў, ёсць рэальная магчымасць прапанаваць пэўныя тэмы для вызначэння далейшага лёсу краіны. Час паказвае: сучаснікі гатовы ўносіць канкрэтныя прапановы па ўдасканаленні Канстытуцыі. Сустракаючыся з працоўнымі калектывамі, бачыш неабыякавасць нашых землякоў. Людзей цікавяць тэмы наконт тэрмінаў прэзідэнцтва, развіцця сацыяльнай
сферы, у прыватнасці, медыцыны, адукацыі, дапамогі сем’ям з дзецьмі, клопату пра ветэранаў. Для мяне, як прафсаюзнага лідара, самым значным стала, што наша Беларусь застаецца сацыяльнай дзяржавай з сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікай, – сказала Тамара Пракап’юк.

Галіна КАНЬКО.