Доктар — назаўжды

Быць доктарам — пра гэта ўрач кабінета прафілактычнага агляду Галіна Кунціш марыла яшчэ ў дзяцінстве. Калі пасля заканчэння школы трэба было вызначыцца з прафесіяй, нават не паўставала пытанне, кім быць, — вырашыла адразу, хоць і ведала, што справа гэта нялёгкая. Мара дапамагаць людзям і быць доктарам для сябе (бо з дзяцінства мела праблемы са здароўем) ажыццявілася. Тым больш, выбар Галіны падтрымалі бацькі.
У 1960 годзе дзяўчына паступіла ў Гродзенскі тады яшчэ дзяржаўны медыцынскі інстытут, яе выпуск быў трэцім. Пасля шасці гадоў вучобы трапіла па размеркаванні ў Лунінецкую раённую бальніцу, дзе працавала акулістам.
Але так распарадзіўся лёс — Галіна Васільеўна па сямейных абставінах вярнулася на Ляхавіччыну, уладкавалася працаваць у цэнтральную раённую бальніцу. А паколькі пасада акуліста была занятая, пасля спецыялізацыі працавала дзіцячым урачом у раддоме. Пасля перакваліфікавалася ва ўрача-дэрматавенеролага, кім і працуе па сённяшні час.
— Я вельмі люблю сваю прафесію. І ганаруся тым, што мая ўнучка Алена выбрала такі ж шлях. Зараз яна вучыцца на чацвёртым курсе Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. Праўда, са спецыяльнасцю яшчэ не вызначылася, — гаворыць Галіна Васільеўна.
Яна адзін з самых вопытных і аўтарытэтных урачоў у бальніцы — што ні кажы, а ўжо 47 гадоў бесперапыннага стажу. Выдатны прыклад для маладых калег.
Маргарыта КУХТА,
студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *