Зараз у Ляхавіцкім раёне, як і па ўсёй Брэсцкай вобласці выконваюцца мерапрыемствы па недапушчэнню міграцыі небяспечнай хваробы на тэрыторыю раёна, вобласці

Як паведамлялася ўжо ў папярэднім нумары “Ляхавіцкага весніка”, у Рэспубліцы Беларусь афіцыйна зарэгістравана два выпадкі ўзнікнення афрыканскай чумы свіней. Зараз у Ляхавіцкім раёне, як і па ўсёй Брэсцкай вобласці выконваюцца мерапрыемствы па недапушчэнню міграцыі небяспечнай хваробы на тэрыторыю раёна, вобласці. Усе, што патрэбна ведаць, што неабходна выконваць а чаго, у сітуацыі якая складваецца, рабіць катэгарычна недапушчальна – прапісана ў прынятым 22 ліпеня рашэнні Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта №500 “Аб мерах, што прымаюцца па прафілактыцы і недапушчэнню распаўсюджання інфекцыйных захворванняў свіней і буйной рагатай жывёлы”. У адпаведнасці з дакументам, з мэтай недапушчэння распаўсюджвання захворвання ўсім суб’ектам гаспадарчай дзейнасці забараняецца, у тым ліку, рэалізацыя свіней у жывой вазе за межы вобласці без адпаведных суправаджальных дакументаў і дазволу ветэрынарнай службы. Звернута ўвага на безумоўнае забеспячэнне работы ўсіх свінагадоўчых ферм і комплексаў па прынцыпу закрытага тыпу. І гэта павінна было быць выканана не пазней 31 ліпеня. У мэтах стварэння так званай буфернай зоны ў тэрмін да 15 жніўня Ляхавіцкаму раённаму выканаўчаму камітэту пастаўлена ў абавязак арганізацыя забою (ізымання) пагалоўя свіней у асабістых гаспадарках грамадзян пад кантролем ветэрынарнай службы. Атрыманая такім чынам свініна можа выкарыстоўваца як для ўласных патрэб гаспадароў, так і для продажу на мясаперацоўчыя прадпрыемствы. Пра кошты ў мінулым нумары “Ляхавіцкага весніка” ужо гаварылася, аднак, паўторымся: за кілаграм жывой вагі свінні першай катэгорыі прымаецца па цане 18969 рублёў. Другой і трэцяй – 18337 і 16089 рублёў адпаведна. З, так бы мовіць, нетаварнымі свінаматкамі, кнырамі, парасятамі вагой да 30 кілаграмаў расклад наступны: рашэнне аблвыканкама абавязвае райвыканкамы прадугледжаць у мясцовых бюджэтах грошы для кампенсацыйнай выплаты грамадзянам. З разліку за кілаграм жывой вагі свінаматкі па цане і аналогіі як за свінню першай катэгорыі. Кныры прыроўнены да закупачнай цаны свінні другой катэгорыі. А за кожнае парася вагой да 30 кілаграмаў гаспадарам прадугледжана кампенсацыя памерам у 600 тысяч рублёў за галаву. Безадносна таго, якую вагу яно мае на самай справе – толькі б не перывышала названую лічбу. Сітуацыя патрабуе і адказнасці – ад кожнага і паўсямесна. Як праінфармаваў намеснік галоўнага ветэрынарнага ўрача Ляхавіцкага раёна Валянцін Коктыш, у выпадку невыканання рашэння аблвыканкама №500 у адпаведнасці з артыкулам 15.38 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных пакараннях на вінаватых можа быць ускладзены штраф у памеры 20–50 базавых велічынь. Адна базавая, хто не ведае, на гэты час раўняецца 100 тысячам рублёў. У выкананне рашэння Брэсцкага аблвыканкама №500, было прынята і адпаведнае рашэнне Ляхавіцкага райвыканкама.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *