Маніторынг для асартыменту. Рэйдавая брыгада ў складзе прафсаюзных актывістаў, супрацоўніка райЦГіЭ і «ЛВ» праманіторыла некаторыя ляхавіцкія гандлёвыя кропкі рознай формы ўласнасці

Купляючы ў магазіне прадукты першай неабходнасці, не кожны з нас пастаянна акцэнтуе ўвагу на іх кошце: як правіла, бяром знаёмы тавар. І тым больш не заўжды параўноўваем з цэнамі ў іншых гандлёвых кропках ці ў іншых вытворцаў. А вось прадстаўнікі прафсаюзаў на працягу ўжо некалькіх гадоў, прыходзячы ў магазін, вырашаюць канкрэтную задачу: манітораць цанавую сітуацыю.

Такія рэйды сталі для прафсаюзных лідараў пастаяннымі. У супрацоўнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі свае інтарэсы на гандлёвых аб’ектах, яны адсочваюць умовы і тэрміны захоўвання тавараў, выкананне санітарна-эпідэмічных патрабаванняў. І першае, і другое накіравана на вырашэнне адной задачы – кантроль за забяспечанасцю гандлёвых кропак якасным, разнастайным таварам.
Асартымент і кошт тавараў, санітарныя нормы і правілы, захаванне тэрмінаў прыгоднасці і таварнае суседства – асноўныя аспекты, на якія звярталася ўвага падчас сумеснага маніторынгу, які ў мінулы панядзелак правялі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк і памочнік урача-гігіеніста райЦГіЭ Вольга Шчарбакова. Далучыўся да рэйду «ЛВ».


У поле зроку трапіла некалькі гандлёвых аб’ектаў у райцэнтры.
Першым прыпынкам на рэйдавым маршруце стаў магазін райпо «Родны кут» на вуліцы Інтэрнацыянальнай. У цяперашняй эпідэмічнай сітуацыі кожны агляд правяраемага аб’екта супрацоўнікі райЦГіЭ пачынаюць з праверкі наяўнасці дэзынфіцыруючых сродкаў.
– Увагу звяртаем не толькі на наяўнасць антысептыкаў для апрацоўкі рук, але і іх своечасовую замену, тэрміны прыгоднасці. Адсочваем таксама выкананне правілаў сацыяльнай дыстанцыі. Вось у гэтым магазіне разметка яўна патрабуе абнаўлення. Што тычыцца асноўных парушэнняў наконт санітарна-гігіенічных патрабаванняў, то ў продажы маюцца яблыкі і лімоны з прыкметамі сапсаванасці. Ёсць прыклады няправільнага таварнага суседства: у халадзільніку з рэкамендуемай тэмпературай захоўвання ад 0 да мінус 8 градусаў знаходзяцца рыбныя вырабы, для якіх падыходзіць плюсавая тэмпература. Хоць і нязначнае, але ўсё ж парушэнне: на ўпакоўках яек тэкст пра ўмовы і тэрміны захоўвання заклеены цаной, – адзначае Вольга Шчарбакова і дадае, што гэты магазін лічыцца адным з лепшых сярод гандлёвых кропак райпо.
Пераходзім да сацыяльнага складніка. У магазіне нямала тавараў на акцыі. У прыватнасці, кандытарскія вырабы, соусы, прыправы, кансервы і іншае. Ёсць і мінус: на некаторых прадуктах, напрыклад, масле, сырах, адсутнічаюць цэннікі. А яшчэ – у магазіне холадна. Зразумела, у такіх умовах непрыемна працаваць прадаўцам і абслугоўвацца пакупнікам.


А якая карціна ўбачана з прафсаюзнага пункту гледжання?
– Наша асноўная мэта – выявіць, як у магазінах – крокавай даступнасці, сеткавых, а таксама прыватнай формы
ўласнасці – з цэнамі на сацыяльна значныя тавары. Не забываем і пра асартымент. Тут выбар садавіны і агародніны ёсць, кошт даволі прымальны. А вось замарожанай рыбы толькі адзін від, слабы пералік малочнай прадукцыі – тварагу, малака, кефіру, масла (яно, дарэчы, у асноўным высокай тлустасці), сумесяў для дзіцячага харчавання. Увогуле адсутнічаюць у продажы сасіскі, ячныя крупы. Дарэчы, крупы, як і хлеб, у асноўным аднаго вытворца. Прычым, такую праблему бачым падчас маніторынгаў літаральна ва ўсіх магазінах райпо. Хаця, для параўнання, зноў жа ў райпоўскім магазіне «ProЗапас», каўбасны асартымент знача шырэйшы, – гаворыць Тамара Пракап’юк.
Таксама прафсаюзны лідар Ляхавіччыны падкрэслівае, што падчас такіх маніторынгаў вырашаецца задача папярэдзіць неабгрунтаванае павышэнне цэн, як гэта зрабілі некаторыя сеткавыя магазіны, як толькі пачалася пандэмія каранавіруса.
– Ад узроўню цэн залежыць узровень жыцця людзей, таму гэта пытанне знаходзіцца на асаблівым кантролі не толькі ўлады, але і прафсаюзаў. У зоне прафсаюзнага кантролю зараз у пераліку знаходзіцца 150 найменняў тавараў – прадуктаў, тавараў першай неабходнасці, лекавых сродкаў, без якіх складана абысціся чалавеку. Гэта тычыцца тых таварных пазіцый, на якія адменена жорсткае рэгуляванне цэн. Пастаянна пад увагай кошт
мукі, хлеба, цукру, ячных круп, мяса, некаторых малочных прадуктаў, фруктаў, агародніны. На планшэце запаўняю ў кожным аб’екце спецыяльную электронную анкету, дзе фіксуюц-
ца ўсе неабходныя звесткі: назва тавару, яго цана, – тлумачыць Тамара Пракап’юк.
Наступная кропка – «Хіт!» на вуліцы Матросава.
Працуем па ранейшым сцэнарыі. Маніторым якасць, кошт, асартымент. Усё захоўваецца па правілах і згодна з тымі тэмпературнымі рэжымамі, якія патрабуюцца для таго ці іншага віду тавару. Няма праблем і з таварным суседствам, указаннем даты выпуску прадуктаў і тэрмінам іх захоўвання. Каля паліц з садавіной і агароднінай вывешаны графікі правядзення прыбірання, праверкі якасці прадукцыі.
– Гэты гандлёвы аб’ект на добрым рахунку ў плане захавання санітарна-гігіенічных патрабаванняў. Нават, калі ёсць іншы раз нейкія недапрацоўкі, яны нязначныя і тут жа вырашаюцца. Але часцей тут поўны парадак, як сёння, – рэзюмуе Вольга Шчарбакова.
Станоўча ў магазіне «Хіт!» уразіў і асартымент. Накіроўваемся да паліц з малочнай прадукцыяй. Малако,  кефір – рознай тлустасці і розных вытворцаў. Гэта ж тычыцца і хлеба-булачных вырабаў, макаронаў, замарожанай рыбы. Разнастайны асартымент каўбасных вырабаў.
Тых жа ячневых круп, якіх не знайшлі ў «Родным куце», тут некалькі відаў. Прафсаюзны лідар уважліва запаўняе табліцы з коштам тавараў.
– Як бачыце, цэны тут ніжэйшыя, чым у магазіне райпо, а прапанаваны асартымент куды больш унушальны. Шырокая тут і сістэма скідак, – расказвае Тамара Пракап’юк.
Сабраныя на месцах падчас маніторынгаў, што праводзяцца двойчы ў месяц, звесткі з кожнага раёна перадаюцца ў Федэрацыю прафсаюзаў, дзе аналізуюцца ўсе факты рэзкага росту цэн, недахопаў у плане асартыменту. Потым інфармацыя накіроўваецца ў Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю. Адносна парушальнікаў могуць прымяняцца санкцыі – ад папярэджання да штрафу.
Яшчэ адным прыпынкам на маршруце рэйду ў мінулы панядзелак стаў магазін «Суседзі» па вуліцы Чкалава.
– Тут, бадай, самы багаты выбар садавіны, агародніны, зяленіва, фруктаў. Такі разнастайны асартымент у Ляхавічах можна знайсці яшчэ толькі ў «Санце». Аналагічная сітуацыя і з хлебабулачнымі вырабамі, малаком, кефірам. Той жа тварог рознай тлустасці – ад аднаго да дзесяці працэнтаў. Хапае і круп – розных відаў і розных вытворцаў. Кошт прымальны, скачкоў цэн не назіраецца, – падводзіць вынікі Тамара Пракап’юк.
А тым часам Вольга Шчарбакова з уласцівай супрацоўнікам райЦГіЭ ўважлівасцю і дакладнасцю правярае тавары па сваіх пазіцыях з санітарна-гігіенічным ухілам, выдае наступны вердыкт:
– Парушэнняў хоць і нямнога, але яны ёсць. Так, на некаторых таварах не ўказаны канчатковы тэрмін рэалізацыі прадукцыі, ёсць недахопы ў захоўванні таварнага суседства, у прыватнасці ў маразільніку побач ляжалі замарожаныя курыныя паўфабрыкаты і рыбныя. Акрамя таго, не абноўлена разметка сацыяльнай дыстанцыі каля кас і ў аддзеле гатовай і мясной прадукцыі.
Дарэчы, пастановай Савета Міністраў № 36 ад 24.01.2022 года ўстаноўлены новыя падыходы да рэгулявання цэн. У Беларусі ўводзяцца гранічныя максімальныя ўзроўні адпускных і рознічных
цэн на асобныя віды айчыннай прадукцыі – свежыя бульбу, капусту, буракі, моркву, цыбулю, а таксама яблыкі. Адпаведна прадугледжаны кантроль за цэнамі. Так што маніторынгі будуць прадоўжаны. Хутка рэйдавыя брыгады зазірнуць і ў іншыя магазіны, не толькі гарадскія, але і сельскія.

Галіна КАНЬКО.
Фота аўтара.