Золата каралевы спорту – у Ляхавічах

Развіццё творчых, спартыўных здольнасцей у дзяцей і падлеткаў было і застаецца неад’емнай часткай сацыяльнай палітыкі нашай дзяржавы, што замацавана Канстытуцыяй

Увага спартыўных балельшчыкаў цяпер накіравана на Кітай, дзе кіпяць алімпійскія баталіі. І мы, беларусы, балеем за нашых атлетаў, падтрымліваем, хвалюемся, жадаем поспехаў. А тым часам гучна заяўляюць пра сябе на раённым, абласным, рэспубліканскім спартыўным небасхіле, магчыма, будучыя чэмпіёны – нашы юныя землякі. Высокімі дасягненнямі і месцамі на п’едэстале могуць пахваліцца дзюдаісты, лёгкаатлеты, футбалісты, гандбалісты – выхаванцы Ляхавіцкай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

Чарговая прыемная навіна прыйшла з Гомеля. У горадзе над Сожам у першыя дні лютага праходзіла рэспубліканская спартакіяда сярод ДЮСШ, СДЮШАР сярод юнакоў і дзяўчат 2007–2008 гадоў нараджэння. Спарт-смены прадстаўлялі  27 спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. Выступіла на такім прадстаўнічым форуме і каманда Ляхавіцкай СДЮШАР.
– Для нас вялікая радасць і адначасова адказнасць адстойваць не толькі гонар Ляхавіччыны, але і Брэстчыны. Але такое права наша каманда заваявала ў спартыўнай барацьбе –  па выніках абласнога этапу спартакіяды. І ўпершыню за многія гады ўдзельнічала ў рэспубліканскім фінале. Ганарымся не толькі рабятамі, якія выступаюць на такім высокім узроўні, а і трэнерамі, бо за кожным поспехам спартсмена – мэтанакіраваная работа трэнера, – расказвае дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.
У склад каманды, якую падрыхтавалі трэнеры-выкладчыкі Андрэй Іванюценка, Алена Ульянава і іх малады калега Раман Станчык, трапілі Радыён Бут, Вячаслаў Пірштук, Антон Пірштук, Цімур Плеўскі, Вікторыя Коршун, Ксенія Собаль, Ева Кудравец. І гэта дружная каманда аказалася зорнай – заняла першае агульнакаманднае месца сярод раённых спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў. У турнірнай табліцы сярэбраны прызёр адстаў ад ляхавіцкіх лёгкаатлетаў на пяць ачкоў.
15.06.22 – такі час у спартыўнай хадзьбе на дыстанцыі тры тысячы метраў паказаў Цімур Плеўскі. І гэта пераможны вынік спартакіяды. Цімур адзначыў, што гэта перамога не толькі яго, але і, канешне, трэнераў, а таксама сям’і, якая заўсёды за яго балее. На гэтым Цімур не спыніўся і стаў бронзавым прызёрам у такой жа дысцыпліне на дыстанцыі дзве тысячы метраў.
– Бязмежна ганаруся нашымі рабятамі. Яны малайцы. Кожны выкладваўся на сваім старце на ўсе сто працэнтаў. І які від праграмы па лёгкай атлетыцы ні вазьмі – бег на розныя дыстанцыі, скачкі, эстафеты, шматбор’е – нідзе ніжэй восьмага месца ляхавіцкія юныя спарт-смены не апускаліся. Гэта выдатны вынік! Уклад кожнага ў агульную пераможную скарбонку важкі. Такога паспяховага выступлення мы даўно чакалі. Да гэтага было другое месца ў 2000 годзе і трэцяе – у 2011 годзе. Канешне ж, рыхтаваліся самааддана, стараліся не падвесці балельшчыкаў і нашу СДЮШАР. І здорава, што ўсё атрымалася. Мы першыя, мы лепшыя, – сцвярджае Андрэй Іванюценка.
Сапраўды, поспех чаканы, а перамога вельмі важкая. Ганарымся вамі, спартсмены і выкладчыкі Ляхавіцкай СДЮШАР, і жадаем дасягнення новых вяршынь. І яны абавязкова будуць!

Галіна КАНЬКО.
Фота з архіва СДЮШАР.