Па кодэксе афіцэрскага гонару

Служу Айчыне! Гэтыя словы з гонарам і годнасцю вымаўляе і намеснік камандзіра па ўзбраенні батальёна кіравання вайсковай часці 29969 маёр Уладзімір Клімовіч – наш зямляк. Для яго армія стала і школай жыцця, і асэнсаваным прафесіянальным выбарам – прызваннем.

Тэрміновая служба ў 38-й Брэсцкай асобнай гвардзейскай Венскай Чырванасцяжнай дэсантна-штурмавой брыгадзе толькі ўмацавала жаданне быць абаронцам Радзімы і насіць ваенную форму, таму без ваганняў застаўся на службу па кантракце. Пасля павышэння кваліфікацыі  ў Ваеннай акадэміі першым  месцам службы стала Заходняе аператыўна-тактычнае камандаванне, дзе кіраваў узводам, а пасля ротай.


У 2011 годзе старшыне Клімовічу прысвоена воінскае званне лейтэнанта.
За амаль два дзесяцігоддзі армейскай службы Уладзімір Клімовіч прайшоў многія ступені, займаў розныя пасады і ўсюды зарэкамендаваў сябе сапраўдным прафесіяналам, верным слову і справе.
Ваеннаслужачыя батальёна кіравання 8-й радыётэхнічнай брыгады Ваенна-паветраных сіл і войскаў супрацьпаветранай абароны ахоўваюць паветраныя рубяжы нашай краіны кругласутачна – без перапынкаў на святочныя дні. Баявыя дзяжурствы і дакладнае выкананне пастаўленых задач, комплексныя тактычныя заняткі і спецпадрыхтоўка – усё гэта складае будні і Уладзіміра Клімовіча, які сёння адказны за тэхнічны стан і правільную эксплуатацыю, рамонт і эвакуацыю ўзбраення і ваеннай тэхнікі. У абавязках намесніка камандзіра па ўзбраенні і тэхнічная падрыхтоўка асабовага складу. З тэхнікай ён на ты, гатовы і сам прыкласці рукі да ўхілення няспраўнасці ў баявой машыне.
Разам з калегамі Уладзімір Клімовіч неаднаразова ў розныя гады прымаў удзел у сумесных расійска-беларускіх вучэннях «Захад», сумесных аператыўных вучэннях на палігоне Ашулук  у Астраханскай вобласці. Мае шматлікія ўзнагароды і заахвочванні, каштоўныя падарункі, сярод  якіх для яго асабліва дарагі – імянны гадзіннік ад камандзіра ВПС і войскаў СПА. Ваенная служба немагчыма без спецыяльнай фізічнай загартоўкі. Уладзімір яе неаднойчы паспяхова дэманстраваў на разнастайных спаборніцтвах, якія праходзяць ва Узброеных Сілах Рэспублікі Беларусь. Па іх выніках уваходзіў у пяцёрку лепшых у абласных спаборніцтвах ВПС і войскаў СПА.
Патрабавальны да сябе і да падначаленых, для яго перш за ўсё – воінскі абавязак. Вялікі сэнс надае выхаванню ў маладога пакалення патрыятызму. Важным у армейскай службе лічыць адказнасць, дысцыпліну, уменне хутка прымаць правільнае рашэнне.
Камандзір батальёна Дзмітрый Брадніцкі пра свайго намесніка па ўзбраенні гаворыць як пра афіцэра кампетэнтнага, прынцыповага, патрабавальнага.
А дома ва Уладзіміра Клімовіча надзейны тыл: жонка Людміла і дочкі Сафія, Вікторыя і Эмілія. Ён, як і належыць сапраўднаму мужчыне, пасадзіў не адно дрэва і пабудаваў для вялікай сям’і ўтульны дом.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА