Працоўных поспехаў прызнанне. Галоўнымі героямі ўрачыстага сходу гаспадарчага актыву раёна былі землякі, якія добрасумленнай працай прымнажаюць гонар і славу Ляхавіччыны

Сваёй добрасумленнай працай яны прымнажаюць гонар і славу Ляхавіччыны, паказваюць не толькі прыклад у рабоце, але  і актыўнасць у грамадскім жыцці, на іх раўняюцца, ім давяраюць.  А яшчэ іх па праве ўшаноўваюць, ганарацца. Такія землякі  ў мінулую пятніцу сталі галоўнымі героямі ўрачыстага сходу гаспадарчага актыву Ляхавіцкага раёна, які прайшоў у ГДК.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Па традыцыі пачаткам урачыстасцей сталі сустрэчы, размовы ў фае каля шматлікіх выстаў, дзе можна было азнаёміцца з развіццём розных галін народнай гаспадаркі. Акрамя таго, удзельнікі свята абменьваліся думкамі, дзяліліся планамі, успаміналі самыя значныя падзеі года мінулага. Канешне ж, размова ішла пра вызначальнае для ўсёй краіны сёлетняе мерапрыемства – рэспубліканскі рэферэндум па ўнясенні змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Беларусі, які адбудзецца ўжо ў бліжэйшую нядзелю. Актывісты БРСМ перад уваходам у ГДК правялі чарговы этап акцыі «Твой голас важны!», падчас якой запрашалі землякоў прыйсці на рэферэндум і выканаць грамадзянскі абавязак.
Працаваць! Гэты пасыл рэфрэнам гучаў падчас усяго ўрачыстага сходу. Сапраўды, штодзённая работа кожнага на сваім працоўным месцы – гэта стабільнае сёння  і перспектыўнае заўтра. Як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, 2021 год вызначыўся на Ляхавіччыне шэрагам разнапланавых падзей, ёсць пэўныя дасягненні і добрыя вынікі, але больш да года мінулага падыходзіць азначэнне «год перазагрузкі», калі акрэслены перспектывы па дасягненні больш істотных вынікаў. Неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх і кожнага, каб плённа шчыраваць. Для дасягнення гэтай мэты на Ляхавіччыне ёсць самае галоўнае – людзі, якія ўмеюць і любяць працаваць.
Пад апладысменты залы кіраўнік раёна ўручыў пасведчанні аб занясенні на раённую Галерэю славы лепшым з лепшых
прадстаўнікоў розных сфер, прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый. Для кожнага ў кіраўніка раёна знайшліся асаблівыя словы падзякі і пажаданні далейшых поспехаў. Таксама Мікалай Мароз уручыў Граматы, Падзячныя пісьмы райвыканкама і Падзякі старшыні райвыканкама.


З працоўнымі поспехамі і дасягненнямі павіншаваў землякоў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна ўзнагародзіў уладальнікаў звання «Чала-
век года» па выніках работы за  2021 год у розных намінацыях. Яшчэ адна важная місія, якую выканаў Юрый Чаранкевіч, – ушанаванне лепшых прадстаўнікоў органаў мясцовага кіравання і самакіравання. Найбольш паспяхова летась спрацаваў Конькаўскі сельвыканкам (старшыня Дзмітрый Багушэвіч). Сярод старастаў лепшымі прызнаны Мікалай Піліневіч (вёска Вялікая Лотва), Валянціна Маслоўская (вёскі Падбарочча, Нівішча, Залужжа), Валянціна Дыдышка (вёска Заліпенне).


2022-і можа стаць годам працоўных трыумфаў, трэба толькі не спыняцца на дасягнутым, а рухацца наперад. Менавіта такія адносіны да справы здольныя прынесці плён, падкрэсліў першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык. Ён уручыў Пераходныя ганаровыя сцягі па вытворчасці збожжа і цукровых буракоў  ААТ «Жарабковічы», па вытворчасці рапсу, бульбы, рэалізацыі мяса – СВК «Ляхавіцкі», па рэалізацыі малака – ЗАТ «Белпрампрыбор».
Намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Навагран узнагародзіў пераможцаў традыцыйнага раённага конкурсу на лепшае навагодняе афармленне – прадпрыемствы і арганізацыі, гаспадароў-прыватнікаў. Заслужаныя падарункі атрымалі і калектывы – актыўныя ўдзельнікі спартыўных спаборніцтваў. На гэты раз пераможнае першае месца  ў Ляхавіцкай райбальніцы, другое – за супрацоўнікамі РАНС, трэцяе – у ААТ «Жарабковічы».
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач назвала лепшых па арганізацыі ідэалагічнай работы ў калектывах: Ляхавіцкі лясгас, аграрны каледж, ААТ «Нача».
І якое ж свята-ўшанаванне без творчых падарункаў. Сваім майстэрствам з землякамі шчыра дзяліліся таленавітыя і крэатыўныя музыканты, спевакі, танцоры, калектывы і асобныя выканаўцы.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.