Гэта наша з табой біяграфія. Сёлета 7 лістапада Беларусь адзначыць 108-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі

7 лістапада для большасці нашых сучаснікаў – звычайны восеньскі дзень, прыемны выхадны сярод працоўнага тыдня, для кагосьці –
асацыяцыя з гістарычнай падзеяй, якая змяніла свет і надала новы вектар гісторыі. Але ёсць і тыя, хто і сёння лічыць гэты дзень адным з самых значных святаў.
Сёлета 7 лістапада Беларусь адзначыць 108-ю гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі. 7 лістапада 1917 года над Петраградам (сёння гэта горад Санкт-Пецярбург) прагучаў залп легендарнага крэйсера «Аўрора», які стаў сігналам да штурма Зімняга палаца, дзе засядаў Часовы ўрад Расійскай імперыі. Улада перайшла ў рукі Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Усю атмасферу тых векапомных дзён, аб’яднаных «непараўнальным пачуццём свабоды», амерыканскі журналіст Джон Рыд – сведка рэвалюцыйных падзей у Расіі – перадасць у сваёй знакамітай кнізе «Дзесяць дзён, якія ўзрушылі свет», перакладзенай на многія мовы мільённымі тыражамі.
Сацыялістычная рэвалюцыя мела высакародныя мэты: пабудову справядлівага грамадства, недапушчэнне эксплуатацыі чалавека чалавекам, роўнасць людзей у правах і абавязках. А галоўны прынцып сацыялізму «ад кожнага па здольнасцях, кожнаму па патрэбе» цэлую
эпоху быў актуальным.
Як, дарэчы, і рэвалюцыйныя лозунгі: «улада – Саветам», «мір – народам», «зямля – сялянам», «фабрыкі – рабочым».
Пачаўся адлік новай гісторыі, новай дзяржавы, бяскласавага грамадства з новымі сацыяльнымі і эканамічнымі адносінамі і пераўтварэннямі.
Мільёны простых людзей атрымалі магчымасць вучыцца –
дзесяцігоддзі спатрэбіліся для ліквідацыі непісьменнасці. Сталі будаваць заводы і фабрыкі, электрастанцыі, школы і бальніцы, ствараць і ўмацоўваць калектыўную сельскую гаспадарку.
Аб’яднанне рэспублік і стварэнне ў 1922 годзе СССР –
гэапалітычная падзея сусветнага маштабу. І як бы ні імк-
нуліся некаторыя перапісаць гісторыю на свой лад, менавіта дзякуючы Савецкаму Саюзу, яго непераможнай арміі і гераічнаму народу быў спынены фашызм.
Рэвалюцыя 1917 года актыўна прысутнічала ў нашым жыцці доўгія дзесяцігоддзі. Дзеці з гонарам уступалі ў акцябраты, потым у піянеры, камсамол. У аснове ўсяго – Камуністычная партыя, стаць членам якой было пачэсна.
Што адбывалася на Ляхавіччыне ў лістападаўскія дні 1917 года, сведчыць кніга «Памяць. Ляхавіцкі раён».
«Вялікі Кастрычнік Ляхавіцкая зямля сустрэла перарэзаная лініяй фронту. Многае засталося ад тых дзён і цяпер: жалезабетонныя доты на беразе ракі Шчара, парослыя лесам акопы, помнікі-крыжы, пастаўленыя на магілах загінулых падчас Першай сусветнай вайны салдат рускай арміі».
Прайшлася Першая сусветная вайна і па лёсах многіх землякоў. Тысячы сталі бежанцамі, многія служылі ў арміі і флоце. Менавіта ў 1917 годзе на «Аўроры» нёс службу наш зямляк М. В. Шклянік, у штурме Зімняга палаца ўдзельнічаў ураджэнец вёскі Галавачы
Ф. Сакун. «Далоў Часовы ўрад!», «Далоў вайну!», «Няхай жыве сацыялістычная рэвалюцыя!» – пачало гучаць у вагонах. Так мы перайшлі на бок рэвалюцыі і разам з вайскоўцамі занялі баявыя пазіцыі, каб не даць часцям, верным Керанскаму, падысці да Петраграда», – успамінаў удзельнік кастрычніцкіх падзей 1917 года Іван Кухарчык з вёскі Зарытава…
І пасля Вялікай Айчыннай аднаўленне народнай гаспадаркі праходзіла пад лозунга-мі Кастрычніцкай рэвалюцыі. А яе гадавіны з размахам адзначаліся ў СССР. Пэўны час у гонар свята былі ўстаноўлены два дні выхадных – 7 і 8 лістапада. Паўсюдна праходзілі святочныя дэманстрацыі, а потым людзі вярталіся дамоў, накрывалі сталы, віншавалі адзін аднаго са святам. Транспаранты, паветраныя шары, калоны з працоўных калектываў, спартсменаў, школьнікаў, моцнае «ўра» – гэта было неад’емнай часткай на працягу многіх дзесяцігоддзяў жыцця і Ляхавіччыны. Пра гэта нагадваюць і назвы вуліц райцэнтра – Кастрычніцкая, 60 гадоў Кастрычніка, Камсамольская, Савецкая, Леніна,ёсць і плошча з такой назвай. Ордэнам «Знак Пашаны» быў узнагароджаны ў мінулым стагоддзі калгас «Кастрычнік», у аграгарадку Падлессе (некалі тутэйшы кал-
гас таксама насіў назву «імя Леніна») па-ранейшаму стаіць помнік Уладзіміру Леніну. Кінатэатр у райцэнтры называецца «Кастрычнік». А колькі нашых землякоў за добрасумленную выніковую працу, высокія паказчыкі і дасягненні ўзнагароджаны ордэнамі Лені-
на, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, «Знак Пашаны», Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Прозвішчы Герояў Сацыялістычнай Працы славутых старшыні калгаса імя Ламаносава Генрыха Траццяка, звеннявой гэтай жа гаспадаркі Вольгі Мацюшка, трактарыста калгаса «Кастрычнік» Віктара Малышкі і сёння на слыху – як прыклад бязмежнай любві да роднай зямлі, павагі да працы, адданых адносін да прафесіі.
Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі – не проста нагода ўспомніць пра лёсавызначальную гістарычную падзею. Пры ўсёй неадназначнасці ацэнак тых векапомных рэвалюцыйных падзей, гэта наша гісторыя, якую мы павінны ведаць і помніць. Нельга забываць, што Кастрычніцкая рэвалюцыя, якая змяніла свет, прадаставіла народам права на самавызначэнне і атрыманне дзяржаўнасці. Важна асэнсоўваць, што і сёння мы жывём у свабоднай і незалежнай краіне дзякуючы колішнім падзеям.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

