Перспектыўная экскурсія. Прадстаўнікі розных раёнаў Брэстчыны наведалі Савет Рэспублікі

Пачатак мінулага тыдня для перспектыўнага кадравага рэзерву Брэсцкага аблвыканкама і юнай моладзі рэгіёна пачаўся даволі нестандартна: не ў працоўных кабінетах і студэнцкіх аўдыторыях. Напярэдадні важнай рэспубліканскай падзеі – рэферэндуму – прадстаўнікі розных раёнаў Брэстчыны наведалі Савет Рэспублікі.

Ключавым дыялогам стала канструктыўная размова на самыя розныя тэмы са старшынёй Савета Рэспублікі Наталляй Качанавай. Такія сустрэчы для маладых людзей – матывацыя работы, стымул, каб не здавацца пры складанасцях, паколькі менавіта яны дазваляюць выпрацаваць характар і выхаваць сябе як кіраўніка. Наталля Качанава шмат увагі надала пытанням кадравага забеспячэння. Сёння гэта адзін з фактараў, якія працуюць на перспектыўнае развіццё рэгіёна.


Шчырасць размовы, адкрытасць, тое, што кранае перш за ўсё. Для Наталлі Качанавай закрытых тэм няма. «Заўсёды мне задаюць пытанне: ці ёсць якое-небудзь хобі ў вольны час, калі ты можаш расслабіцца. Заўсёды цікава адказваць на гэтыя пытанні. Мне здаецца, што для рабят вопыт тых людзей, якія прайшлі пэўны жыццёвы шлях у прафесійным і асабістым станаўленні, вельмі важны. Для нас гэта таксама цікава, бо мы бачым тых маладых людзей, якія ў перспектыве могуць узначаліць працоўныя калектывы, быць кіраўнікамі медыцынскіх устаноў, школ», – падкрэсліла старшыня Савета Рэспублікі.
Прыгажосць, тытанічнасць, няскоранасць беларускай дзяржавы
ўвасоблена ў Палацы Незалежнасці. Прэс-сакратар Кіраўніка беларускай дзяржавы Наталля Эйсмант правяла экскурсію, і гэта было, безумоўна, выдатна. Адчуць дзелавую атмасферу, пабываць у цэнтры палітычнага жыцця – эмоцыі назаўсёды. Не шкадуючы часу, Наталля Эйсмант вычарпальна адказала на пытанні, якіх у маладых людзей было безліч. А ці можа быць па-іншаму, калі ты знаходзішся ў той самай зале, дзе былі падпісаны Мінскія пагадненні. І менавіта наша Беларусь стала кропкай гэтай мірнай падзеі. Гонар за сваю Беларусь!
Сімвалічным памятным заканчэннем дня стала наведванне музея Вялікай Айчыннай вайны.

Маргарыта  КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.