Ведаюць і дэманструюць. Прайшоў раённы этап абласной алімпіяды па ведах асноў бяспекі жыццядзейнасці

Брат вынес з ахопленага агнём дома сваю сястрычку, школьнік выратаваў хлопчыка, які ледзьве не патануў… І такіх прыкладаў апошнім часам можна прыводзіць нямала. А аказанню першай дапамогі рабяты вучацца ў тым ліку на факультатыўных курсах па бяспецы жыццядзейнасці.

Такія веды дапамагаюць рабятам арыентавацца ў надзвычайнай сітуацыі і пры неабходнасці дапамагаць тым, хто трапіў у такую сітуацыю. Днямі прагучалі заключныя акорды раённага этапу абласной алімпіяды па ведах асноў бяспекі жыццядзейнасці. Удзел у іспыце ўзялі 46 навучэнцаў з устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Ляхавіччыны.
Выяўленне і падтрымка найбольш здольных і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак, развіццё іх здольнасцей, павышэнне інтарэсу рабят да факультатыўнага курса «Бяспека жыццядзейнасці», паглыбленне тэарэтычных ведаў і набыццё практычных навыкаў, садзейнічанне самарэалізацыі асобы, удасканаленне прафарыентацыйнай работы, актывізацыя работы факультатыўных груп, клубаў юных выратавальнікаў-пажарных – асноўныя мэты алімпіяды. Пераможцамі ў сваіх узроставых групах сталі Аляксандр Андрусевіч з СШ № 1 (настаўнік Ірына Мартынюк), Дзмітрый Місюкевіч з Мала-гарадзішчанскага ВПК (настаўнік Галіна Лук’янчык), Даніла Грышкевіч з СШ № 1 (настаўнік Людміла Курловіч). Адразу двух уладальнікаў дыпломаў ІІ ступені падрыхтавала настаўніца  СШ № 2 Наталля Сапега-Панько: Мікіту Шчуку і Назара Шкляніка. Такога ж дыплома ўдастоена Любоў Лініч з Начаўскай СШ (настаўнік Рыма Іваноўская). Дыпломамі ІІІ ступені ўзнагароджаны Яраслаў Ланкуць з Малагарадзішчанскага ВПК (настаўнік Ніна Керымава), Дамініка Пранчак і Валянціна Клімовіч з Навасёлкаўскай СШ, якіх падрыхтавалі Максім Сапега і Святлана Царык.
Пераможцы і прызёры атрымалі граматы аддзела па адукацыі і падарункі ад раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа. Рабяты, якія заваявалі дыпломы
І і ІІ ступеняў, будуць прадстаўляць Ляхавіцкі раён на абласным этапе.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.