А справа ў фільтрах…На гарачую лінію «ЛВ» звярнулася ляхавічанка са скаргай «цёпленькага» характару

Ізноў гучыць адрас завулак Фестывальны, 2 у Ляхавічах. На гэты раз на гарачую лінію «ЛВ» звярнулася ляхавічанка са скаргай «цёпленькага» характару.

Справа ў тым, што кожны дзень, асабліва вечарам, гарачае водазабеспячэнне становіцца халодным. Як так? Дом не так даўно будаваўся! Вечарам ні памыцца, ні посуд памыць, а калі ўлічыць, што за акном далёка не лета, гэта яшчэ больш ускладняе сітуацыю. Людзям даводзіцца грэць ваду ў чайніках і каструлях.
З гэтай праблемай «ЛВ» звярнуўся ў камунгас. Як патлумачылі ў камунальнай службе, з такім пытаннем звярнуўся не адзін чалавек.
– Праблема сапраўды была. Брыгада аварыйна-тэхнічнай службы выехала на месца. Паглядзелі адразу сітуацыю ў кватэрах, пасля спусціліся ў падвальнае памяшканне, дзе знаходзіцца ўсё абсталяванне, што адказвае за падачу цяпла ў кватэры і забеспячэнне гарачай вадой. Усё праверылі і знайшлі прычыну: забіліся фільтры ачысткі цепланосьбіта сістэмы падачы гарачай вады. Выправілі. Спадзяёмся, у бліжэйшы час праблема не патурбуе, – адзначыў майстар аварыйна-тэхнічнай службы КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» Юрый Жыжа.