Калі побач моцнае плячо. На Ляхавіччыне адзначылі Дзень абаронцаў Айчыны

Радзіма, Айчына – святыя, важныя словы для кожнага чалавека, грамадзяніна, патрыёта. Быць абаронцам заўсёды лічылася вялікім гонарам і адказнейшым абавязкам.

БОЛЬШ ФОТА ТУТ

Гэта і пра сівых ветэранаў, якія прайшлі дарогамі Вялікай Айчыннай вайны, выстаялі ў барацьбе з фашызмам і перамаглі, заваявалі такую доўгачаканую Перамогу ў маі 1945 года, і пра тых, каго паклікаў на вайну інтэрнацыянальны абавязак, тых, хто калісьці абараняў рубяжы сваёй краіны, а сёння ў запасе, і пра цяперашніх салдатаў і афіцэраў, якія выбралі мужную прафесію – Радзіму абараняць, і дзякуючы каму Беларусь жыве пад мірным небам. Яны былі, ёсць і будуць прыкладам мужнасці для сённяшніх пакаленняў.
23 лютага мы адзначаем Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь – свята кожнага прадстаўніка моцнай паловы чалавецтва, незалежна ад узросту. І не толькі. Святкуюць яго і жанчыны, чыя біяграфія звязана з Узброенымі Сіламі.
На плошчы Перамогі ў райцэнтры з удзелам прадстаўнікоў выканаўчай і заканадаўчай улады, працоўных калектываў, ветэранаў і сённяшніх салдатаў і афіцэраў Узброеных Сіл Беларусі, грамадскіх арганізацый адбыўся мітынг-ушанаванне. Да помніка воінам-вызваліцелям як знак памяці загінулым, як падзяка за мір ляглі кветкі і вянкі.
Урачыстасці прадоўжыліся ў гарадскім Доме культуры. З прывітальным словам да віноўнікаў урачыстасцей, з пажаданнямі здароўя, шчасця і дабрабыту звярнулася намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. З самым мужным святам павіншаваў і начальнік адасоб-ленай групы ваенкамата Арцём Кірута. Ён уручыў ляхавічанам Святлане і Алегу Свянтэцкім
падзячнае пісьмо ад камандавання вайсковай часці, дзе годна нясе службу іх сын яфрэйтар Арцём Свянтэцкі.
І, канешне ж, як і належыць у свята, было мноства падарункаў –
музычных, песенных, танцавальных – шчыра-ветлівых і надзвычай прыемных.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.