Папярэднія вынікі рэферэндуму падведзены ў Беларусі

У Беларусі 27 лютага прайшоў рэспубліканскі рэферэндум па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь.
На рэферэндум было вынесена адно пытанне: ці прымаеце вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь? І два варыянты адказу   «за» і «супраць».

Па папярэдніх даных, за змяненне Асноўнага Закона прагаласавалі 82,86 працэнта ад прыняўшых удзел у галасаванні, заявіў старшыня
Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігар Карпенка.
«У перыяд з 22 па 26 лютага праведзена датэрміновае галасаванне на рэспубліканскім рэферэндуме. Прагаласаваць датэрмінова мог кожны грамадзянін, які не меў магчымасці прыбыць на ўчастак для галасавання ў асноўны дзень. Яўка на датэрміновым галасаванні склала 42,93 працэнта», – расказаў Ігар Карпенка.
У Беларусі 27 лютага былі адкрыты ўсе 5510 участкаў для галасавання, у тым ліку 229 у санаторыях-прафілакторыях, дамах адпачынку, бальніцах і воінскіх часцях.
«Агульная колькасць грамадзян, унесеных у спісы ўдзельнікаў рэферэндуму, склала 6 815 667 чалавек. У галасаванні прыняў удзел 5 359 471 грамадзянін, або 78,63 працэнта, гэта значыць больш за палову ад унесеных у спісы. Такім чынам, рэспубліканскі рэферэндум лічыцца праведзеным. За прыняцце змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь прагаласавалі 4 440 813 грамадзян, што склала 82,86 працэнта, або 65,16 працэнта ад унесеных у спісы для галасавання, – адзначыў кіраўнік ЦВК. – Супраць прыняцця змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прагаласавалі 686 165 удзельнікаў рэферэндуму,  што склала 12,8 працэнта, або 10,07 працэнта ад унесеных у  спісы для галасавання.

Ігар Карпенка дадаў: «3 сакавіка камісія плануе правесці сваё пасяджэнне, на якім будуць падведзены канчатковыя вынікі рэферэндуму. Для гэтага цяпер арганізавана работа па прадастаўленні ў ЦВК адпаведных пратаколаў камісій».
Яўка на рэферэндуме сведчыць, што людзі пранікліся тэмай змяненняў Канстытуцыі, усвядомлена ішлі на ўчасткі, робячы свой выбар, падкрэсліў кіраўнік ЦВК.
Ён таксама расказаў, што за правядзеннем рэферэндуму назіралі 195 міжнародных наглядальнікаў, 45 701 нацыянальны наглядальнік. «У ЦВК ад наглядальнікаў не паступала інфармацыі аб парушэнні заканадаўства аб рэферэндуме. Мы чакаем канчатковыя заявы ад наглядальнікаў па выніках іх работы па маніторынгу падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму», – сказаў Ігар Карпенка.
«У ходзе рэферэндуму фіксаваліся некаторыя правакацыі і спробы перашкодзіць яго правядзенню. Дарэчы, у асноўны дзень правядзення рэферэндуму, асобныя дэструктыўныя Telegram-каналы сталі распаўсюджваць інфармацыю з заклікамі сарваць рэферэндум, знішчаць бюлетэні, выходзіць на ўсялякія незаконныя акцыі, мітынгі і пікеты. Акрамя таго, СМІ інфармаваны аб пагрозах,
якія паступілі ў адносінах да членаў камісій па рэферэндуме», – сказаў  Ігар Карпенка.
Кіраўнік ЦВК падкрэсліў: «Нягледзячы на ўсе спробы дэструктыўных сіл і дзякуючы зладжанаму механізму ўзаемадзеяння ўсіх зацікаўленых асоб, рэспубліканскі рэферэндум быў праведзены ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам без якіх-небудзь здарэнняў».

Па ацэнцы старшыні Брэсцкай абласной камісіі па рэферэндуме Аляксандра Каляды, у цэлым працэс галасавання ў рэгіёне прайшоў у спакойнай дзелавой абстаноўцы, у поўным аб’ёме ў адпаведнасці з дзеючым Выбарчым кодэксам.
Усяго ў спісы для галасавання па вобласці былі ўключаны 975 642 чалавекі, удзел у рэферэндуме прынялі 769 732 жыхары
рэгіёна ці 78,89 працэнта (у тым ліку 44,98 працэнта прагаласавалі датэрмінова). За змяненні ў Канстытуцыю выказаліся 64,21 працэнта ад уключаных у спісы для галасавання, супраць –  7,74 працэнта. Частка бюлетэняў (6,9 працэнта) прызнаны несапраўднымі.

Па матэрыялах БЕЛТА.

Як паведамілі ў Ляхавіцкай раённай камісіі па рэферэндуме, у нашым раёне агульная колькасць грамадзян, якія мелі права ўдзельнічаць у рэферэндуме, – 19119. Колькасць грамадзян, якія прынялі ўдзел у галасаванні, – 16015.
За адабрэнне вынесенага на рэферэндум пытання прагаласавалі  13570 жыхароў Ляхавіцкага раёна,
супраць – 1415; колькасць бюлетэняў, прызнаных несапраўднымі, – 1030.