Жанчыны ў мужчынскай прафесіі. Супрацоўніцы Ляхавіцкага РАУС сталі на Брэстчыне лепшымі сярод супрацоўнікаў сваіх падраздзяленняў

Старшы інспектар крымінальна-выканаўчай інспекцыі РАУС старшы лейтэнант міліцыі Таццяна Шкода і старшы інспектар групы інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння маёр міліцыі Анастасія Палукошка па выніках 2021 года сталі на Брэстчыне лепшымі сярод супрацоўнікаў сваіх падраздзяленняў. Ім і іх калегам ва ўпраўленні ўнутраных спраў Брэсцкага аблвыканкама ва ўрачыстай абстаноўцы ўручаны Граматы і пераможныя кубкі.
Гэтыя падраздзяленні РАУС не навідавоку, але маюць не менш важнае значэнне, чым іншыя.

Складнікі  поспеху
Таццяна Шкода ў пагонах чатырнаццаты год, з якіх пяць – у крымінальна-выканаўчай інспекцыі. У мужчынскай прафесіі яна не выглядае навічком: вопыт і навыкі, набытыя ў сістэме праваахоўных органаў, плюс дзве вышэйшыя адукацыі – складнікі яе службовага поспеху.
Са штодзённымі задачамі, якія стаяць перад крымінальна- выканаўчай інспекцыяй, спраўляецца на высокую адзнаку. А заданняў нямала, сярод якіх і выкананне прыгавораў суда, што ўступілі ў законную сілу, не звязаных з пазбаўленнем волі, абмежаванне волі без накіравання ў папраўчыя ўстановы адкрытага тыпу і г. д. Сур’ёзны накірунак – прафілактычная работа з умоўна асуджанымі асобамі, якія знаходзяцца пад прэвентыў­ным наглядам, і ў якіх не знята і не пагашана судзімасць; кантроль за асобамі, якія вярнуліся з месцаў пазбаўлення волі. Таццяна тлумачыць, з чаго ён складаецца: садзейнічанне ў працаўладкаванні, аказанне розных відаў дапамогі, вырашэнне бытавых і сацыяльных пытанняў. Сюды ўваходзіць і выхаваўчая  работа. І ўсё дзеля таго, каб  тыя, хто спатыкнуўся і пераступіў закон, змог стаць на шлях выпраўлення.
Працоўны дзень старшага інспектара ненарміраваны і не заўсёды ўкладваецца ў звычныя восем гадзін. У службовым раскладзе і дзяжурствы, адсутнічаюць паўзы ў выхадныя і святы – неабходна правяраць паднаглядных па месцы іх жыхарства.
Кантынгент, з якім працуе Таццяна Шкода, даволі складаны, патрабуецца не толькі дасканалае валоданне нарматыўна-заканадаўчай базай, але і быць добрым псіхолагам, умець знайсці індывідуальны падыход.
На ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі знаходзяцца
260 чалавек, у адносінах 60 выконваецца пакаранне, не звязанае з пазбаўленнем волі.
Прынцыповая і адказная, кампетэнтная і нераўнадушная – такую характарыстыку Таццяне дае кіраўніцтва РАУС. Пацвярджэнне таму – шматлікія адзнакі яе прафесійнай дзейнасці, сярод якіх Падзяка намесніка міністра МУС, нагрудны знак  «За самаадданую службу».

Звяно  інфармацыйнай  важнасці
Улік, рэгістрацыя злачынстваў і правапарушэнняў, адміністрацыйных матэрыялаў, пастаноў аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальных спраў і многае іншае – кола абавязкаў старшага інспектара групы інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння РАУС Анастасіі Палукошка.   Яе агульны стаж у праваахоўных органах перайшоў за дзесяцігоддзе. Пасля заканчэння Акадэміі МУС пяць гадоў працавала ў крымінальным вышуку Баранавіцкага ГАУС, паказала сябе супрацоўнікам мэтанакіраваным і вытрыманым, здольным аб’ектыўна ацэньваць уласныя сілы і браць на сябе адказнасць у складаных сітуацыях.
Сённяшняя служба таксама патрабуе ўважлівасці і дакладнасці. У групе інфармацыйна-аналітычнага забеспячэння Анастасія –
адзіны супрацоўнік, які ў межах сваёй кампетэнцыі фарміруе агульную статыстычную карціну, дзе адлюстроўваецца, у тым ліку, і раскрывальнасць злачынстваў і правапарушэнняў, робіць іх статыстычны аналіз. Працуе і з адзіным дзяржаўным банкам даных. Адным словам, звяно ў райаддзеле інфармацыйнай важнасці.
Вопыт і ўменне старшага інспектара групы не раз ацэньваліся ўзнагародамі рознай вартасці. Званне лепшага супрацоўніка сярод такіх жа груп Брэсцкай вобласці – заслужаная ацэнка прафесіяналізму. Анастасія Палукошка сцвярджае, што гэта заслуга ўсяго калектыву райаддзела, дзе кожны ведае сваю справу і выдатна з ёй спраўляецца.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.