Градус сямейнай сваркі. У мінулым годзе ў Ляхавіцкім раёне асуджаны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 24 хранічныя алкаголікі

Нягледзячы на тое, што жывём мы ў век тэхнічнага прагрэсу і суцэльнай камп’ютарызацыі, па-ранейшаму яшчэ знаходзяцца такія, хто прытрымліваецца ва ўзаемаадносінах паміж блізкімі і роднымі людзьмі выказвання: б’е – значыць, любіць.

Чым жа яшчэ патлумачыць, калі жанчына на працягу гадоў церпіць мужа, які б’е яе, здзекуецца над дзецьмі? Нікуды не скардзіцца, не звяртаецца за дапамогай, бо навошта, каб чужыя ведалі пра праблемы… Старэнькая маці хавае ад суседзяў сінякі, а калі не ўдаецца схаваць, то тлумачыць іх з’яўленне падзеннем, маўляў, закружылася галава. А на справе, так аддзячвае за мацярынскую любоў і клопат яе сынок, які нідзе не працуе, але надзвычай сябруе са спіртным і кулакамі выбівае ў маці грошы на выпіўку.
Брат падняў руку на малодшую сястру…Бацька так «выхоўваў» дачку, што тая з пабоямі трапіла ў бальніцу… Гэта не сюжэты дэтэктыва, а рэальныя факты, якія маюць месца ў Ляхавіцкім раёне.
– Праблема бытавога і сямейнага насілля, на жаль, усё яшчэ актуальная для грамадства. Нездарма міліцыя пастаянна ініцыіруе і праводзіць прафілактычную акцыю «Дом без насілля». Яе мэта – дапамога і садзейнічанне ў вырашэнні праблем бытавога насілля і сямейнай неўладкаванасці. Магчымасць данесці да свядомасці людзей, што насілле ў сям’і – злачынства, – гаворыць начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Сяргей Хмарук.
Як паказвае статыстыка,большасць злачынстваў учыняецца, калі ці вінаваты, ці пацярпелы, а то і абодва знаходзяцца ў стане алкагольнага ап’янення.
– Насілле можа здарыцца ў любой сям’і, хаця большасць фактаў рэгіструецца ў неўладкаваных, малазабяспечаных, тых, дзе адзін ці некалькі членаў сям’і злоўжываюць алкаголем. Пацярпелым, незалежна ад таго, муж гэта ці жонка, бацькі ці дзеці, абавязкова трэба звяртацца за дапамогай, а не спадзявацца, што здзекі спыняцца самі па сабе. Усё можа закончыцца надзвычай сумна і трагічна. Паказальным з’яўляецца прыклад сям’і з аднаго з аграгарадкоў Ляхавіцкага раёна. Што бацька, што сын часта злоўжываюць алкаголем, а п’янка ходзіць заўжды побач са сваркай. І вось пасля чарговага высвятлення адносін са слоў перайшлі да кулакоў, а потым і да халоднай зброі: бацька нанёс сыну нажавое раненне. Сын лечыцца, а бацька ў ізалятары часовага ўтрымання, – гаворыць  Сяргей Хмарук.
Яшчэ адзін момант, які, на жаль, паказвае, што прынцып «мая хата з краю» прадаўжае мець месца і ў сучасным грамадстве. Чаму суседзі з дня ў дзень чуюць, бачаць, як у доме побач п’яны пераростак выганяе з хаты бацькоў, якія вымушана начаваць у хляве, ці на рабоце «не заўважаюць» пастаянна заплаканую калегу, якую б’е муж? Калі б своечасова забілі трывогу, хаця б проста пагаварылі з чалавекам, высветлілі прычыну, звярнуліся за дапамогай у міліцыю – многіх бед і трагедый можна было б пазбегнуць.
– У мінулым годзе супрацоўнікі РАУС склалі 299 адміністрацыйных пратаколаў за правапарушэнні, прадугледжаныя артыкулам 10.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (наўмыснае нанясенне цялесных пашкоджанняў і іншыя гвалтоўныя дзеянні або парушэнне ахоўнага прадпісання). Узбуджана 13 крымінальных спраў прэвентыўнай накіраванасці, з якіх дзве – за пагрозу забойствам, дзевяць – за катаванне, дзве – за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў. Часцей за ўсё дэбашырам прад’яўляецца абвінавачванне па частцы 1 артыкула 154 КК – катаванне, што, прадугледжвае пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі ці яе пазбаўлення на тэрмін да трох гадоў са штрафам ці без яго. Калі супрацьпраўныя дзеянні ўчыняюцца ў адносінах да непаўналетняга, састарэлага, цяжарнай жанчыны, чалавека, які знаходзіцца ў бездапаможным стане ці ў залежным становішчы, пачынае дзейнічаць частка 2 згаданага артыкула. Яна прадугледжвае абмежаванне волі на тэрмін ад года да трох ці пазбаўленне волі на тэрмін ад года да пяці гадоў са штрафам ці без яго, – падкрэслівае Сяргей Хмарук.
Летась у раёне выдадзена 32 актыўныя прадпісанні з абавязковым адсяленнем правапарушальнікаў з сумеснага з пацярпелымі жылля. А за невыкананне патрабаванняў аб адсяленні сямёра жыхароў раёна прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.
Адказнасць прадугледжана не толькі за прычыненне цялесных пашкоджанняў, але нават і за абразу (артыкул 10.2 КоАП). Парушальнік сямейнага спакою, які не грэбуе абразамі ў адносінах да іншых, можа атрымаць штраф у памеры да 30 базавых велічынь.
Міліцыянеры разам з медыкамі канстатуюць, што ў пераважнай большасці праблемных сем’яў галоўным каталізатарам сямейных разборак з’яўляецца алкаголь. Значная частка сямейных скандалаў, якая заканчваецца насіллем, прыпадае на выхадныя дні. Барацьба з алкагалізацыяй насельніцтва вядзецца пастаянна і рознымі службамі. Па словах Сяргея Хмарука, у мінулым годзе асуджаны ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі 24 хранічныя алкаголікі, з улікам студзеня гэтага года ў ЛПП ізалявана
36 жыхароў раёна, прычым большасць з іх з’яўляюцца і сямейнымі скандалістамі, і абавязанымі асобамі.
Таму, як адзначае Сяргей Хмарук, увага не толькі міліцыі, але і сельвыканкамаў, прадстаўнікоў устаноў адукацыі і аховы здароўя, іншых зацікаўленых службаў павінна быць накіравана на актывізацыю мер па спыненні ці хаця б змяншэнні сярод насельніцтва п’янства і алкагалізму, узмацненне барацьбы з незаконным абаротам спіртаўтрымліваючай вадкасці. У 2021 годзе выяўлена 52 факты парушэння антыалкагольнага заканадаўства, канфіскавана 992 літры самагоннай брагі, самагону, фальсіфікаванай спіртаўтрымліваючай вадкасці, 14 самагонных апаратаў.
Цяпер на ўліку ў РАУС знаходзіцца 13 сямейных скандалістаў. Апісваючы партрэт сярэднестатыстычнага дамашняга дэбашыра, Сяргей Хмарук адзначае, што гэта мужчына ва ўзросце 35–50 гадоў, які злоўжывае алкаголем, часта нідзе не працуе.
– Час паказвае, што важную ролю ў прафілактыцы сямейнай неўладкаванасці можа ўзяць на сябе кожны неабыякавы чалавек. Трэба толькі не праходзіць міма чужой бяды. Магчыма, гэта паставіць хоць частковы заслон насіллю ў сям’і. А тым, каго такая бяда не абышла бокам, парада: не маўчыце, не спадзявайцеся, што ўсё пройдзе само па сабе – звяртайцеся за дапамогай. Тэлефануйце ў міліцыю па нумарах 102, 6-09-37. Ананімнасць гарантуецца, –
падкрэслівае Сяргей Хмарук.

Галіна КАНЬКО.