Падсістэма працуе сістэмна. Пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта было прысвечана разгляду пытання «Аб выніках работы Ляхавіцкай раённай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2022 годзе і задачах на 2023 год»

Першае ў гэтым годзе пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта было прысвечана разгляду пытання «Аб выніках работы Ляхавіцкай раённай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы папярэджвання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый у 2022 годзе і задачах на 2023 год». Дакладчыкам па пытанні выступіў начальнік РАНС Юрый Буйкевіч, які падрабязна разабраў сітуацыю з пажарамі на Ляхавіччыне, спыніўся на прычынах іх узнікнення і рабоце па прафілактыцы надзвычайных сітуацый самага рознага характару. Размова ішла аб ролі, задачах, парадку арганізацыі і месцы ў ДСНС пазаштатных пажарных фарміраванняў, спраўнасці вонкавых крыніц супрацьпажарнага водазабеспячэння, стане размешчаных на тэрыторыі раёна ахоўных збудаванняў грамадзянскай абароны і многім іншым.
Канструктыўны ўдзел у абмеркаванні вынесенага на разгляд пасяджэння пытання прыняў намеснік начальніка Брэсцкага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Любечка.

У агні броду няма
Як прагучала, у мінулым годзе на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана 34 пажары. Абсалютная большасць з іх – тры дзясяткі – мела месца ў жыллёвым сектары. У двух выпадках аб’ектамі пажару станавіўся транспарт грамадзян і ў столькіх жа – машыны арганізацый. Так у мінулым сакавіку пажарны выпадак здарыўся з франтальным пагрузчыкам аднаго з сельгаспрадпрыемстваў, а ў снежні ў выніку ўзгарання быў пашкоджаны бульдозер аднаго з унітарных прадпрыемстваў.
На жаль, не абышлося і без трагедый. Ад небяспечных фактараў пажару ў 2022 годзе ў раёне загінулі чатыры чалавекі, у тым ліку і адно дзіця.
На працягу мінулага года падраздзяленням РАНС давялося 316 разоў выязджаць на сігналы і паведамленні аб рознага роду надзвычайных сітуацыях. Тушылі ўзгаранні пабудоў і ў экалагічных сістэмах, выездамі рэагавалі на спрацоў-
ку аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі, выдалялі гнёзды джалячых насякомых і іншае. У прыкладна паўсотні выпадках выратавальнікі нашага раёна аказвалі дапамогу ў ліквідацыі НС калегам з суседніх рэгіёнаў, акрамя іншага, ажыццяўлялі дзяжурнае суправаджэнне ў месцах правядзення масавых мерапрыемстваў і г. д.
Прычыны ўзнікнення пажараў з году ў год прынцыпова не адрозніваюцца. Асноўнай у 2022 годзе стала неасцярожнае абыходжанне з агнём, у тым ліку падчас курэння, пры спальванні смецця і выпальванні сухой расліннасці. Больш як чацвёртая частка пажараў здарылася ў раёне з-за парушэння правіл эксплуатацыі або недахопаў у канструкцыйным уладкаванні печаў. Няспраўная электрыка, ненарматыўная эксплуатацыя газавага абсталявання і дзіцячае свавольства з агнём таксама фарміравалі вогненную статыстыку раёна ў мінулым годзе.

Прафілактыка – лепшая практыка
Узнікненне любой надзвычайнай сітуацыі правакуюць, як правіла, недагляд, абыякавасць. Прафілактыкі шмат не бывае, але, здаецца, у мінулым годзе напярэдадні і на стартавых тыднях ацяп-
ляльнага сезона яе было дастаткова многа. Размова пра работу суб’ектаў пажарнай прафілактыкі раёна, у прыватнасці, створаных пры сельвыканкамах і ў горадзе аглядных камісій. Як прагучала ў дакладзе, у 2022 годзе камісіі правялі прафілактычную работу ў 8111 дамах і кватэрах. Абследаваны домаўладанні шматдзетных сем’яў, адзінокіх грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, грамадзян, якія вядуць асацыяльны лад жыцця, праведзены інструктаж па правілах ТБ. Па выніках рэйдаў да выпраўлення прапанавана больш за 500 мерапрыемстваў пажарна-прафілактычнага характару. У тым ліку адносна рамонту пячнога абсталявання, прывядзення ў рабочы стан аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў і іншага.

Губіць людзей вада
За мінулы год на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна зарэгістравана два факты ўтаплення чалавека. Адзін з выпадкаў адбыўся ў разгар купальнага сезона ў акваторыі вадасховішча Мінічы. Другая трагедыя здарылася на размешчаным на прыватным падворку вадаёме. У сувязі з гэтым і Ляхавіцкі РАНС, і здаровы сэнс, і ўласная логіка яшчэ і яшчэ раз нагадваюць пра банальнае: купанне ў нецвярозым выглядзе і ў неабсталяваных месцах катэгарычна забаронена. Афіцыйных спецыяльна адведзеных для купання месцаў
на тэрыторыі раёна тры: гарадскі пляж на рацэ Ведзьме, пляж
на Шчары ў аграгарадку Дарава і пляж на вадаёме бліз аздараўленчага лагера «Чайка».
За выключэннем шэрага ўказаных у выніковым рашэнні райвыканкама момантаў Ляхавіцкая раённая падсістэма папярэджвання і ліквідацыі НС працуе сістэмна.

Іван КАВАЛЕНКА.