Працоўны настрой супраць санкцый. У аграрыяў круглы год у клопатах, што ў раслінаводстве, што ў жывёлагадоўлі

У нас, аграрыяў, круглы год у клопатах, што ў раслінаводстве, што ў жывёлагадоўлі. Хапае спраў і на мехдвары, і ў іншых падраздзяленнях. І сёлета не стала выключэннем. Ідзе вясна, і ад таго, як адпрацуем на перадпасяўной і правядзём непасрэдна сяўбу, у многім залежыць будучы ўраджай. Падсілкоўваем зараз глебу. На парадку дня – перазалужэнне, машынна-трактарны парк вытрымаў паверку гатоўнасці да пасяўной кампаніі. Каб і далей раслі надоі і прывагі, загадзя клапоцімся і пра кармавую базу. Плануем стварыць паўтарагадовы запас травяністых кармоў – хапае і плошчаў, і нарыхтоўчай тэхнікі. А там не за гарамі і жніво. Дзяржзаказ выконваем у абавязковым парадку, такім чынам, усё, што залежыць ад гаспадаркі адносна мукі новага ўраджаю – яна абавязкова будзе ў неабходнай колькасці і высокай якасці. Спадзяёмся і на добры салодкі ўраджай. Летась ураджайнасць цукровых буракоў склала 580 цэнтнераў з гектара, магла б быць і вышэй,  калі б надвор’е не падвяло. Так што ў вытворчасці цукру, які выпускае Жабінкаўскі цукровы завод, ёсць і жарабковіцкі ўдзел.
У сувязі з тым, што сёлета збіраемся ўвесці ў эксплуатацыю новую малочнатаварную ферму на 1000 галоў у Падлессі, спадзяёмся амаль на сем працэнтаў павялічыць вытворчасць малака, якое адпраўляем на перапрацоўчыя малочныя прадпрыемствы. Спраўляемся і з даведзенымі паказчыкамі жывёлагадоўчай прадукцыі. Прадоўжым паляпшаць вынікі і ў нашай эксклюзіўнай авечкагадоўлі.
Што залежыць ад нашага сельгаспрадпрыемства ў арганізацыі харчовай бяспекі краіны, мы робім усё магчымае, як і заўсёды. «Жарабковічы» ніколі не падвядуць. Якія б санкцыі ні ўводзіліся супраць Беларусі, аграрыі краіны ў стане самі спраўляцца з колам сваіх абавязкаў. Сеем, убіраем, косім, нарыхтоўваем, доім, вырошчваем – галоўнае, каб былі сілы і працавітыя людзі, а мы, беларусы, такія, гэта ў нас закладзена яшчэ продкамі. Тэхніка беларуская таксама якасная, а калі паломка – сельгасвытворцы самі ў стане наладзіць работу жалезных памочнікаў.
Працуем у звычайным рэжыме, ніякіх паправак на сітуацыю з пастаяннымі санкцыямі адносна нашай краіны мы не ўносім, акрамя таго, што павялічваем адказнасць кожнага на замацаваным за ім участку. Хаця, канешне, сочым за тым, як складваецца сітуацыя ў паўднёвай суседкі Беларусі – Украіне. Не толькі па навінах ці ў інтэрнэце чытаем пра падзеі, што там адбываюцца. У нашай гаспадарцы працавалі грамадзяне Украіны з Данецкай і Луганскай абласцей, якія ўцяклі ад вайны яшчэ ў 2014 годзе. Цяжка зразумець і прыняць, калі такі раскол адбываецца сярод трох славянскіх народаў, якім самой гісторыяй, геаграфічным становішчам наканавана быць добрымі суседзямі, братэрскімі народамі. У многіх беларусаў ва Украіне жывуць родныя, блізкія, сябры. Яшчэ нядаўна мы ездзілі адзін да аднаго ў госці,тэлефанавалі, перапісваліся, і вось зараз усе гэтыя сувязі парушаны, што надзвычай сумна і балюча.
І сапраўды страшна, што ў ХХІ стагоддзі падымае галаву неафашызм, для яго прыхільнікаў няма нічога чалавечага. Ніякі чалавек цвярозага розуму не жадае адраджэння фашызму, бо гэта пераважанне адной нацыі над другой, вяршэнства аднаго народа над іншымі. Падзеі Другой сусветнай не павінны паўтарыцца. Спадзяюся, што хутка і Украіна вернецца да мірнага жыцця, адпаведна, і мы, беларусы, будзем радавацца пазітыўным стваральным змяненням у суседняй краіне.
Антон БУЛАТЫ,  дырэктар  ААТ «Жарабковічы».