Няма прычын для ажыятажу. «ЛВ» вырашыў праманіторыць, ці ёсць нагода скупляць аптэчны тавар у запас

Нестабільная сітуацыя ў свеце, розныя санкцыі адбіваюцца на настроі людзей. Падставамі для хвалявання з’яўляюцца зніжэнне экспартных паставак, пераарыентацыя рынкаў збыту і г. д. Але чалавек паступова прывыкае да ўсяго, і ўразіць яго цяжка. Аднак, тыя цэны, што ўстанавілі, напрыклад, некалькі тыдняў назад сеткавыя магазіны накшталт «Мілы» ці «Вострава чысціні» на разнастайныя мыйныя сродкі, асабістай гігіены і г. д, мякка кажучы, збянтэжылі нават самых устойлівых. У параўнанні з рэзкім скачком на такога кшталту тавары рост цэн на некаторыя прадукты харчавання, напрыклад, алей, цукар, муку ці грэчку, здаецца ўжо і не такім выключным. Канешне, не зусім зразумела пакупніку, чаму, напрыклад, мыйны парашок «Мара» беларускай вытворчасці, які яшчэ ў самым пачатку сёлетняга сакавіка каштаваў крыху больш за восем рублёў за тры кілаграмы, цяпер падаражэў амаль удвая? І гэта пытанне яўна не да вытворцаў, а да прадаўцоў. Тым больш сумніўна, што даны тавар новага прывозу… Аднак, звернемся яшчэ да адной групы тавараў, якія патрэбны літаральна кожнаму жыхару краіны. Тычацца яны самага галоўнага – жыцця і здароўя. Размова пойдзе пра лякарствы і медыцынскія прэпараты, прычым не толькі пра іх кошт, але і пра наяўнасць у аптэках, а таксама пра тое, ці варта рабіць стратэгічны лекавы запас.
У сярэдзіне сакавіка міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч заявіў, што сітуацыя па пастаўках медыкаментаў у нашай краіне стабільная, збояў няма. А павышаны рост продажу на чвэрць патлумачыў тым, што грамадзяне куплялі тавары па старых цэнах – рабілі запас на потым. Акрамя таго, у Беларусь за лекавымі сродкамі прыязджалі пакупнікі з іншых краін.
«ЛВ» вырашыў праманіторыць, як справы з асартыментам у аптэках раёна, ці ёсць нагода скупляць аптэчны тавар у запас.
За растлумачэннем сітуацыі звяртаемся да спецыялістаў.
– На складзе і ў аптэках раёна ёсць неабходны запас лякарстваў у неабходным аб’ёме папаўняецца рэгулярна падчас штотыднёвага прывозу з аптэчных складоў. Ніякага пакуп-ніцкага ажыятажу няма. У аптэчным арсенале зараз у наяўнасці больш за чатыры тысячы найменняў. Канешне ж, асаблівыя ўвага і кантроль на сродкі, што з’яўляюцца жыццёва неабходнымі, у прыватнасці, выкарыстоўваюцца для лячэння сардэчна-сасудзістых, анкалагічных, эндакрынных захвор-ванняў, – расказвае загадчык цэнтральнай раённай аптэкі № 56 РУП «Фармацыя» Таццяна Салодкая і дадае: – Сёння больш за палову лякарстваў – айчыннай вытворчасці. Ведаеце, некаторыя грамадзяне просяць менавіта нашы, айчынныя медпрэпараты, больш давяраюць беларускай фармацыі. Своеасаблівы павышаны попыт (тады ён быў звязаны з каранавіруснай інфекцыяй) на лякарствы мы адчулі ў 2020 годзе, калі расхоплівалі маскі, антысептыкі, а таксама парацэтамол. Справіліся, вопыт работы ў рэжыме павышанага попыту ў нас ёсць.
І на самай справе, на паліцах – багаты выбар, і такая сітуацыя ва ўсіх аптэках «Белфармацыі».
– У нас у сям’і я і мама хварэем на цукровы дыябет, стаім на ўліку ў эндакрынолага. Мама атрымлі-вае бясплатна беларускі прэпарат «Метфармін». Мне больш падышоў яго французскі аналаг «Глюкафаж», яго я купляю за ўласныя сродкі. Вось вырашыла ўзяць на некалькі месяцаў на-перад для ўласнага заспакаення. Цана засталася такой жа, як і была яшчэ напрыканцы мінулага года, – па 16,51 рубля за ўпакоўку, у якой 60 таблетак, – дзеліцца ляхавічанка Наталля.
– Я купіла дзве ўпакоўкі лякарства «Канкор», вытворчасці Германіі. Мне хопіць больш чым на тры месяцы. Чаму купіла ў запас? Год назад былі праблемы з перарэгістрацыяй гэтага прэпарата ў Беларусі, і давялося перайсці на іншае лякарства, якое мне не зусім падыходзіць. Цяпер вось купляю, каб хапіла на некалькі месяцаў наперад, – адзначае ляхавічанка Вера Пятроўна.
Таксама Таццяна Салодкая супакоіла: па-ранейшаму ў аптэках РУП «Фармацыя» дзейнічае пяціпрацэнтная скідка на лякарствы айчыннай вытворчасці і двухпрацэнтная – на прэпараты замежнай вытворчасці для ўладальнікаў спецыяльных картак для медыцынскага абслугоўвання. Разам з тым, яна нагадвае, што ў лекавых сродкаў ёсць свой тэрмін прыгоднасці і пэўныя ўмовы захоўвання. Таму да такіх пакупак трэба адносіцца ўважліва, а не бяздумна набіраць у запас.
Дастатковы выбар розных лекавых сродкаў, прэпаратаў і ў прыватных аптэках.
– Так, прыблізна з сярэдзіны сакавіка ў нас і сапраўды стала больш пакупнікоў, але не скажу, што попыт на медыкаменты істотна павысіўся. У нашай аптэцы шырока прадстаўлены як айчынныя, так і замежныя прэпараты. Нямала прэпаратаў з агульным дзеючым рэчывам, але розных вытворцаў. Напрыклад, для лячэння страўніка – індыйскі «Амез», румынскі «Амепрэз» ці беларускі «Амепразол». Абязбольвальныя прэпараты: балгарскі «Спазмалгон» і беларускі «Спазматон», ёсць індыйская «Но-шпа» і беларускі «Дратаверын». А што тычыцца цэн, то і ўвогуле ніякай пераацэнкі ў нашай аптэцы не было, – падкрэслівае фармацэўт гарадской аптэкі ТАА «Мая аптэка» Святлана Лятко.
Няма праблем з наяўнасцю лекавых прэпаратаў і ў аптэцы № 7 ЗАТ «Прамснабсэрвіс» (знаходзіцца ў будынку аўтастанцыі), запэўнілі ў аптэцы.
Галіна КАНЬКО.

