Моцны генетычны код памяці. Інфармацыйна-прапагандысцкія групы выступаюць ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіччыны

У мінулым годзе Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка  на мітынгу-рэквіеме, прысвечаным 78-й гадавіне  хатынскай трагедыі, адзначыў, што генетычная памяць беларусаў стала сапраўдным нацыянальным імунітэтам, і ў гэтай памяці шмат болю і пакут, у ёй трагічны і гістарычны вопыт

2022-і – Год гістарычнай памяці, і праходзіць ён у нашай краіне пад знакам захавання гістарычнай спадчыны і праўды пра ўсе перыяды жыцця беларускага народа. Значная старонка прысвячаецца генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Менавіта гэта тэма стала адной з асноўных падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія працавалі ў сакавіку ва ўстановах і арганізацыях Ляхавіччыны.

З калектывам работнікаў СШ № 2 сустрэліся старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч і пракурор Ляхавіцкага раёна Сяргей  Дзяжко.
Сяргей Дзяжко нагадаў, што з мэтай захавання сацыяльнай і гістарычнай праўды, ухілення белых плям гісторыі, умацавання канстытуцыйнага строю і нацыянальнай бяспекі ў сакавіку мінулага года Генеральны пракурор Беларусі ўзбудзіў крымінальную справу па факце здзяйснення фашысцкімі злачынцамі і іх саюзнікамі, а таксама карнымі падраздзяленнямі нацыяналістаў у гады Вялікай Айчыннай вайны і пасляваенны перыяд на тэрыторыі БССР і іншых дзяржаў генацыду нашага народа. Генацыд – форма масавага насілля, які Арганізацыя Аб’яднаных Нацый вызначае як дзейнасць з намерам знішчыць поўнасцю ці часткова якую-небудзь нацыя-
нальную, этнічную, расавую ці рэлігійную групу. Менавіта гэта гітлераўцы і іх саюзнікі рабілі з мірнымі беларусамі ў гады вайны – здзекаваліся, забівалі, палілі. Пракурор раёна назваў лічбы: з 1941 па 1944 гады карнікі ў агні знішчылі каля 9200 беларускіх населеных пунктаў, з якіх больш за 40 на тэрыторыі Ляхавіччыны. І гэта далёка не канчатковыя вынікі зверства фашыстаў. Генацыд не мае тэрміну даўнасці. А беспакаранасць параждае новыя злачынствы. Таму, як падкрэсліў Сяргей Дзяжко, узбуджэнне крымінальнай справы па фактах злачынстваў у адносінах да мірнага насельніцтва Беларусі – важны этап у супрацьдзеянні рэабілітацыі нацызму. У краіне падчас расследавання выяўляюцца дзясяткі раней невядомых месцаў пахавання забітых фашыстамі, атрыманы шматлікія паказанні сведкаў, якія істотна дапаўняюць карціну злачынстваў супраць чалавецтва. У якасці прыкладу, пракурор раёна расказаў пра праведзеныя падчас расследавання пошукавыя мерапрыемствы, вынікам якіх сталі знойдзеныя страшныя пацвярджэнні зверстваў фашыстаў у розных рэгіёнах. Толькі за адзін дзень 30 жніўня 1941 года на ўскрайку Лагойска было расстраляна 1200 яўрэяў – дзяцей, старых, мужчын, жанчын. А на тэрыторыі Мінскага раёна каля ўрочышча Уручча знаходзіцца не менш за сем месцаў масавага пахавання часоў акупацыі гітлераўцамі. Колькасць ахвяр, якія тут закапаны, можа дасягаць больш за 38000 чалавек. Нядаўна знойдзены адзін з участкаў, у якім, па архіўных даных, пахавана больш за 8000 чалавек. Разам з мірным насельніцтвам тут знішчалі і ваеннапалонных.
Пракурор раёна спыніўся і на яшчэ адным нядаўна выяўленым на Брэстчыне факце генацыду беларускага народа. У Лунінецкім раёне было знойдзена адно з самых масавых пахаванняў мірных жыхароў, забітых у гады вайны. У жніўні 1941 года ва ўрочышчы Мачула было знішчана і закапана больш за 1300 чалавек. Следства ўстанавіла, што злачынства – справа рук паліцэйскіх 306-га карнага батальёна. Вырашаецца пытанне пра ўвекавечванне памяці ахвяр генацыду. Новыя факты генацыду часоў Вялікай Айчыннай адкрываюцца і ў Ляхавіцкім раёне, і, як сказаў Сяргей Дзяжко, неабходны дапамога, удзел кожнага беларуса ў гэтай справе агульнадзяржаўнай важнасці. Сапраўды, мы абавязаны гэта зрабіць, перш за ўсё, дзеля наступных пакаленняў, якія павінны ведаць цану міру і свабоды.
Сяргей Дзяжко акцэнтаваў увагу на тым, што генацыд беларускага народа – справа, якая патрабуе актыўнага прыцягнення да яе расследавання ў тым ліку і замежных партнёраў. Было накіравана 47 запытаў у 17 краін аб аказанні прававой дапамогі. Аднак, Літва і Латвія адмовілі, бо, па іх меркаванні, выкананне такой просьбы быццам бы нанясе страты суверэнітэту і бяспецы іх дзяржаў. Пракурор раёна таксама падкрэсліў, што законам уведзена крымінальная адказнасць за публічнае адмаўленне генацыду беларускага народа, у тым ліку праз размяшчэнне публікацый у сродках масавай інфармацыі ці ў інтэрнэце.
Дырэктар СШ № 2 Людміла Паўлоўская расказала, што ў бліжэйшыя дні ў школьным музеі баявой і працоўнай славы будзе адкрыта экспазіцыя, прысвечаная тэме генацыду беларускага народа, матэрыялы якой збіралі мясцовыя навучэнцы і настаўнікі. Будуць праведзены шматлікія экскурсіі не толькі для сваіх рабят і педагогаў, але і для іншых землякоў – дзяцей і дарослых.

Разам супраць наркотыкаў
Наступную тэму – «Наркаспажыванне – агульнасусветная пагроза. Прафілактыка наркаманіі» – кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна Юрый Чаранкевіч таксама назваў надзвычай важнай і актуальнай. Па даных за 2021 год, каля 275 мільёнаў жыхароў нашай планеты ўжывалі наркотыкі, а больш за 35 мільёнаў чалавек пакутавалі ад расстройстваў, звязаных з ужываннем наркотыкаў. Калі ў разрэзе нашай краіны, то статыстыка таксама несуцяшальная. Яшчэ страшная акалічнасць: адзін наркаман можа «захапіць» гэтай небяспечнай звычкай ад сямі  да 15 чалавек. Уяўляеце, якія маштабы распаўсюджвання? Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, пацыенты, якія знаходзяцца пад дыспансерным назіраннем, найбольш часта ўжываюць опій, марыхуану і псіхастымулятары. Агульная дэградацыя асобы ў выніку прыёму наркотыкаў наступае ў 10–15 разоў хутчэй, чым ад алкаголю. Юрый Чаранкевіч засяродзіў увагу і на тым, што наркаманія – хвароба маладых, бо менавіта часцей за ўсё ўжываюць наркотыкі людзі ва ўзросце 21–40 гадоў (гэта  79,2 працэнта). Акрамя таго, гэта «гарадская» хвароба: 93,4 працэнта нарказалежных – гараджане. Прычым сярод  мужчын такіх куды больш – 84,8 працэнта. Таксама ён прывёў статыстыку і па Ляхавіцкім раёне: на дыспансерным уліку ў нарколага знаходзяцца пяцёра нарказалежных, двое з іх – таксікаманы, адпаведна, на прафілактычным уліку – трое, адзін – таксікаман.
Старшыня райсавета дэпутатаў падкрэсліў, што асаблівую трывогу выклікае тое, што ўсё часцей да распаўсюджвання наркотыкаў прыцягваюцца непаўналетнія, мае месца гэта і ў нашым раёне.
Юрый Чаранкевіч падкрэсліў, што ў Беларусі асаблівая ўвага
надаецца рабоце па прафілактыцы наркаманіі сярод моладзі, і ў гэтым накірунку без актыўнай падтрымкі з боку педагогаў не абысціся. Людміла Паўлоўская ўдакладніла, што ў СШ № 2  рэалізуюцца разнастайныя праграмы, праводзяцца акцыі, мерапрыемствы, накіраваныя на фарміраванне каштоўнасцей здароўя. На сайце ўстановы адукацыі ёсць спецыялізаваны раздзел «STOP-наркотык», дзе размешчана прафілактычная інфармацыя. Таксама істотную работу педагогі праводзяць з бацькамі навучэнцаў па прафілактыцы гэтай негатыўнай з’явы.
Інфармацыйна-прапагандысцкая група, якую ўзначальвае старшыня райвыканкама Мікалай Мароз, правяла канструктыўную сустрэчу з работнікамі ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі» ў Тухавічах. Таксама ІПГ пабывалі ў Фондзе сацыяльнай абароны, ільнонасенстанцыі, ДЭУ-24.

Галіна КАНЬКО.