Адзіны шлях братэрскіх народаў. У Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі на Ляхавіччыне прайшоў патрыятычны аўтапрабег «Мы разам»

Так лёсам наканавана двум братэрскім народам – ісці па адным шляху, у складанай сітуацыі працягнуць руку дапамогі, разам выстаяць перад любым націскам. Сіла народаў Беларусі і Расіі – у нашым сяброўстве і ў слове «разам», якое, дарэчы, мы пацвярджаем на справе. Разам выстаялі ў Вялікай Айчыннай вайне, гэта наша Перамога. Разам праз усе вяхі гісторыі баранілі родны парог. Разам і сёння дэманструем сусветнай супольнасці, што сілу ў нас, славян, не адняць. Разам супраць санкцыйнага націску. І кожнае наша разам – гэта поспех і нагода для гонару.


У мінулую суботу – у дарагое і важкае для нас дзяржаўнае свята – Дзень яднання народаў Беларусі і Расіі – ляхавічане прынялі ўдзел у патрыятычным аўтапрабегу «Мы разам». Больш за паўсотні аўто, упрыгожаных дзяржаўнай сімволікай Беларусі і Расіі, наведалі мясціны Ляхавіччыны, дзе ў гады Вялікай Айчыннай  вайны грымелі баі, дзе назаўжды ўвекавечана памяць загінулых абаронцаў, герояў-вызваліцеляў.
А сёння, калі на нашы братэрскія краіны знешні націск адчувальны як ніколі, такая падтрымка вельмі патрэбна. І ні дождж, ні снежная завіруха, ніякія іншыя абставіны нашы цёплыя непарыўныя сувязі не здолее разарваць.
Задвор’е, Альхоўцы, Завінне, Мінічы… Фінальнай кропкай аўтапрабегу стаў Курган Славы – знакавае месца ў гісторыі Ляхавіччыны. Даніна памяці, кветкі і хвіліна маўчання – «Мы, памятаем. І любой цаной зберажом мір». Прадстаўнікі мясцовай улады, розных прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны ў гэты дзень былі побач. І віншаванні гучалі, і пажаданні далей моцным саюзам крочыць па жыцці, даказаць усяму свету, што значыць сіла славянскіх народаў, няскоранасць братэрскай душы.

Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.