Дыпламатыя музыкі. Красавік для Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў пачаўся плённа і дыпламатычна

Красавік для Ляхавіцкай дзіцячай школы мастацтваў пачаўся плённа, творча і… дыпламатычна. Першы дзень месяца запрасіў калектывы стаць удзельнікамі адкрытага рэгіянальнага фестывалю мастацтваў «Нашы адлюстраванні», які праходзіў ў Камянцы. 2 красавіка ўжо ў Баранавічах юныя зорачкі дэманстравалі свой талент у XV абласным адкрытым конкурсе «Крынічка». Пляцоўкай для творчасці стаў дзяржаўны музычны каледж.

Фота з архіва ДШМ

Удзел у першым рэгіянальным фестывалі мастацтваў у Камянцы ўзяў народны інструментальны ансамбль «Джаз-арт» (кіраўнік Барыс Шабановіч), у склад якога уваходзяць настаўнікі ДШМ. Музычныя нумары, прадстаўленыя на суд гледачоў і журы, заваражылі сваім прафесійным выкананнем. Сумнявацца ў творчым падыходзе да справы прадстаўнікоў гэтага калектыву не даводзіцца. На мера-
прыемствах раённага маштабу «Джаз-арт» збірае нямала прыхільнікаў чыстага гучання і яркага выканання. У выніку дыплом папоўніў скарбонку калектыву.
Дарэчы, яго ўдзельнікі ўпэўнены, што праз прызму такіх творчых сустрэч, якія дораць фестывалі-конкурсы, можна не толькі адшліфаваць сваё майстэрства, але яшчэ і пазнаёміць са сваёй творчасцю іншых, павучыцца ў калег, увогуле абмяняцца вопытам, ідэямі, думкамі. Творчасць на тое і разлічана, каб захапляць і аб’ядноўваць вакол сябе нераўнадушных і тых, хто глядзіць на свет праз мастацтва.
Навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў свой талент раскрылі на наступны дзень падчас конкурсу «Крынічка». І зноў жа імёны юных і таленавітых хлопчыкаў і дзяўчынак з Ляхавіччыны гучалі ў ліку дыпламантаў.
Гітарыст Ілья Патраўны (настаўнік Жанна  Рыжая) і цымбалістка Вікторыя Гунчанка (настаўнік Наталля Маслоўская, канцэрт-
майстар Таццяна Бравенка) атрымалі заслужаныя дыпломы. З дыпломам лаўрэата ІІІ ступені вярнуўся гітарыст Арсеній Ляшчэня (настаўнік Ілона Мялехіна). Ззяюць нашы падрастаючыя зорачкі Ляхавіччыны і праслаўляюць малую радзіму сваімі творчымі дасягненнямі.
Дарэчы, 27 красавіка дзіцячая школа мастацтваў правядзе чарговы справаздачны канцэрт. І кожны жадаючы можа атрымаць асалоду ад творчасці настаўнікаў і вучняў Ляхавіцкай школы мастацтваў.

Маргарыта Кухта-Маслоўская.